Міліцыя замінала перадвыбарчаму пікету каля Белтэлерадыёкампаніі

Міліцыянты перашкаджалі збіраць подпісы за вылучэнне ў дэпутаты Юрася Губарэвіча на пікеце ля Белтэлерадыёкампаніі.

Фота Pyx.by

Фота Pyx.by

 

«Мы стаялі ля будынку Белтэлерадыёкампаніі з 11 гадзінаў, на адлегласці ў 50 м не проста ад будынку Белтэлерадыёкампаніі, а ад яе тэрыторыі», — распавёў адзін з удзельнікаў пікету Зміцер Траццяк.

 

Па ягоных словах, так яны прастаялі прыкладна палову дня. «Недзе ў 15.00 падышоў першы малады міліцыянт з аховы БТ, патлумачыў, што мы парушаем заканадаўства „Аб масавых мерапрыемствах“. І дадаў, што калі не адыдзем, яго пакараюць», — адзначыў сябра Руху «За Свабоду» Траццяк.

  У выніку пікетчыкі адышлі яшчэ на 70-80 м, паставілі пікет недзе ў 200 метрах ад БТ. «Пазней падышоў іншы міліцыянт, старэйшы лейтэнант, сказаў пра закон „Аб масавых мерапрыемствах“ і запатрабаваў яшчэ адсунуцца. У выніку мы стаялі ў 220–250 метрах», — патлумачыў Траццяк.

 

Але пасля прыезду Юрася Губарэвіча пікет вярнуўся на першапачатковае месца, нягледзячы на пратэсты міліцыянтаў. Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» патлумачыў ім, што перадвыбарчы пікет не падпадае пад заканадаўства пра масавыя мерапрыемствах.

 

Ля Белтэлерадыёкампаніі сябры ініцыятыўнай групы Губарэвіча збіралі подпісы да 18 гадзінаў, больш ім ніхто не перашкаджаў, хаця міліцыянты працягвалі назіранне.

 

Заўтра, 20 ліпеня, у 13.00 ля "Белтэлерадыёкампаніі" адбудзецца сумесны пікет правацэнтрыстаў. У ім прымуць удзел Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Вольга Быкоўская, Pyx.by