Сяргей Навумчык: Калісьці Лукашэнка сказаў — «Мне яшчэ далёка да Сталіна». Ён яго ўжо дагнаў

2 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка зраўняўся з Іосіфам Сталіным па часе знаходжання пры ўладзе. Піша ў сваім блогу на «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык.

dictatorship_tyranny_lukashenko_putin_1.png

Ад 21 студзеня 1924 сьнежня, калі памёр Ленін, і да 5 сакавіка 1953-га, калі пакінуў сьвет Сталін — роўна столькі ж дзён — 10 635 — колькі прайшло з моманту першай інаўгурацыі Лукашэнкі 20 ліпеня 1994-га і па 2 верасьня 2023 году.

Калісьці Лукашэнка сказаў — «Мне яшчэ далёка да Сталіна». Сёньня ён яго дагнаў.

Нумаралёгія, пошук сэнсаў у супадзеньні лічбаў — ня болей, чым імкненьне разгледзець нейкія заканамернасьці там, дзе іх няма. Але часам гэта можа быць нагодай для супастаўленьняў і цалкам аб’ектыўных ды рацыянальных параўнаньняў.

Адзінаццаць гадоў таму, у жніўні 2012-га, Лукашэнка дасягнуў часу знаходжаньня пры ўладзе кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева, і аўтар гэтых радкоў апублікаваў тады на «Свабодзе» тэкст з паралелямі паміж чацьвёртым кіраўніком савецкай дзяржавы і першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Называўся ён «Брэжнеў узяты. Наперадзе — Сталін?». Пытальнік выяўляў сумнеў у тым, што Лукашэнку ўдасца параўнацца ў часе ўладараньня са сваім кумірам. Занадта ўжо вялікім, проста нават гіганцкім, здаваўся гэты тэрмін. Час паказаў, што сумневы былі дарэмнымі.

«Пераможца» нацызму

Варта агаварыцца, што, калі ў параўнаньні Лукашэнкі з Брэжневым аўтар ня тое каб апраўдваў генсека, але знаходзіў пэўныя моманты, якія на тле кіраўніка Беларусі маглі б прадстаўляць яго выйгрышна, — у дачыненьні да Сталіна ён гэта рабіць ня будзе. Па той простай прычыне, што лічыць Сталіна адным з найбольшых злачынцаў, якіх ведала чалавецтва за ўсю гісторыю цывілізацыі. І ніякія «індустрыялізацыі», ніякія «перамогі» ды «аднаўленьні народнай гаспадаркі» нічога ня вартыя ў параўнаньні з мільёнамі расстраляных, з дзясяткамі мільёнаў зламаных чалавечых лёсаў. Ня Сталін паклаў пачатак бальшавіцкаму тэрору — гэта зрабіў Ленін. Але менавіта Сталін надаў яму гіганцкія маштабы.

Сёньня некаторыя, прызнаючы злачынствы Сталіна, спрабуюць паставіць яму ў заслугу перамогу над нацызмам. Апусьцім тое, што не без дапамогі Сталіна нямецкая нацыянал-сацыялістычная партыя прыйшла ў Нямеччыне да ўлады, што адказнасьць за пачатак Другой сусьветнай вайны Сталін нясе нароўні з Гітлерам.

Ёсьць нейкая злая іронія ў тым, што Сталін, які ў якасьці кіраўніка дзяржавы-саюзьніцы ўдзельнічаў у зьнішчэньні нацызму зь яго расавай ідэалёгіяй у тэорыі і Галакостам на практыцы, — у апошнія гады свайго жыцьця распачаў антысэміцкую кампанію («справа лекараў»). Кампанія гэтая, паводле сьведчаньняў мэмуарыстаў і дасьледчыкаў, мусіла скончыцца татальнай дэпартацыяй габрэяў паводле прыкладу калмыкаў ці крымскіх татараў (некаторыя гісторыкі лічаць, што такая дэпартацыя мусіла справакаваць ЗША і Вялікабрытанію на ўступленьне ў вайну з СССР — якую Сталін, у сваю чаргу, ператварыў бы ў трэцюю сусьветную).

Такі вось «пераможца нацызму».

Стаўленьне да нацыянальнай культуры — як пры Сталіне

Пракамэнтую некаторыя цытаты з тэксту адзінаццацігадовай даўніны — сёньня тыя параўнаньні ўспрымаюцца па-іншаму.

«Лукашэнка эксплюатуе надзвычай выгодныя геапалітычныя транзытныя магчымасьці Беларусі (хаця калі пра іх гаварылі дэпутаты Апазыцыі БНФ у пачатку 90-ых, ён хіхікаў) — у наяўнасьці гэтых магчымасьцяў не ягоная заслуга, — пісалася ў 2012-м. — І хаця чым далей, тым больш зерня быў вымушаны закупляць СССР на Захадзе на „нафтадаляры“, Леанід Ільіч не прадаваў іншаземцам Урэнгой ці Саматлор — пры Лукашэнку „Белтрансгаз“ ужо аддадзены.

Брэжневу не было на каго разьлічваць у супрацьстаяньні з Захадам (саюзьнікі па Варшаўскай дамове — так, для бутафорыі). Лукашэнка ведае, што яго заўсёды падтрымае Масква, бо Крэмль зацікаўлены ў Беларусі. Ён зацікаўлены ў ёй, калі б нават на тэрыторыі краіны не было ніводнага заводу, калі б нават не пралягала труба. Калі б і людзей на гэтай тэрыторыі не было. Бо тэрыторыя Беларусі — гэта для Расеі ключавы вайскова-стратэгічны пляцдарм».

Вось гэтае апошняе сьцьвярджэньне ў 2012 годзе было ўспрынята шмат кім як празьмернае перабольшваньне. Сёньня, падаецца, няма неабходнасьці яго аргумэнтаваць: у лютым 2022-га Беларусь выканала ролю палігону для пуцінскай агрэсіі.

І яшчэ адна цытата з 2012-га.

«У наяўнасьці палітычных вязьняў Лукашэнка можа сьмела паспрачацца з Брэжневым. Ва ўсялякім разе, паводле колькасьці арыштаў (за адны толькі суткі ў сьнежні 2010—га — каля 700 чалавек) ён калі не пераўзышоў, дык зраўняўся. Брэжнеў, праўда, мог „пахваліцца“, што адзін „ягоны“ дысыдэнт (Сахараў) атрымаў Нобэлеўскую прэмію — але і тут у Лукашэнкі ёсьць неблагія шанцы зраўняцца з Леанідам Ільічом».

Шанец быў скарыстаны — Лукашэнка мае «свайго» ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру. І ня ў ссылцы дзе-небудзь у Пінску (Сахараў быў у Горкім, цяпер Ніжні Ноўгарад), а — у калёніі, за кратамі. Больш за тое. Як і ў Сталіна Бунін ці ў Брэжнева Салжаніцын, у Лукашэнкі таксама ёсьць «свой» нобэлеўскі літаратурны ляўрэат у эміграцыі — Сьвятлана Алексіевіч. Тут, як бачым, парытэт.

Затое па колькасьці палітычных вязьняў толькі за апошнія тры гады Лукашэнка ў разы апярэдзіў Брэжнева, у якога аднамомантна больш як 500 дысыдэнтаў за кратамі не было. У Лукашэнкі толькі афіцыйна прызнаных на гэты момант вязьняў сумленьня больш як паўтары тысячы. Праўда, да Сталіна зь ягоным ГУЛАГам пакуль далёка.

Ідэалізаваць адносіны Сталіна да беларускай культуры не выпадае — дастаткова прыгадаць адну толькі Ноч расстраляных паэтаў, калі былі забітыя больш як сто творцаў. І сёньняшняе стаўленьне ўлады да нацыянальнай культуры значна больш нагадвае сталінскія часы, чым гады застою. Значная частка беларускіх творцаў — літаратараў, мастакоў, актораў знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, шмат якія кнігі абвешчаныя экстрэмісцкімі.

Праўда, трэба прызнаць: пры Сталіне вершы Багушэвіча экстрэмісцкімі не называлі, а Каліноўскі афіцыйна лічыўся нацыянальным героем. І калі б 2-гі сакратар ЦК КПБ, кабінэт якога ў доме па Карла Маркса займае кіраўнік адміністрацыі з дыплёмам гісторыка і з пагонамі генэрала КДБ Ігар Сергяенка, паставіў пад сумнеў асобу Каліноўскага, — пры самым лепшым для сябе варыянце, паехаў бы выкладаць гісторыю ў вясковай школе дзе-небудзь у Карагандзінскай вобласьці, альбо валіць лес на Калыме.

Напужаць не ўдаецца

Але галоўнае, у чым Лукашэнка і Сталін падобныя — выкарыстаньне рэпрэсій і насаджэньне ў грамадзтве страху.

Улада Лукашэнкі абапіралася на прымат сілавога падаўленьня палітычных апанэнтаў на працягу ўсіх 29 гадоў. Але апошнія тры гады рэпрэсіі набылі нечуваны для найноўшай беларускай гісторыі маштаб і зрабіліся рэпрэсіямі супраць грамадзтва, а ня толькі супраць партыйных актывістаў.

А вось наконт страху, які выклікае рэжым па-за межамі дзяржаў — існуе розьніца. Сталін памёр, калі СССР, сапраўды, выклікаў у сьвеце страх — яшчэ сьвежай была ў памяці бязьлітаснасьць, зь якой савецкія маршалы клалі мільёны жыцьцяў на палях бітваў, і не было сумневаў, што ў крамлёўскага гаспадара не задрыжыць рука, каб націснуць ядзерную кнопку.

Лукашэнка ж успрымаецца міжнароднай супольнасьцю ў самым незайздросным вобразе, які толькі можа сабе ўявіць пэрсона на мяжы трэцяга дзясятку свайго панаваньня. Наяўнасьць ядзернай зброі, якая, па лёгіцы, мусіць выклікаць страх — насамрэч выклікае зьдзек. Спробы напужаць суседзяў атамным ударам суправаджаюцца камэнтарамі, што рэальныя магчымасьці Лукашэнкі роўныя ці нават меншыя, чым у якога-небудзь маёра, чыім функцыянальным абавязкам зьяўляецца націсканьне той самай кнопкі.

Заняпалая эканоміка, сацыяльны крызіс, дэмаграфічная катастрофа, зьнішчэньне нацыянальнай культуры — далёка ня поўны пералік таго, што называюць аглядальнікі, калі кажуць пра вынік амаль трох дзесяцігодзьдзяў знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе.

Што можна дадаць да гэтага? Толькі адно: у статусе сувэрэннай краіны Беларусь ніколі яшчэ не была нагэтулькі блізкай да страты незалежнасьці, як на трыццатым годзе праўленьня чалавека, які, паклаўшы руку на Канстытуцыю з «Пагоняй» на вокладцы і стоячы пад бел-чырвона-белым сьцягам, прысягаў яе абараняць.