«Качка Троцкага»: элементы свабоднай раптоўнасці чужыя для ўлад Беларусі
Бывае, што нават нязначныя гісторыі ці здарэнні адыгрываюць важную ролю ў жыцці значных людзей, якія, здаецца, гэтай самай гісторыяй цалкам кіруюць. У тым асаблівасць «чорных лебедзяў» і «качак Троцкага»: яны, калі і прылятаюць, то адтуль і тады, адкуль і калі зусім ніхто не чакае, піша старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, дыпламат Павел Мацукевіч.
На гэты конт ёсць цікавая выснова Льва Троцкага (у аўтабіяграфіі «Маё жыццё») пра тое, што «можна прадбачыць рэвалюцыю і вайну, але нельга прадбачыць наступствы восеньскага палявання на качку». Думку правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі варта разумець літаральна, хоць яна не паказвае ўсёй злавеснай глыбіні гэтых наступстваў для Троцкага.
Справа была ў кастрычніку 1923 года, і справа была такая: Троцкі адправіўся паляваць на качак, выпадкова прамачыў ногі ў халоднай вадзе, праваліўшыся ў валёнках у балота. У выніку ён грунтоўна прастудзіўся і праляжаў усю рэшту восені і зіму ў ложку. Пакуль адзін правадыр (Ленін) хварэў у Горках, а другі (Троцкі) хварэў у Крамлі, Сталін узурпіраваў уладу.
Але гэта яшчэ не ўсё: аперацыя НКУС па фізічнай ліквідацыі Троцкага ў 1940 годзе насіла кодавую назву «Качка».
Калі капнуць у глыбіню стагоддзяў, то няма ліку шляхетным вяльможам і нават каралям, якія загінулі на паляванні. Злыя языкі кажуць, што Лукашэнка загнаў краіну ў Сярэднявечча (напрыклад, тым, што «часам не да законаў»), але ўсё ж часы іншыя. Ён і не манарх (хоць можа вырашыцца перадаць уладу ў спадчыну), і не шляхціч, і мае іншыя захапленні, а няшчасных выпадкаў з лідарамі краін на хакеі і ў агародзе з кавунамі пакуль не было.
«Будуць», — абяцаў герой «Аперацыі Ы», і няшчасныя выпадкі былі, праўда, на будоўлі.
Рэжым у прынцыпе выглядае моцным і гатовым да ўсякіх выпадковасцей, але ў гісторыі бывала, што нечакана трэскаўся нават маналіт.
У 1953 годзе абсалютна нічога не прадвяшчала смерці «бацькі народаў», але самы блізкі круг (Берыя, Малянкоў, Хрушчоў, Булганін) паклапаціўся пра гэта, верагодна, ратуючы сваё жыццё. Замяшанне ахапіла розумы і сэрцы, так апісваў пісьменнік Васіль Гросман («Усё цячэ») атмасферу тых дзён. Паводле Гросмана, у смерці Сталіна «быў элемент свабоднай раптоўнасці, бясконца чужой прыродзе сталінскай дзяржавы».
Прыродзе рэжыму ў Беларусі цяпер асабліва чужыя элементы свабоднай раптоўнасці і невыносная думка аб іх паўтарэнні.
Дзяржапарат за апошнія тры гады грунтоўна (сама)ачысціўся праз выдаленне са сваіх шэрагаў усіх, хто публічна засумняваўся ў афіцыйных выніках прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, але гэта яшчэ нічога не гарантуе. Зноў жа ў сталінскія часы чысткі насілі безупынны радыкальны характар і прамысловы маштаб і ўсё роўна не збераглі правадыра ад нявыдуманай змовы.
Лукашэнка шмат часу надае тэме найбліжэйшых выбараў, якія намечаны на наступны год, каб спыніць прылёт «качкі» адтуль. І гэта нягледзячы на стэрыльнасць і герметычнасць палітычнага поля Беларусі, адкуль канфіскаваны і паветра, і ўсе тыя, хто яго можа (палітычныя партыі і актывісты, незалежныя СМІ) і не можа скалынаць (эколагі, абаронцы жывёл, змагары са СНІДам і гэтак далей).
Адно з двух: альбо ва ўяўленні ўлад любы ветрык нават з закатанага ў асфальт поля можа раздуць вуголле пратэсту, альбо яны перастрахоўваюцца на ўсялякі пажарны. Другое здаецца больш верагодным.
У тым асаблівасць «чорных лебедзяў» і «качак Троцкага», што яны, калі і прылятаюць, то адтуль і тады, адкуль і калі зусім ніхто не чакае. Суседства Беларусі з глухім плотам, вялікай вайной і яе непрадказальным завадатарам, які для ўлады і генеральны спонсар дабрабыту, і загалоўная літара ў алфавіце пагроз, павялічвае папуляцыю гэтых «птушак» і робіць надвор'е для іх лётным.