Міліцыянт заўсёды мае рацыю?

Хутка ў Слуцкім судзе будзе разглядацца крымінальная справа аб злосным непадпарадкаванні двух падвыпіўшых случчан законным патрабаванням супрацоўнікаў Слуцкага РАУС.

arest_1_640x360.jpg


Вечарам 19 сакавіка 2016 года ў выходны дзень двум маладым мужчынам ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў (прозвішчы і імёны да пачатку судовага працэсу не будзем называць) уздумалася адпачыць у прыдарожнай кавярні, якая месціцца каля шашы Мінск–Слуцк непадалёку ад мікрараёна, дзе яны пражывалі.

img_6363_logo.jpg

Тая самая злашчасная кавярня  
Пагуляўшы культурна ў кавярні амаль да яе закрыцця, мужчыны дружна рушылі дамоў. Магчыма, гэтак празаічна і скончыўся б іх паход, калі б не сустрэча з трыма пільнымі  супрацоўнікамі патрульна-паставой службы Слуцкага РАУС, якія рухаліся на службовым аўтамабілі ў бок той кавярні.
У выніку гэтай фатальнай сустрэчы двое мужчын былі дастаўлены ў выцвярэзнік, заплацілі штраф і зараз сядзяць у следчым ізалятары ў чаканні суда па абвінавачванню ў супраціўленні законным патрабаванням супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў — па артыкуле 363, ч.1, ч.2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. А яшчэ ў аднаго з іх назаўтра, адразу пасля выцвярэзніка, у медынскай картцы з’явіўся запіс аб паламаных рэбрах.

img_6367_logo.jpg


Справа ў тым, што ў нашай краіне дзейнічае цікавы артыкул 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, які дазваляе людзям распіваць алкаголь у месцах, прызначаных для гэтага (кафэ і рэстаранах), але забараняе з’яўляцца ў нецвярозым выглядзе, які зневажае годнасць і мараль грамадзян у грамадскіх месцах.
Выйшаўшы з кавярні, дзе дазвалялася выпіваць алкаголь, хлопцы пайшлі па грамадскаму месцу (дарозе) дамоў.

Тая самая дарога дадому, дзе хлопцам не пашчасціла сустрэць міліцыянтаў

Тая самая дарога дадому, дзе хлопцам не пашчасціла сустрэць міліцыянтаў

Маці хлопцаў кажа, што ў працэсе затрымання і дастаўкі ў выцвярэзнік адзін з іх быў жорстка збіты:
— Аднаму майму сыну супрацоўнікі міліцыі зламалі 2 рабрыны, ёсць рэнтгенаграфічны здымак і адпаведная медыцынская даведка. Іх жа абвінавачваюць у супраціўленні і збіцці міліцыянта, які нават не звяртаўся за медычнай дапамогай, а працягваў у той дзень працаваць, як нічога і не было.
Маці лічыць, што на хлопцаў адмыслова «шыецца» крымінальная справа, і яны ні ў чым не вінаватыя.
— Яны ж сказалі міліцыянтам, што ідуць дадому з кавярні і паказалі на агеньчыкі свайго дома, — усхвалявана  распавядае жанчына. — А іх схапілі, збілі і сілай уцягнулі ў машыну. Каму гэта будзе падабацца? Дарэчы, калі б яны былі такімі небяспечнымі для грамадства, чаму іх назаўтра выпусцілі з выцвярэзніка?
Маці лічыць, што адпраўным пунктам для завядзення крымінальнай справы была скарга яе сыноў на збіццё ў пракуратуру.
— Праз некаторы час міліцыянты прапанавалі маладым людзям заключыць «міравую», і тыя паверылі — забралі сваю заяву і напісалі, што не маюць прэтэнзіяў да міліцыі, — працягвае маці абвінавачаных. — Дык ці  чэсныя і справядлівыя міліцыянты? Амаль два месяцы сыны былі на свабодзе, а ў сярэдзіне чэрвеня іх адправілі ў ізалятар да заканчэння следства і суда, як усё роўна злосных злачынцаў. Як быццам яны забілі каго. Няўжо нельга было пакінуць на свабодзе да суда?
Па словах адваката, следства па справе ўжо скончана і перададзена ў суд Слуцкага раёна. Менавіта ў судзе  можна будзе дакладна пазнаёміцца з аргументамі абодвух бакоў і выявіць праўду.
Але шмат што ў гэтай крымінальнай справе насцярожвае. Супрацоўнікам праваахоўных службаў фактычна дадзена права самім трактаваць неадназначную фармулёўку закона і прымяняць яго. Па-першае, само паняцце «оскорбление достоинства и нравственности» можна па-рознаму разглядаць, да таго ж, як вядома, закон аб органах унутраных спраў дазваляе прымяняць сілу і тэхнічныя сродкі не толькі пры затрыманні правапарушальнікаў.

Згодна выпіскі з артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь ад 07.07.2007г. №263-3 «сотрудник ОВД имеет право на применение специальных средств в случае: ч.4 Пресечения неповиновения или сопротивления законным требованиям сотрудника органов внутренних дел либо иных лиц, исполняющих служебные обязанности или гражданский долг по обеспечению общественного порядка, предупреждению и пресечению административных правонарушений; ч.5 Задержания и доставления в органы внутренних  дел подозреваемых (обвиняемых) в совершении преступлений,  если они оказывают неповиновение или сопротивление…».

Менавіта на гэты закон звычайна спасылаюцца міліцыянты, калі жорстка затрымліваюць людзей.
А як да гэтага закону ставяцца звычайныя людзі? Некаторыя з апытаных случчан нават не ведалі пра яго, а даведаўшыся, занепакоіліся, а ці не могуць такія нормы закона прыменены і да іх?
— Так можна завесці крымінальную справу на любога чалавека, калі ён не спадабаецца міліцыянту, бо ён сам і ёсць закон з яго пункта гледжання. Можна справакаваць мінака, схапіць, збіць яго, а пасля «знайсці сведкаў», — і справа будзе «сшыта». А дзе правы чалавека? Канстытуцыйнае права чалавека на годнасць, здароўе, на тое, што ніхто не можа быць збітым беспакарана? — гаворыць адзін з случчакоў, які пажадаў па зразумелых прычынах застацца невядомым. — Я лічу, што выпіўшы чалавек — таксама чалавек. Навошта яго рабіць адразу парушальнікам? Я чытаў, што нямецкія паліцэйскія могуць падабраць і дамоў давезці, а амерыканскі павінен быў нават выплаціць кампенсацыю маральных страт бамжу за тое, што завёз яго ў прыстойнае месца пераначаваць і тым самым парушыў яго права ляжаць пад мастом.
У краіне, дзе  штрафы з медыцынскіх ізалятараў з’яўляюцца важкай крыніцай папаўнення бюджэту, правапарушальнікамі можна зрабіць удзельнікаў усіх беларускіх вяселляў, радзін і пахаванняў. А аматарам пасядзець у кавярнях і рэстаранах застаецца толькі параіць не ісці дамоў пешшу, а ехаць на таксоўках альбо набываць казачныя лятальныя апараты, каб выпадкова не стаць крымінальнікамі з зламанымі лёсамі. Як імі ў адзін момант могуць стаць звычайныя слуцкія мужчыны: з адукацыяй, з добрай прафесіяй і добрай папярэдняй рэпутацыяй.
Але будзем усё-такі  спадзявацца на гуманнасць і справядлівасць нашага правасуддзя, якое разбярэцца ў гэтай справе і паставіць неабходную кропку.