«Для мноства беларусаў сталінскі эксперымент Лукашэнкі можа стаць жыццёвай трагедыяй»

Які рэжым выбудоўвае Аляксандр Лукашэнка? Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што сучасная Беларусь недалёкая ад сталінізму. Такія рэжымы ў сучасным свеце нежывучыя, але іх дэградацыя можа расцягнуцца на гады.

Лукашэнка ў вобразе Сталіна. Вокладка ўкраінскага часопіса «NV» у траўні 2021 года.

Лукашэнка ў вобразе Сталіна. Вокладка ўкраінскага часопіса «NV» у траўні 2021 года.

З ліквідацыяй «Справядлівага свету» ў Беларусі нават фармальна не засталося апазіцыйных партый. У цэлым Лукашэнка пасля 2020 года будуе сістэму, якая ўжо цяпер па шэрагу параметраў выглядае больш жорсткай, чым савецкая пасля Іосіфа Сталіна, пішаКласкоўскі.

Ва ўмовах рэпрэсій апошніх трох гадоў партыйная апазіцыя ўнутры краіны і так ужо практычна не варушылася. У гэтым жа годзе ўлады давялі зачыстку палітычнага поля да лагічнага канца. 29 верасня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую партыю левых «Справядлівы свет» — апошнюю з нелаяльных.

Так што падчас «электаральных кампаній» 2024 і 2025 гадоў рэжым разлічвае забяспечыць поўную стэрыльнасць: ніякіх мікробаў палітычнага плюралізму.

Дыктатура мацнее

У той жа дзень, 29 верасня, Лукашэнка сказаў пра намер абвясціць 2024-ты Годам якасці. Свядома ці падсвядома ён выкарыстоўвае савецкую матрыцу: з 1976 па 1980 год у СССР была цэлая «пяцігодка эфектыўнасці і якасці» (прытым што гэтая формула не дапамагла савецкай прадукцыі стаць лепшай).

Наогул кіраўнік Беларусі ніколі не хаваў сімпатыі да савецкіх парадкаў. Ён, уласна, і прыйшоў да ўлады пад лозунгам іх аднаўлення. Тады, у 1994-м, гэтага натхнёнага папуліста падтрымала даволі вялікая колькасць суграмадзян, шакіраваных постсавецкім эканамічным разладам, падзеннем узроўню жыцця (які і ў СССР быў не бліскучым, але ўсё ж памяркоўным).

І даволі доўга першы прэзідэнт меў дастаткова шырокую электаральную падтрымку, таму што забяспечваў эканамічны рост, павышэнне дабрабыту за кошт некалькіх фактараў.

Па-першае, Беларусі ад СССР дасталася адносна нядрэнная індустрыяльна-аграрная база. І нейкі час можна было выціскаць з яе нямала за кошт кароннага для Лукашэнкі «жорсткага попыту» з «чырвоных дырэктараў».

Па-другое, і гэта самае галоўнае, беларускі правадыр здолеў спрытна прыстаканіцца да рэсурсаў Расіі за кошт авантурнай гульні ў «братэрскую інтэграцыю».

Па-трэцяе, да пары да часу Лукашэнка пад уплывам умераных прагрэсістаў згаджаўся на абмежаваныя эканамічныя рэформы (прытым што само гэта слова яго заўсёды раздражняла). У краіне вырас-такі пласт прадпрымальнікаў. Былі створаны камфортныя ўмовы для развіцця ІТ-сектара.

Але пад уражаннем пратэстаў 2020 года, у якіх актыўна ўдзельнічалі і прадпрымальнікі, і айцішнікі, Лукашэнка абраў шлях таталітарызацыі рэжыму. І цяпер ён усё больш выразна набывае рысы сталінскай або цэнтральнаазіяцкай дыктатуры.

Сталіна кіраўнік Беларусі заўсёды абараняў ад «дэманізацыі», роўна як і Уладзіміра Леніна. У 2012-м прагучала: «Мне да іх яшчэ тупаць і тупаць». Што ж, цяпер практычна датупаў, а ў чымсьці і ператупаў. Напрыклад, прыстасаваў рэпрэсіі да асаблівасцей інфармацыйнай эпохі.

Глядзіце таксама

Пры Брэжневе ў курыльнях без асаблівай боязі расказвалі пра яго анекдоты

Цяпер прымус бачыцца верхавіне рэжыму ўніверсальным метадам. Палкамі разагналі пратэсты, насаджэннем страху прымусілі грамадства стаць вонкава пакорлівым. Любіш ты гэтую ўладу ці не любіш — прыкусі язык і рабі, што загадаюць.

На нядаўняй нарадзе Лукашэнка прапанаваў павялічыць з двух да пяці гадоў тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў бюджэтных аддзяленняў ВНУ, з пяці да сямі — для тых, хто навучаўся па мэтавым накіраванні. Таксама намечана ўвесці адпрацоўку для выпускнікоў, якія вучыліся платна. Гэта падобна ўжо на элементы прыгоннага права.

Падобныя парадкі былі пры Сталіне, калі сяляне не маглі пераехаць у горад, таму што ім не выдавалі пашпартоў.

Пры гэтым пасля смерці «правадыра народаў» і выкрыцця культу яго асобы савецкі рэжым прыкметна размягчыўся. Была хрушчоўская палітычная адліга, спроба праводзіць эканамічныя рэформы. Дый самога Мікіту Хрушчова адхілілі ад улады рашэннем Палітбюро ЦК КПСС, што сведчыла аб нейкай унутрыпартыйнай дэмакратыі. Вы можаце сабе ўявіць, каб нейкае Палітбюро цяпер адхіліла Лукашэнку?

Пры лагодным Леанідзе Брэжневе народ не асабліва баяўся расказваць у курыльнях анекдоты пра самаго правадыра — яго пацешную дыкцыю, агаворкі, няпамятлівасць… За слуханне заходніх радыёстанцый («варожых галасоў») не пераследавалі так, як цяпер у Беларусі за чытанне «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.

А ўжо пра гарбачоўскую перабудову і казаць няма чаго: людзі асмялелі, выйшлі на вуліцы, асвіствалі на мітынгах партыйных функцыянераў. Выбары сталі канкурэнтнымі. Гэта ж яшчэ ў Вярхоўны Савет БССР у 1990-м змагла прайсці апазіцыя Беларускага Народнага Фронту, тады ж стаў дэпутатам Станіслаў Шушкевіч. Як, зрэшты, і сам Лукашэнка, які прабіўся ў палітыку менавіта дзякуючы перабудове.

Сам яе факт кажа пра тое, што ў верхнім эшалоне ўлады захоўваліся людзі з рэфарматарскім мысленнем. КПСС (вядома, у рамках агульнай лаяльнасці) не баялася інтэграваць, прызначаць на высокія пасады людзей таленавітых, яркіх, з нестандартным мысленнем.

Лукашэнка ж вядзе самы прымітыўны кадравы антыадбор, зацвярджае на пасады шэрых паслухмяных выканаўцаў. Іншыя з яго атачэння пры савецкай уладзе не падняліся б вышэй за  завадскога прафкама, раздачы цукерак да Новага года.

Так, у постсталінскім СССР саджалі ў турму дысідэнтаў, але такой колькасці палітычных зняволеных, як цяпер у Беларусі, не было. І савецкая прапаганда не выглядала гэтак зухавата, як цяперашняя прапаганда Лукашэнкі.

Глядзіце таксама

Узяць краіну за горла дзеля захавання ўлады

З 1994 года, калі Лукашэнка шмат каму падаўся выратавальнікам, беларускае грамадства моцна змянілася, што і паказалі пратэсты 2020-га. Тэарэтычна гэта быў пункт біфуркацыі: кіраўнік мог пагадзіцца на кампраміс, мякка сысці ў адстаўку, абвясціўшы датэрміновыя выбары без свайго ўдзелу (на што нават глуха намякаў, пакуль быў у шоку). Але, ведаючы натуру гэтага выключна ўладалюбнага і жорсткага чалавека, было лёгка прадбачыць, што той аддасць перавагу пераламаць хрыбет мірнаму паўстанню, узяць краіну за горла жалезнай хваткай.

Так, ён спрабуе прапанаваць і нейкі пернік: паддрукоўваюцца грошы для павышэння заробкаў і іншых выплат, стрымліваюцца цэны (хоць і гэта робіцца пугай, так што не дасць доўгачасовага эфекту). Але па ўзроўні жыцця Беларусь усё мацней адстае ад Польшчы, краін Балтыі, што былі некалі пад пятой савецкай імперыі.

Сапраўдных ідэй развіцця ў рэжыму няма. Прапаведуецца ўбогі сацыяльны кантракт. На сустрэчы з сялянамі 29 верасня Лукашэнка не знайшоў лепшай формулы, чым вось гэтая: «Для таго, каб быў мір, нам трэба ўкалываць, укалываць і ўкалываць». І яго падначаленыя паўтараюць прымітыўныя савецкія лозунгі аб працоўнай самаадданасці ў імя Радзімы.

Пры гэтым і Радзіма трактуецца ўжо ў савецкім, імперскім разуменні. Лукашэнка пасля 2020 года ўсё часцей паўтарае пра «агульную Айчыну ад Берасця да Уладзівастока». 29 верасня гэтую ж формулу ўжыў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты, матывуючы з палітычнага пункту гледжання неабходнасць запуску авіярэйса Мінск-Уладзівасток.

Глядзіце таксама

Чучхэ на пару з Пуціным

Таксама Лукашэнка прыводзіць прыклад Савецкага Саюза, кажучы пра перспектывы імпартазамяшчэння, супрацьстаяння заходнім санкцыям. Маўляў, і цяпер мы на пару з Масквой, з Пуціным зможам выбудаваць нейкую самадастатковую мадэль.

І ў моманце беларуская эканоміка сапраўды нават атрымлівае нейкі выйгрыш па шэрагу пазіцый за кошт радыкальнай пераарыентацыі на Расію. Аднак у выніку залежнасць ад яе становіцца ўсё больш жорсткай, суверэнітэт сціскаецца. Лукашэнка, відаць, спадзяецца, што на ягонае жыццё гэтай шчыгрынавай скуры хопіць.

У любым выпадку няцяжка здагадацца: для беларускага кіраўніка лепш ужо стаць расійскім губернатарам, чым супраць сваёй волі адправіцца ў Гаагу, што абяцаюць палітычныя праціўнікі. З мэтай самазахавання робіцца ўсё, каб унутры краіны сімвалічныя рэшткі апазіцыі зачысціць, а «збеглых», як пагардліва называе правадыр рэжыму палітычных эмігрантаў, маргіналізаваць, адсекчы ад нацыі (пазбавіць пашпартоў і г.д.).

Зрэшты, на сёння перспектыва дастаўкі ў Гаагу больш чым імглістая. Саюз двух аўтакратаў пакуль выглядае досыць трывалым, мае рэсурс, які, магчыма, дазволіць пратрымацца яшчэ доўга. СССР прастаяў сем дзесяцігоддзяў. І Лукашэнка цяпер ужо адкрыта арыентуецца на гэты ўзор, прычым яго вельмі жорсткі варыянт — мадэль сталінскага тыпу.

Аднак цяпер не індустрыяльная эпоха, калі моц краіны вымяралася колькасцю выплаўленай сталі. Прычым нават сталінскі Савецкі Саюз для мадэрнізацыйнага рыўка закупляў цэлыя заводы ў амерыканцаў і іншых «праклятых буржуінаў». Амаль уся ўслаўленая тады прапагандай савецкая тэхніка была копіяй заходніх мадэляў, выпускалася на чужаземным абсталяванні.

Цяпер жа заходні свет, падобна, настроены ціха дадушыць крамлёўскую імперыю адсячэннем ад перадавых тэхналогій. Хоць за кошт шэрага імпарту, кітайскіх тавараў Мінск і Масква пакуль шмат у чым выкручваюцца.

Так што дэградаваць гэтыя два рэжымы могуць яшчэ не год і не два. У гістарычным плане яны прайграюць, як прайграў СССР. Аднак для мноства беларусаў, якія бачаць сваю краіну дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, гэты сталінскі эксперымент Лукашэнкі можа стаць жыццёвай трагедыяй.