Бабруйск: у зборшчыкаў подпісаў кідаюць каўбасой і бутэлькамі
Сябры ініцятыўных груп Алега Жалнова (АГП) і Андруся Архіпенкі (Гавары праўду) расказалі пра выпадкі агрэсіі з боку выбаршчыкаў. Аднак першы з іх выглядае нават камічна, а ў другім зборшчыкі подпісаў цудам збераглі здароўе.
![Бабруйск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алега Жалнова Бабруйск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алега Жалнова](/img/v1/userfiles/images/zalnou_babrujsk_zbor_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Бабруйск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алега Жалнова
Алег Жалноў вылучаецца па Першамайскай выбарчай акрузе, і 18 ліпеня стаяў у пікеце каля крамы Вішнёўскай птушкафабрыкі на Мінскай.
— Пераважна людзі станоўча рэагуюць, ім цікава паглядзець, што адбываецца, — кажа Алег Жалноў. — Нават з тралейбуса бывае выходзяць спецыяльна, каб падыйсці паразмаўляць, падпісацца. Але некаму з мясцовых жыхароў мы настолькі не спадабаліся, што ён вырашыў шчодра адпомсціць і кінуў на мяне з вакна ладны кавалак каўбасы. Я нават здзівіўся, здаецца, у краіне крызіс, а тут людзі каўбасой кідаюцца!
Другі выпадак адбыўся ў Кісялевічах, гэта Сельская выбарчая акруга, дзе працуе ініцыятыўная група Андруся Архіпенкі. На маці вылучэнца, якая таксама збірае подпісы, здзейсніла напад п'яная жанчына.
— Мая маці збірала подпісы у доме №8 на вуліцы Дзімітрава. У адной з кватэр дзверы адчыніла п'яная жанчына і адразу нецэнзурна вылаялася. Мама адказала: «Дзякуй, усяго добрага» і падыйшла да іншай кватэры. Але гэтая жанчына нападпітку выбегла з крыкамі «Вы жадаеце тут зладзіць майдан!». Ударыла маці па твару, заціснула паміж дзвярэй і працягвала абражаць. Але ў гэты момант з кватэры выскачыў яе муж, таксама п'яны, і зацягнуў яе ў кватэру. Маці міліцыю выклікаць не магла, бо тэлефон пакінула дома. Але на гэтым не скончылася. Я збіраў подпісы ў іншым пад'ездзе, выйшаў і чакаў яе каля ўваходу. Убачыў, як ляціць шкло і бутэлькі на вуліцу з той кватэры. Калі б не паспеў адскочыць, усё гэта патрапіла б акурат на мяне! — распавядае Андрусь.
Малады прэтэндэнт у кандыдаты кажа, што яго маці ў выніку перадумала тэлефанаваць у міліцыю, бо была ў стане шоку і не хацела працягу гэтай гісторыі.
— Мы працягнем працаваць, нягледзячы нават на такія прыкрыя перашкоды, — адзначыў Андрусь Архіпенка.
Паводле spring96.org