Куды паўзе беларускі хамелеон?

Ну папросту бяда з беларускім народам. Ніяк ён не можа дарасці да дэмакратыі. Прычым складаецца ўражанне, што па меры будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы дэмакратычны інфантылізм беларусаў узмацняецца.



4a2ddf148c5a9c42151a529e8cbdcc06.jpg

Ну папросту бяда з беларускім народам. Ніяк ён не можа дарасці да дэмакратыі. Прычым складаецца ўражанне, што па меры будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы дэмакратычны інфантылізм беларусаў узмацняецца.

Схаваць гэты сумны факт з кожным днём робіцца ўсё цяжэй. Вось і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей не вытрываў і адкрытым тэкстам заявіў літаральна наступнае: “Ад нас часам ультыматыўна патрабуюць, каб мы літаральна з заўтрашняга дня сталі жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як яны яе разумеюць. Але гэта немагчыма. Грамадства павінна ўнутрана саспець да зменаў.
Тут што ні слова — перл. Аднак абмяжуюся толькі адным каментарам. 5 лістапада, выступаючы на Мінскім форуме, кіраўнік Адміністрацыі запэўніваў шаноўную публіку, што Беларусь — краіна, якая цалкам падзяляе еўрапейскія каштоўнасці. Але калі гэта сапраўды так, то чаму тады “яны яе (дэмакратычную дзяржаву) разумеюць інакш, і чаму ім даводзіцца сваё разуменне нам навязваць ва ўльтыматыўнай форме?
Краіна, я так разумею, складаецца з людзей, якія могуць падзяляць або не падзяляць пэўныя каштоўнасці. Аднак у нашым выпадку краіна падзяляе еўрапейскія каштоўнасці цалкам! Ці азначае гэта, што спадар Макей, калі кажа пра краіну, сябе і сваіх калегаў з Адміністрацыі прэзідэнта з ёй не атаясамлівае? Я, да прыкладу, з Беларуссю сябе атаясамліваю, а таму Захад сваіх каштоўнасцяў мне навязваць не можа. У мяне з ім кансенсус.
Самае цікавае, што пры гэтым мне блізкая і думка наконт неабходнасці беларускаму грамадству “ўнутрана саспець да змен. Без такога саспявання першыя дэмакратычныя выбары, як правіла, робяцца і апошнімі. За пацверджаннем гэтай паліталагічнай аксіёмы далёка хадзіць не трэба. Дастаткова прыгадаць “Кароткі курс гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Вернемся яшчэ раз на Мінскі форум і паслухаем ужо знаёмага нам дакладчыка: “Хто хоча рабіць упэўненыя крокі, павінен рабіць іх павольна. І з гэтым не паспрачаешся. Як часта паўтараў адзін мой прыяцель, які нарадзіўся ў краіне, размешчанай на поўдзень ад пустыні Сахары: “Хамелеон паўзе павольна, але дапаўзае да верхавіны баабаба. Вось толькі важна, каб ён поўз менавіта на верхавіну, а не спрабаваў спусціцца з дрэва.
“Вось і ўся дэмакратыя
Пасля такога ўступу самы час паразважаць пра беларускую эліту. Паняцце гэта прыйшло да нас з Захаду і неяк незаўважна прыжылося. Здавалася б, эліта — яна і ў Афрыцы (Беларусі) эліта. Яе галоўная задача — прымаць рашэнні і дамагацца іх выканання. У такой афрыканска-беларускай трактоўцы эліта ў нас, безумоўна, маецца, прычым, я б нават сказаў, з лішкам. Па меркаванні сацыёлага Міхася Афанасьева: “Гэты вышэйшы клас можна назваць “элітай панавання. Лад думак сённяшняй эліты панавання добра вядомы, прадэманстраваны ў яе дзейнасці і дадзены ўсім у адчуванні.
Няцяжка здагадацца, што галоўным заняткам эліты панавання з’яўляецца сам працэс панавання. У залежнасці ад знешняга кантэксту такая эліта можа ажыццяўляць яго шляхам закручвання гаек або лібералізацыі, прычым лібералізацыі кантраляванай, іншымі словамі, ажыццёўленай упэўненымі крокамі ў павольным тэмпе (глядзі цытату).
Максімум, на які здольная эліта панавання, — гэта пабудаваць “моцную дзяржаву. Узровень яе дэмакратычнасці Лукашэнка яшчэ напачатку сваёй працы на пасадзе прэзідэнта ахарактарызаваў наступным чынам: “Народ ажыццяўляе рэальную дэмакратыю, абіраючы кіраўніка дзяржавы і заканадаўчую ўладу. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы і дэпутаты павінны дзейнічаць у рамках Канстытуцыі. Вось і ўся дэмакратыя. Для чытачоў, якія адразу не ўлавілі сутнасці, растлумачу. “Вось і ўся дэмакратыя палітычнага ўдзелу народа не патрабуе. Усё, на што можа разлічваць народ, — гэта на права з’явіцца на выбарчы ўчастак і запоўніць бюлетэнь. Датэрміновая яўка пры гэтым ухваляецца.
Пры такім тлумачэнні паняцця “дэмакратыя пра дапаўзанне да верхавіны баабаба хамелеону марыць не даводзіцца. Такая задача эліце панавання не па плячу. Для гэтага патрэбна эліта развіцця, роля якой у жыцці дзяржавы і грамадства не зводзіцца да кіравання, а мае на ўвазе вытворчасць каштоўнасцяў і сімвалаў. Але такой у нас няма. Замест эліты развіцця, на думку палітолага Эміля Паіна, “у нас ёсць істэблішмент, у нас ёсць верхавінны слой, але ён не эліта. Ён не распаўсюджвае новыя нормы, не з’яўляецца прыкладам і пакуль не збіраецца весці за сабой грамадства, не ператварае яго ў нацыю.
Уся справа ў механізме адбору
Калі я правільна памятаю школьны курс біялогіі, разнастайнасці біялагічных відаў мы абавязаныя механізму натуральнага адбору. Акрамя адбору натуральнага існуе і адбор штучны — селекцыя, якая ажыццяўляецца чалавекам свядома. Эфектыўнасць селекцыі значна вышэйшая. Яна дазваляе ствараць новыя віды жывёл за гады, а не за тысячагоддзі. Палітычныя эліты таксама з’яўляюцца прадуктам селекцыі. Вышэй ужо адзначалася, што існуюць два тыпы эліт — эліта панавання і эліта развіцця. Адпаведна, ёсць і два механізмы селекцыі.
Эліта развіцця — прадукт адкрытага грамадства. З гэтай прычыны яе дзейнасць мае публічны характар. Кандыдату, каб патрапіць у эліту развіцця, неабходна не проста прад’явіць грамадству пэўны праект свайго бачання будучыні, але і давесці яго актуальнасць падчас адкрытых конкурсаў (мясцовых, рэгіянальных і толькі на апошнім этапе — агульнанацыянальных).
Эліта панавання фармуецца шляхам цэнтралізаванага прызначэння. Як гэта адбываецца, мы маглі назіраць 4 снежня, калі Лукашэнка прыняў 52 кадравых рашэнні (13 службоўцаў прызначыў сваім указам, 9 — адправіў у адстаўку і для 30 персаналій узгадніў прызначэнне). Вынікам селекцыйнай працы, якая праводзіцца з цэнтра, з’яўляецца “вертыкаль улады. Ніякіх праектаў бачання будучыні пры гэтым ад кандыдатаў не патрабуецца. У якасці асноўнага крытэру адбору выступае лаяльнасць кандыдата галоўнаму селекцыянеру.
Вось як апісала працэс прызначэння “СБ Беларусь сегодня: “Дзве з паловай гадзіны прэзідэнт прымаў у сваім кабінеце прапанаваных Адміністрацыяй кандыдатаў на адказныя пасады. Папросту кажучы, ён асабіста правёў неабходнае пры прыёме на працу кіроўных працаўнікоў сумоў’е, ставячы задачы і даючы дзелавыя парады новым кіраўнікам...
Звярніце ўвагу: вялікую групу чарговых прызначэнцаў склалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, але задачы ім ставілі не грамадзяне, якія пражываюць на адпаведных тэрыторыях, а кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў: “Памятайце, што вы працуеце на вачах у людзей. Вы — твар прэзідэнта... (адпаведна, і выразнікі яго волі).
Дакладна такім жа быў алгарытм фармавання савецкай наменклатуры і яе галоўнага звяна — партыі. Невыпадкова Сталін называў партыю “ордэнам мечаносцаў, тым самым падкрэсліваючы яе закрытасць для грамадства. Яго адданы вучань Мао падобных праколаў публічна не дапускаў. Ён любіў напіраць на слова “народ. Прывяду характэрную цытату: “Цяпер наша задача палягае ў тым, каб узмацніць дзяржаўную машыну народа — тут галоўным чынам маюцца на ўвазе народнае войска, народная паліцыя і народны суд — і тым самым забяспечыць умацаванне абароны краіны і абароны інтарэсаў народа.
Дарэчы, артыкул, з якога я запазычыў цытату, называецца “Пра дэмакратычную дыктатуру народа. Дыктатура народа — гэта прыгнёт большасці сіламі большасці, але пад кіраўніцтвам і непасрэдным кантролем з боку “вертыкалі ўлады.
Паніжальны трансфарматар
Абавязковая ўмова трапляння ў “вертыкаль — адмова ад самастойных палітычных прэтэнзій. Палітык у краіне павінен быць толькі адзін, што мы і назіраем. Нізкія, часта ў межах статыстычнай памылкі, рэйтынгі апазіцыйных лідэраў даўно ўжо нікога ў Беларусі не дзівяць. Але, прабачыце, а які рэйтынг у прэм’ер-міністра, а ў старшыні Палаты прадстаўнікоў?
Асабіста я спікера беларускага парламента нават прозвішча не памятаю, і ў сваёй “палітычнай недасведчанасці я не адзінокі. Неяк аднойчы сацыёлагі паспрабавалі высветліць, ці ведаюць беларусы прозвішча прэм’ера, старшыняў абодвух палат парламента, старшыні Канстытуцыйнага суда і генеральнага пракурора. Правільны і поўны адказ далі 0,5% рэспандэнтаў! Чытачы “НЧ могуць паўтарыць апытанне на сваіх знаёмых. Упэўнены, што вынік атрымаецца такі ж пераканаўчы.
Механізм прызначэння чымсьці падобны да паніжальнага трансфарматара. Ён адбірае на вышэйшыя дзяржаўныя пасады людзей, якія ў адрыве ад пасады самі па сабе нічога не ўяўляюць. “У гэтым наша адрозненне ад Захаду, — адзначае палітычны аглядальнік Максім Арцем’еў, — дзе палітык і не ва ўладзе можа ўяўляць цікавасць для СМІ, часта выступаць перад публікай. Але для гэтага трэба сапраўды нешта сабой уяўляць, акрамя пасады. Расія недалёка адышла ад СССР, дзе на вышэйшых пасадах былі, як правіла, шэрыя асобы. Варта было выпасці з наменклатурнай абоймы Молатаву або Маленкову, Палянскаму або Шэлепіну, іх пасрэднасць выступала напоўніцу.
Сваіх “выпаўшых нямала і ў Беларусі. Дзе яны зараз? Хутчэй за ўсё, займаюцца бізнесам, выкарыстоўваючы ранейшыя службовыя “напрацоўкі і сувязі. Апынуўшыся ва ўладзе, не маючы за душой праектаў будучыні Беларусі, яны думалі выключна катэгорыямі асабістай кар’еры. Гэтак жа яны выбудоўваюць і свой бізнес. Чакаць ад “выпаўшых кіраўнічых і тэхнічных інавацый не мае сэнсу. Іх бізнес быў і застаецца наменклатурным.
Аднак вернемся да тых, хто пакуль яшчэ пры пасадах. Уключаныя ў склад эліты панавання за кошт працы паніжальнага кадравага трансфарматара, яны самі робяцца паніжальнымі трансфарматарамі. Не варта пасля гэтага дзівіцца, што пабудова дэмакратычнай прававой дзяржавы ў Беларусі ўвесь час пераносіцца ў будучыню. Апраўданні пры гэтым стандартныя — народ, маўляў, яшчэ не гатовы, а калі так, то існуючаму парадку няма альтэрнатывы.
Цікавая карціна атрымліваецца. У 1994 годзе ўзровень сталасці беларусаў дазваляў правесці ў краіне дэмакратычныя выбары, а ў наступныя гады — не. Вынік працы прызначэнцаў у наяўнасці. У паліталогіі ёсць такое паняцце — “соцыяцыд, гэта калі, у адрозненне ад генацыду, знішчаюцца не людзі нейкай нацыянальнасці, а арганізацыі. Спытайце пра гэта ў тых, хто сёння спрабуе зарэгістраваць у Беларусі палітычную партыю або грамадска-палітычную газету. Яны распавядуць вам шмат цікавага.