60 рэкамендацый ураду. Як выправіць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Больш як 60 рэкамэндацый Камітэту правоў чалавека (КПЧ) ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе і прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміў праваабаронца БХК Дзмітры Чарных, удзельнік сэсіі КПЧ ААН, якая прайшла ў кастрычніку ў Жэневе. Там беларуская афіцыйная дэлегацыя давала экспертам ААН тлумачэнні наконт свайго перыядычнага дакладу аб сітуацыі з правамі чалавека.
Заснаваць праваабарончую ўстанову з шырокім мандатам
Дзмітры Чарных пералічыў некаторыя з рэкамендацый, у якіх пазіцыя экспертаў ААН супала з прапановамі праваабаронцаў.
- Зрабіць захады дзеля барацьбы з дыскрымінацыяй народнасці рома ды некаторых сацыяльных групаў, такіх як ЛГБТ-супольнасць.
- Забяспечыць абарону жанчын ад сямейнага гвалту.
- Забяспечыць выкананне правоў людзей з інваліднасцю, у тым ліку іх доступ да транспарту і дзяржаўных устаноў.
- Паскорыць інтэграцыю ў грамадства дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі праз інклюзіўную адукацыю.
- Стварыць незалежную нацыянальную праваабарончую ўстанову з мандатам на абарону ўсяго спэктра правоў чалавека.
Паводле праваабаронцы з «Вясны» Валянціна Стэфановіча, які таксама прысутнічаў на сэсіі КПЧ у Жэнэве падчас выступу чальцоў беларускай афіцыйнай дэлегацыі, эксперты ААН усё ж спадзяюцца, што Беларусь нарэшце пачне супрацоўнічаць у разглядзе спраў па індывідуальных зваротах.
«Пакуль такога супрацоўніцтва няма, хоць Беларусь брала на сябе абавязанні. Усім вядома пра 10 спраў, заведзеных КПЧ ААН пасьля скаргаў асуджаных на смерць грамадзян нашай краіны. Але як толькі пра такія рашэнні станавілася вядома, смяротныя прысуды тут жа выконваліся, што выглядае як выклік ААН», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Прызнаць наяўнасць людзей, якія зніклі з палітычных прычын
Паводле Валянціна Стэфановіча, на сэсіі КПЧ ААН беларуская дэлегацыя цалкам адмаўляла шмат відавочных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Чаго менавіта не прызнавалі?
- Што былі і ёсьць палітвязні.
- Што ёсць зніклыя з палітычных прычын.
- Што ўжываюцца катаванні, але закон не дзейнічае.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў таксама адзначыў, што рэкамендацыі КПЧ ААН да беларускага ўраду шмат у чым супадаюць з думкай праваабаронцаў. Ён назваў наступныя:
- Адмяніць забарону на прафесійную дзейнасць журналістам замежных медыя без акрэдытацыі.
- Абмежаваць паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі на пазасудовае ўмяшанне ў дзейнасць медыя.
- Зняць крымінальную адказнасць паводле артыкулаў аб «паклёпе» і «знявазе» ў дачыненні прэзідэнта Беларусі, прадстаўнікоў улады і судзьдзяў.
Нацыянальны плян выканання рэкамэндацый ААН
Ад 2016 году ў Беларусі дзейнічае так званы «Міжведамасны план» па рэалізацыі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага дакладу ААН па правах чалавека.
Дзеянне гэтага пляну заканчваецца ў 2019 годзе. Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча з «Вясны», Дзмітрыя Чарных з БХК і Алега Агеева з БАЖ, наспела неабходнасць падрыхтоўкі ў Беларусі новага, «Нацыянальнага плана» выканання ўсіх ранейшых заўваг КПЧ ААН, які будзе ўключаць у сябе і апошнія рэкамендацыі.
Паводле праваабаронцаў, на сэсіі КПЧ ААН у Жэневе ад чальцоў беларускай афіцыйнай дэлегацыі таксама гучалі меркаванні, што «Нацыянальны план» патрэбны і што ён павінен улічыць большасць рэкамендацый КПЧ ААН.