У Мар'інай Горцы невядомы напаў на пікет кандыдата ад Партыі БНФ

Мужчына паводзіў сябе задзірліва, абражаў пікетоўцаў і пагражаў ім фізічнай расправай.

napad_2.jpg

20 ліпеня ў Мар'інай Горцы, што ў Мінскай вобласці, невядомы напаў на пікет, які ладзілі актывісты Партыі БНФ каля крамы «Чыгуначнік». У пікеце бралі ўдзел актывісты БСДП (Грамада) Святлана Кургановіч, Мікалай Усціменка і актывістка БНФ Наталля Ільініч.

Па Пухавіцкай выбарчай акрузе №65 шляхам збору подпісаў вылучаецца ў дэпутаты Наталля Ільініч.

Спачатку правакатар падышоў да пікетоўцаў і выказаў некалькі крыўдных словаў адносна бел-чырвона-белага сцяга, заявіў, што актывісты БНФ не маюць права стаяць з ім у пікеце. Затым ён пачаў казаць, што пікетоўшчыкі хочуць Майдану, а ён гэтага не хоча і таму зараз паб’е іх.

Мужчына адышоў ад пікетоўцаў на адлегласць і пачаў размаўляць па тэлефоне, затым з новым імпэтам накінуўся з крыкамі і абразамі на пікетоўцаў. Просьбы спыніць правакацыі не дапамаглі і актывісты БНФ былі вымушаны выклікаць міліцыю. Да месца інцыдэнту міліцыянеры прыехалі праз 10 хвілін.

Наталля Ільініч кажа, што нападнік быў цвярозым і быў падобны на звычайнага правакатара. Пікетоўцам атрымалася зрабіць фота нападніка і правакатара.

Варта адзначыць, што ў ініцыятыўную групу Наталлі Ільініч уваходзіць нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Кампанія назірання «Права выбару-2016» фіксуе падобныя інцыдэнты і па выніках кожнага з этапаў выбарчай кампаніі рыхтуе разгорнутыя справаздачы.

У кампанію назірання за выбарамі «Права выбару-2016» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзян праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыя парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Прэс-рэліз кампаніі назірання «Права выбару-2016»