Курапаты: «рэжымная мемарыялізацыя» супраць правоў чалавека
Незвычайны талент кіраўніка дзяржавы спалучаць неспалучальнае закрануў і святое для беларусаў месца — Курапаты. Відаць, менавіта ў якасці зацвярджэння «міру і сапраўдных правоў чалавека» да 7 лістапада быў дадзены загад паставіць афіцыйны мемарыяльны знак у месцы масавых сталінскіх расстрэлаў.
«7 лістапада — свята міру і сапраўдных правоў чалавека», — заявіў надоечы афіцыйны кіраўнік краіны. Такое дзіўнае выказванне Лукашэнка агучыў падчас размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні моста праз Прыпяць, а таксама з жыхарамі Жыткавіцкага раёна напярэдадні афіцыйнага святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дарэчы, Беларусь засталася адзінай краінай, якая адзначае гэты дзень менавіта з такой фармулёўкай.
Што ж меў на ўвазе афіцыйны лідар, улічваючы, што ў 1917 годзе Кастрычніцкі пераварот адбываўся зусім не мірным шляхам і абсалютна не зважаючы на правы чалавека? Хутчэй за ўсё, у кіраўніка дзяржавы папросту своеасаблівае разуменне гэтых самых правоў — у чым мы з вамі час ад часу і пераконваемся. Таму зусім не дзіўна, што да гэтай катэгорыі ён, відавочна, адносіць масавыя дэпартацыі, ГУЛАГ, катаванні і расстрэлы 1920–1950-х гадоў, вечны савецкі дэфіцыт, «жалезную заслону», здушэнне любой праявы індывідуальнасці і — о жах! — іншамыслення.
Незвычайны талент кіраўніка дзяржавы спалучаць неспалучальнае закрануў і святое для беларусаў месца — Курапаты. Відаць, менавіта ў якасці зацвярджэння «міру і сапраўдных правоў чалавека» да 7 лістапада быў дадзены загад паставіць афіцыйны мемарыяльны знак у месцы масавых сталінскіх расстрэлаў. Без грамадскага абмеркавання, не звяртаючы ўвагі на шматлікія пратэсты актывістаў, з падманам — карацей, у лепшых традыцыях савецкай «справядлівасці». І гэта, заўважце, прыклад таго, як вокамгненна дзяржава можа выконваць свае абяцанні, няхай нават насуперак меркаванню грамадства.
А вось пратэсты на працягу пяці месяцаў каля пабудаванай з парушэннем ахоўных зон таго ж мемарыялу Курапаты рэстарацыі «Поедем, поедим» — іх улады ўпарта «не заўважаюць». А што вы хацелі: правы чалавека — яны такія, не для ўсіх.
Але тым, хто адзначае «свята міру» ля помніка Леніну, не варта забываць, што рэвалюцыі рыхтуюць геніі, робяць рамантыкі, а іх пладамі карыстаюцца прайдзісветы. Таму, якія б прыгожыя і палымяныя словы ні гучалі, у таталітарызму няма, ніколі не было і не будзе ніякіх правілаў, логікі і высокіх мэтаў. Адзіная магчымая яго мэта — знішчыць памяць, прымусіць людзей забыцца пра тое, кім яны ёсць, пра тое, чаго яны вартыя, каб пераўтварыць іх у паслухмяную шэрую масу, якой лёгка кіраваць і якая будзе з усім пагаджацца.
У гэтым сэнсе ўварванне ўладаў у Народны мемарыял Курапаты выглядае як чарговая спроба знішчыць памяць і пусціць пыл у вочы. І на тле таго, як «элегантна» 7 лістапада раптам стала «святам міру і сапраўдных правоў чалавека», ужо зусім не выглядаюць трызненнем меркаванні некаторых сталых абаронцаў мемарыялу пра тое, што Курапаты неўзабаве могуць пераўтварыцца ў «парк культуры імя слаўнага чэкіста». Нам так доўга заціралі памяць, што, здаецца, гэткага павароту многія нават не заўважаць…
Можна, канешне, запярэчыць: маўляў, самі ж 30 гадоў казалі пра адсутнасць увагі да Курапатаў з боку дзяржавы — вось і атрымайце, што прасілі. Але ж прасілі зусім не гэтага. Прасілі прызнання і пакаяння. А атрымалі — звычайную адмазку, здзек і чарговы плявок у твар грамадскасці. Бо хіба выпадае казаць пра пакаянне, і ў той жа час святкаваць 100-годдзе рэвалюцыі, камсамолу, 7 лістапада, праводзіць праваслаўныя хросныя хады на «Лініі Сталіна», адмаўляцца зносіць помнікі савецкім катам, пераназываць вуліцы, не адкрываць архівы, дазваляць працаваць сумнеўнай рэстарацыі ў незаконна зменшаных ахоўных зонах мемарыялу?.. Гэта казуістыка, падмена паняццяў — што заўгодна, толькі не пакаянне.
Аднак, праводзячы «рэжымную мемарыялізацыю» Курапатаў, улады не ўлічылі, што насельніцтва ў Беларусі даўно ўжо не савецкае, і што за часы незалежнасці ў краіне пачала фармавацца такая-сякая грамадзянская супольнасць. Сучаснае пакаленне беларусаў не чакае, што дзяржава ўсё зробіць за іх, дый не хоча гэтага. Яно хоча самастойна прымаць рашэнні і быць пачутым. Для сённяшніх грамадзян Беларусі важна быць не проста безасабовай часткай «народных мас», а адчуваць сваю нацыянальную прыналежнасць, працаваць не дзеля «светлай будучыні» і ўяўнага прывіду камунізму, а дзеля дабрабыту — свайго, сваёй сям’і, сваёй краіны. Не таму, што «партыя сказала», а таму, што яны адчуваюць адказнасць за дзяржаву, у якой жывуць. А калі ёсць адказнасць (і, адпаведна, абавязкі), то мусяць быць і правы.
Толькі не трэба нам ніякіх «сапраўдных» правоў чалавека. Забяспечце спачатку хаця б самыя звычайныя.