Мост, стабільнасць, рэвалюцыя…

На мінулым тыдні, зрэшты, як і на іншых, адным з галоўных ньюсмейкераў быў кіраўнік Беларусі. І мост праз Прыпяць урачыста адкрываў, і палякаў за вайсковую базу папракаў, і пра правы чалавека згадаў, хоць і ў дзіўным рэчышчы.

238836966.jpg

«Людзі ішлі незразумела на якую вайну і гінулі. Права чалавека на жыццё было зруйнавана, а таксама права на працу — людзі не мелі працы, кавалка хлебу. Як яны маглі жыць і карміць свае сем’і? …Менавіта таму Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта свята міру і правоў чалавека», — сказаў Аляксандр Лукашэнка з нагоды 7 лістапада.

Вось так! 7 лістапада атрымала самую незвычайную назву — «Свята міру і правоў чалавека». І якая розніца, што ахвярамі наступстваў таго перавароту сталі дзясяткі мільёнаў. Што ні пра якія правы чалавека (нават правы працоўных) усе 70 гадоў (а ў нас дык і ўсе 100) нават мовы не было. Што практычна нідзе больш на постсавецкай прасторы на дзяржаўным узроўні гэта дата святам не лічыцца. А што да міру, дык варта толькі ўзгадаць, у якой безлічы канфліктаў па ўсім свеце ўдзельнічаў СССР.

Дарэчы, пра мір. Як заявіў кіраўнік Беларусі на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Балбасава: «Я міністру замежных справаў (Польшчы. — рэд.) сказаў — ён выступаў у нас у Мінску: мы з вамі ваяваць не збіраемся. Таму не трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расіянамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта размяш­чаць, каб вам процідзейнічаць».

Гэта ён пра намер Польшчы стварыць сумесную з ЗША вайсковую базу. Зразумела, што афіцыйнага адказу на гэтыя словы не было і не будзе. Але вось былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка ў сваім Фэйсбуку кіраўніку Беларусі адказаў: «Шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, у нас няма лішніх базаў, затое не хапае патрэбных. Калі расійскія жаўнеры вый­дуць з Грузіі, Украіны, а таксама з Беларусі, тады можна будзе гандлявацца. А пакуль гэта ў вас ёсць нагода гандлявацца з Масквой за большыя датацыі».

А ўжо на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не бачыць неабходнасці ў стварэнні вайсковых базаў іншых дзяржаў, у тым ліку Расіі, на тэрыторыі Беларусі.

Вось і думайце цяпер, гэта ўжо гандаль пачаўся ці наконт ваенных базаў у нас папросту яшчэ няма выпрацаванай пазіцыі.

Затое цікавая для дзелавых колаў Беларусі пазіцыя ёсць у дырэктаркі дэпартамента па далучэнні новых краін Сакратарыяту Сусветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) Майкі Ашыкавай. Яна лічыць, што Беларусь мае «рэальны шанец» уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2020 годзе. Пра гэта Ашыкава заявіла на Кастрычніцкім эканамічным форуме.

Цягам 25 гадоў Беларусь вя­дзе складаныя перамовы пра ўступленне ў WTO.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Яўдочанка спадзяецца, што да першага квартала 2019 года Беларусь завершыць перамовы з усімі партнёрамі, акрамя ЗША. «Ужо завяршылі перамовы з 19 партнёрамі. Усё, што нас стрымлівае, — невялікая перамоўная каманда», — сказаў Андрэй Яўдочанка.

А вось шчадроты чыноўнікаў, здаецца, нічога не стрымае. Лічбай тыдня можна назваць падарунак кіраўніка Следчага камітэта Івана Наскевіча малой радзіме. За бюджэтныя грошы чыноўнік падараваў вёсцы Цярэблічы Столінскага раёна абноўлены ўчастак аўтадарогі. Старшыня Следчага камітэта асабіста прыняў удзел у адкрыцці рэканструяванага ўчастка аўтадарогі «Вялікае Мелешава — Рамель —Альшаны», паведамляе прэс-служба камітэта. — Адкрыццё гэтай дарогі — гэта самае малое, што можна зрабіць для роднай вёскі, — адзначыў у прывітальным слове Іван Наскевіч. — Але Год малой радзімы не заканчваецца. Мы і раней не планавалі спыніцца толькі на аднаўленні гэтай дарогі, працуем далей. Зараз ёсць дамоўленасць з мясцовымі органамі ўлады аб рэканструкцыі чарговага ўчастка мясцовай аўтадарогі».

Кошт падарунка 1,4 мільёна рублёў. Агульная працягласць адрамантаванага ўчастку дарогі складае 4,6 кіламетра.

Яшчэ адна лічба тыдня іншага кшталту. На прэс-канферэнцыі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў адз­начыў, што заработная плата ў навукоўцаў значна павысілася — асабліва ў тых, хто мае гранты і рэалізуе розныя праекты. А дырэктар Інстытута фізікі Мікалай Казак назваў канкрэтныя лічбы, якія прыводзіць belta.by: «Чым больш эфектыўна працуе супрацоўнік, тым большую ён атрымае надбаўку. Некаторыя супрацоўнікі атрымліваюць больш за 4 тысячы беларускіх рублёў на месяц. Гэта добрая зарплата. Пры экспарце ажыццяўляецца прэміраванне».

Аднак у акадэміка Аляксандра Вайтовіча іншая матэматыка. «Я не лічу, што працую горш за іншых, ці ў мяне нешта не атрымліваецца, — кажа былы кіраўнік НАН. — Наадварот, усё добра. І ўжо дакладна не горш за іншых. А што тычыцца зарплаты, то перада мной ляжаць разліковыя аркушы. І лічбы такія. За студзень я атрымаў 351 рубель. За люты — 445. За сакавік — 587. За чэрвень я атрымаў 545 рублёў (у адпачынку не быў, таму гэта поўная зарплата). За верасень — 1541 рубель. Але тут далі прэмію — ажно 800 рублёў! З’явіліся грошы ў Інстытуце за тры квартала — іх вось так размеркавалі. За кастрычнік у маім разліковым аркушы — 496 рублёў. Акрамя зарплаты, навукоўцы атрымліваюць даплаты за званні і ступені. Кандыдат навук — 120 рублёў. Доктар навук — 170. Член-карэспандэнт — 372. Акадэмік — 434. Гэтыя сумы прывязаныя да тарыфнай стаўкі першага разраду. Калі яна расце, то і гэтыя лічбы нязначна змяняюцца».

Вось і каму цяпер верыць?

Пакуль вы думаеце над адказам, згадаю яшчэ адну тыднёвую цікавостку. Канстытуцыйны суд Беларусі прапанаваў ураду распрацаваць законапраект, які прадугледжвае забарону на фота- і відэаздымку грамадзян без іх папярэдняга дазволу.

У рашэнні гаворыцца, што мэта законапраекту — забеспячэнне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, ліквідацыя нявызначанасці ў прававым рэгуляванні выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна. Радавацца гэтаму ці не, вырашайце самі. Вось толькі зноў узнікае пытанне: пасля прыняцця гэтага закона людзі ў цывільным на акцыях пратэсту таксама не змогуць здымаць людзей без іх дазволу?