Еўрадэпутат Мігальскі: Два гады, што прайшлі з 19 снежня 2010-га, страчаны для Беларусі і для Еўропы

Два гады, якія прайшлі з моманту разгону мірнай дэманстрацыі ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, "страчаны для Беларусі і для Еўропы", лічыць дэпутат Еўрапарламента, член дэлегацыі па Беларусі Марак Мігальскі. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 19 снежня ў Беларускім доме ў Варшаве.

 



marek_mihalski3.jpg

Марак Мігальскі

Удзел у прэс-канферэнцыі таксама ўзялі былыя палітзняволеныя — каардынатары грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрый Бандарэнка і Аляксандр Атрошчанкаў, жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.


"Мы назіраем беспаспяховыя намаганні Еўрасаюза неяк дапамагчы беларускаму народу, — цытуе Мігальскага charter97.org. — Мы бачым чараду паражэнняў з боку ЕС, які не ў стане выпрацаваць адзіную лінію стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, не ў стане прыйсці да адзінага меркавання. Павінны быць неадкладна вызвалены ўсе палітзняволеныя. Але пачынаецца нейкі незразумелы торг з Лукашэнкам на тэму, каго вызваліць, каго не. Так, некалькі палітзняволеных былі вызвалены, але мы павінны памятаць аб тым, што ў турмах у нечалавечых умовах па-ранейшаму знаходзяцца вязні сумлення".


Аляксандр Атрошчанкаў заклікаў да салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі: "Мы ведаем, як цяжка быць палітзняволеным у Беларусі… Выказаць салідарнасць павінен кожны. На сваім уласным вопыце я магу сказаць, што слова "Трымайся!" ад простага чалавека значыць больш, чым дзясяткі дэкларацый Еўрасаюза. Кожны можа падтрымаць палітзняволенага, напісаць ліст ці паштоўку, аказаць практычную дапамогу яго сям'і. Палітыкі павінны захоўваць прынцыповую пазіцыю і не ісці на здзелкі з сумленнем, на здзелкі з уладай. Правілы салідарнасці простыя, і яны ратуюць жыцці".


Марына Адамовіч адзначыла, што салідарнасць дапамагла вызваліць многіх удзельнікаў тых падзей, але ў зняволенні працягваюць заставацца Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец. "Але акрамя іх, ёсць яшчэ іншыя палітзняволеныя. На сёння імі прызнаюцца 12 чалавек, — нагадала яна. — На жаль, наша ўлада разумее толькі сілу і моцную кансалідаваную пазіцыю. Тое, што санкцыі не былі пашыраны ў кастрычніку гэтага года, аўтаматычна пацягнула за сабой замену рэжыму на турэмны яшчэ для двух палітзняволеных. Усяго з калоній у турмы пераведзены ўжо пяць вязняў сумлення. Учора павінен быў выйсці на волю Дзмітрый Дашкевіч. Ён ужо мог быць дома, але турэмны тэрмін для яго прадоўжылі. Амаль усе два тэрміны ён правёў у адзіночнай камеры, паўгода правёў толькі ў карцары. Толькі міжнародная і чалавечая салідарнасць зможа спыніць гэтыя рэпрэсіі".


Дзмітрый Бандарэнка параўнаў сітуацыю ў Беларусі з часамі ваеннага становішча ў Варшаве: "Сёння легальная палітычная дзейнасць у Беларусі практычна немагчымая. Ідзе дыскусія ў беларускім апазіцыйным асяроддзі, што рабіць далей. І шмат людзей гавораць аб тым, што мы павінны сёння выкарыстоўваць метады, якія выкарыстоўвала польская "Салідарнасць" у 1980-я гады. Спосабы падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі з боку цывілізаваных краін павінны быць падобныя на тыя, што былі ў тыя часы ў Польшчы. Сёння мы назіраем лукашэнізацыю Расіі, Украіны, адраджэнне Расійскай імперыі. Беларуская дыктатура не з'яўляецца праблемай толькі беларускага народа. Гэта сур'ёзная міжнародная праблема. Вы бачыце пасіўную пазіцыю ЕС у дачыненні да Беларусі. Такая ж пасіўная пазіцыя ў дачыненні да Сірыі, дзе ўжо загінулі прыкладна 40 тысяч чалавек. У ЕС павінна быць новая палітыка ў дачыненні да ўсіх суседзяў".


У сваю чаргу Наталля Радзіна адзначыла, што ў ЕС як не было, так і няма ніякай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. "Пра наяўнасць палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі можна будзе гаварыць, калі будуць рэальная падтрымка дэмакратычных сіл і эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры. Пакуль нічога гэтага няма", — адзначыла журналістка.

БелаПАН