Кіраўніцтва ТБМ ідзе на выбары дзеля падтрымкі беларушчыны

Кіраўніцтва рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» ідзе на парламенцкія выбары дзеля падтрымкі беларушчыны.

tbm_vybary_logo.jpg


Пра гэта ў інтэрв’ю НЧ заявілі старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік кіраўніка грамадскага аб’яднання Алена Анісім і намеснік старшыні таварыства, кіраўнік  Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч.
Прапануем чытачам НЧ пазнаёміцца з пазіцыяй гэтых грамадскіх дзеячоў у парламенцкай выбарчай кампаніі. Гаворка ідзе пра матывацыю вылучэння, ацэнку настрояў грамадства і перспектываў перамогі на выбарах.

Матывацыя


Алег Трусаў: «Кіраўніцтва грамадскага аб’яднання вырашыла прыняць актыўны ўдзел у сёлетняй выбарчай кампаніі дзеля папулярызацыі беларушчыны. З гэтай мэты мы неаднаразова сустракаліся з лідэрамі палітычных партый дэмакратычнай апазіцыі, каб у свае палітычныя праграмы яны ўключылі праблемы беларушчыны.
Адпаведна кіраўніцтва ТБМ вырашыла само пачаць гэтую кампанію шляхам збору подпісаў, бо было б дзіўна, калі б мы заклікалі партыі, а самі не ўдзельнічалі ў выбарах. Фактычна ў гэтай справе прымае актыўны ўдзел усё кіраўніцтва таварыства, у тым ліку і намеснік старшыні Дзяніс Тушынскі, які дапамагае мне ладзіць пікеты. Апроч кіраўніцтва, ад грамадскага аб’яднання шляхам збору подпісаў вылучаецца Таццяна Малашчанка з Баранавічаў (Берасцейская вобласць). Астатнія актывісты ТБМ — каля 40 чалавек — вырашылі пайсці больш лёгкім шляхам — вылучацца ад палітычных партый дэмакратычнай апазіцыі.
Паколькі ўдзел актывістаў ТБМ у кампаніі матываваны клопатам пра папулярызацыю беларускага слова, адпаведныя і нашыя патрабаванні. Каб будучы парламент працаваў па-беларуску, каб законы прымаліся на мове тытульнай нацыі, каб стварыўся Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, каб адкрываліся беларускамоўныя школы і гімназіі, каб заробак дэпутата адпавядаў сярэдняму па краіне, як і пенсія парламентарыя, каб, урэшце, быў прыняты закон аб дзяржаўнай падтрымцы роднай мовы.»    

Настрой грамадства


Алег Трусаў: «Калі зрабіць параўнанне з настроямі грамадства дзесяцігадовай даўніны, дык можна заўважыць галоўнае: людзі вельмі не любяць уладу, у тыл ліку дзейную  і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Са мною канкурыруе былая дэпутатка, якая раней працавала медыкам. Паколькі яе зноў вылучылі, народ вельмі абураецца: «Што яна зрабіла? Яна з намі не сустракалася. Зноў жадае ў парламент, бо там вялікі заробак». І што зрабілі ўлады? Як толькі з’яўляецца мой пікет, тут жа насупраць з’яўляецца іхны. А для мяне гэта вельмі добра, бо людзі спачатку ідуць лаяць вылучэнку ўладаў, каб потым прынцыпова запісацца за мяне.
Раней было па-іншаму. Дзесяць год таму масава прыходзілі прыхільнікі дзеючай улады і нападалі на мову і на бел-чырвона-белы сцяг. А зараз да мяне прыйшоў адзін такі дзед, дык яго мясцовыя мужчыны ледзьве не забілі. Разам з тым, і гэта вельмі сумна, людзі ні ў што не вераць, у тым ліку ў справядлівыя выбары, і нічога не патрабуюць: «З павагі да вас мы подпіс паставім, аднак вас туды не пусцяць». А многія менчукі кажуць, што ні на якія выбары яны не хадзілі і зараз не пойдуць. Шмат хто настолькі запужаны мажлівым звальненнем за подпісы на карысць незалежнага вылучэнца, што баяцца гэта рабіць. Нават некалькім выкладчыкам з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў, дзе я выкладаю, у рэктараце забаранілі ўвайсці ў маю ініцыятыўную групу.  
Цікава і тое, што людзі зарэгістраваныя ў адным раёне горада, а жывуць у іншым. І калі прыходзяць ставіць свой подпіс за мяне, дык абавязкова пытаю, ці зарэгістраваны гэтыя грамадзяне ў Кастрычніцкім раёне сталіцы.
А паколькі народ не разумее розніцы паміж прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі, за мяне прыязджаюць падпісвацца нават з іншых гарадоў Беларусі. Вось так – людзі мала што ведаюць пра выбары і ніхто ім асабліва пра гэта і не тлумачыць.
Аляксандр Давідовіч: «Па Грушаўскай выбарчай акрузе №99 у Маскоўскім раёне апроч мяне вылучаецца мясцовая доктарка. За яе вельмі добра грамадзяне ставяць подпісы, а за мяне не хочуць, кажуць, што малады яшчэ. Разам з тым, прасілі пачакаць, даць час падумаць і праз электронную пошту абяцалі даслаць сваё меркаванне.
Але галоўная праблема — сабраць подпісы выбаршчыкаў падчас летніх адпачынкаў, калі нават у будзённыя дні людзі адсутнічаюць у горадзе — хто на лецішчы, хто за межамі краіны. І гэта бачна, калі ідзеш па кватэрах — мала хто знаходзіцца дома.» 
Алена Анісім: «Але людзі пазітыўна рэагуюць на беларускую мову,  некаторыя прынцыпова падпісваюцца за вылучэнцаў ТБМ, таму што мы размаўляем па-беларуску.
Я маю досвед збору подпісаў у сёлетняй кампаніі і за Аляксандра Давідовіча, і для мяне было прыемным адкрыццём, калі жыхары майго дому ў Маскоўскім раёне сталіцы прыязна аднесліся да вылучэння гэтага маладога беларускамоўнага чалавека. Мае суседзі вельмі сур’ёзна і адказна ставяцца да чалавека, які ад іх жадае балатавацца ў парламент краіны. Прычым цікавяцца не толькі дасягненнямі канкрэтнай асобы, але і выказваюць адпаведныя пажаданні.
Пазітыўна адрэагавалі на мой намер паўдзельнічаць у выбарах знаёмыя, аднакласнікі і актывісты ТБМ з Стаўпеччыны, дзе я нарадзілася. На іх меркаванне, у парламент павінны ісці разумныя людзі. Прычым усе землякі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, хто мае час, аказваюць непасрэдную дапамогу ў справе збору подпісаў, таму што людзей шмат што не задавальняе.  
Так, многіх не задавальняе тое, што як толькі сярод дзяржаўных службоўцаў з’яўляецца чалавек, які не для сябе ўладу захапіў, а нешта робіць для людзей, ён хутка пазбаўляецца пасады. Відавочна, што менавіта такіх людзей чамусьці стараюцца прыбраць з уладных уплывовых структур. І паколькі гэтая тэндэнцыя відавочная, пра яе людзі часцяком кажуць у правінцыі.  
Трэба мець на ўвазе і тое, што на Стаўпеччыне — радзіме народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, людзі вельмі прыхільна ставяцца да роднай мовы і нашага патрабавання пра працу парламента выключна па-беларуску, а таксама выказваюць незадавальненне закрыццём беларускамоўных школ і адсутнасцю ВНУ з беларускай мовай навучання. Увогуле, мае землякі адчуваюць няправільнасць дзяржаўнай палітыкі да мовы карэннай нацыі Беларусі.
У правінцыі заўважная і такая тэндэнцыя, калі прадстаўнікі ініцыятыўных групаў па збору подпісаў за праўладных вылучэнцаў папярэджваюць грамадзянаў, каб яны больш ні за каго не ставілі подпісы. І гэта адкрыта робіцца насуперак заканадаўству, якое дазваляе кожнаму выбаршчыку падпісацца за вылучэнне ўсіх грамадзянаў па сваёй выбарчай акрузе. Аднак гэтую няшчырасць уладаў вельмі цяжка схаваць ад людзей, тым больш у рэгіёнах.»

Перспектывы  


Алег Трусаў: «Збор подпісаў даказвае, што іх немагчыма сабраць. Таму што ідзе час летніх адпачынкаў і людзі зарэгістраваныя ў адным месцы, а жывуць у іншым. У некаторыя інтэрнаты маіх людзей увогуле не пускаюць, а дзе пусцілі — добры вынік: 50 подпісаў за вечар працы аднаго чалавека. Вось чаму я прашу сябраў сваёй ініцыятыўнай групы, каб яны проста хадзілі па кватэрах, інтэрнатах і знаёмілі грамадзянаў з асобай і праграмай прэтэндэнта. І асноўныя свае намаганні я вылучаю на пікеты, хоць пад час кожнага збіраю не больш за дзесяць подпісаў. Але паколькі я вылучаюся яшчэ і па спісу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), дык мае шанцы стаць кандыдатам у дэпутаты больш высокія, чым у Алены Анісім, якая вылучаецца толькі шляхам збору подпісаў грамадзянаў.  
Паколькі сітуацыя ў краіне кардынальна змянілася, ёсць спадзяванне, што ў нашых выбарчых акругах могуць справядліва палічыць галасы выбаршчыкаў. Тым больш, што ўпершыню сярод наменклатуры з’явіліся тыя, хто хоча, каб у парламенце была хоць невялікая апазіцыя. Бо калі Рэспубліка Беларусь страціць сваю незалежнасць, чынавенства пазбавіцца ўплывовых ўладных пасадаў. Так што трэба спрабаваць перамагчы, бо пад ляжачы камень вада не цячэ. Тым больш, што сённяшні непрадказальны свет вельмі хутка змяняецца.»
Алена Анісім: «Калі мы не прэтэндуем на тое, каб стаць дэпутатамі парламенту, значыць нас няма. А калі мы ідзем на выбары і за намі ідуць людзі, якія збіраюць па тысячы подпісаў за кожнага вылучэнца ТБМ па кожнай акрузе, значыць мы — сіла, значыць нам можна верыць і за намі можна ісці.»
Кіраўніцтва ТБМ запрашае жыхароў Чкалаўскай выбарчай акругі №96 з Кастрычніцкага раёну сталіцы на пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты ніжняй палаты парламенту 21 ліпеня з 17.00 да 19.00 каля ўніверсаму «Магілёўскі» (вул.Магілёўская, 12); жыхароў Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70 з Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў за вылучэнне Алены Анісім кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 24 ліпеня з 11.00 да 12.00 у Стоўбцах ля крамы «Еўраопт» , з 13.00 да 14.00 у Гарадзеі ля крамы «Еўраопт» і з 15.00 да 17.00 у Нясвіжы ля помніка Сымону Буднаму.
Апроч  таго, подпісы за кіраўнікоў ТБМ пры наяўнасці пашпарту можна паставіць з 17.00 да 19.30 кожную сераду і чацвер ліпеня ў сядзібе грамадскага аб’яднання па вул Румянцава, 13.