Футбол, Іран, жанчыны

У Іране нечакана дазволілі жанчынам зноў наведваць футбольныя матчы. Апошні раз нешта падобнае іранкі адбывалася ў 1981 годзе.

Фота www.edition.cnn.com

Фота www.edition.cnn.com

У фінале азіяцкай версіі Лігі чэмпіёнаў 10 лістапада тэгеранскі клуб «Persepolis» прымаў у сябе на полі японскі «Kashima Antlers», каб у выніку прайграць 0-2. Фіяска пазбавіла «Persepolis» магчымасці ўзяць галоўны трафей турніру, аднак матч выклікаў у іранскім грамадстве каскад станоўчых эмоцый.

Усё праз тое, што ўлады дазволілі прысутнічаць на трыбунах некалькім сотням заўзятарак. Гэта стала галоўным сюрпрызам матчу.

«Гэта было як рэалізацыя мары. Я не ведаў, што рабіць — мне плакаць, альбо, наадварот, смяяцца. У мяне амаль адбыўся інсульт», — апісаў свае пачуцці на стадыёне адзін з мясцовых спартыўных журналістаў. Газеты аднагалосна апісваюць фантастычны эпізод, калі 80-тысячны стадыён устаў, каб прывітаць апладысментамі з’яўленне жанчын на адной з трыбунаў.

Такая рэакцыя не дзіўная, калі ўзгадаць, што жанчын на матчах мужчынскага футболу ў Іране не бачылі прыкладна 35 гадоў. Сама прычына забароны ўваходу жанчын на стадыёны ў Іране дасюль цалкам незразумелая. Відавочна, яна нейкім чынам звязана з новымі нормамі, якія ўводзіліся ў краіне пасля Ісламскай рэвалюцыі.

Пару гадоў таму адзін з спартовых чыноўнікаў аргументаваў неабходнасць абмежаванняў тым, што мужчыны-заўзятары любяць скандаваць на адрас гульцоў і суддзяў брудныя крычалкі. Маўляў, падобная лексіка можа духоўна параніць прадстаўніцу слабага пола. Таксама чыноўнікі непакоіліся, што жанчын можа разбэсціць выгляд мужчынаў, якія бегаюць на полі ў спартовай вопратцы. Цікава, што перажывалі аяталы таксама і за ўнутраны духоўны свет жанчын з замежжа. Толькі з 2005 года замежніцам дазволілі прысутнічаць на іранскіх стадыёнах.

Асабліва дыскамфортнай для ўлады была сітуацыя, калі іранская зборная прымала ў сябе каманду з іншай суседняй мусульманскай краіны, дзе жанчынам дазволена хадзіць на спартовыя мерапрыемствы. Вельмі часта замежных футбалістаў суправаджала тарсіда з удзелам жанчын. Іх, паводле статуту FIFA, на стадыён (у адрозненне ад іранак) прапускалі. Знешне гэта выглядала як дыскрымінацыя.

Як вынік, паступова тэма права жанчын хадзіць на футбол у Іране набыла глабальнае палітычнае вымярэнне. Пачынаючы з 2013 года ўсе ліберальныя кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць перагледзець драконаўскі закон 1981-га. Кампаніі салідарнасці з іранкамі-фанаткамі рэгулярна праводзіліся на Захадзе. У самім Іране актывісткі наўмысна намагаліся прайсці на стадыёны — нягледзячы на пагрозу арышту. У сакавіку 35 жанчын былі арыштаваныя за спробу наведаць сустрэчу вядучых сталічных клубаў.

У мінулым годзе гульня Іран — Сірыя, на якую завіталі шмат сірыйскіх жанчын-тыфозі, зноў выклікала агульнанацыянальную палеміку пра неабходнасць перагляду архаічных правілаў. У выніку лёд зрушыўся. Праўда, кансерватары да апошняга працягвалі супраціў. Разумеючы неадэкватнасць закона 1981 года, яны прапанавалі свой варыянт вырашэння праблемы: стварыць на стадыёне спецыяльны сектар для жанчын, куды тыя маглі трапіць выключна ў суправаджэнні мужа.

І вось з 10 лістапада старыя правілы, магчыма, скасаваныя. Праўда, у заходняй прэсе можна стыкнуцца са скептычнымі каментарамі. У іх звяртаюць увагу на адну дэталь: на матчы паміж «Persepolis» і «Kashima Antlers» прысутнічаў Джані Інфанціна, кіраўнік FIFA. Натуральна, пад візіт такога высокага госця іранцы маглі стварыць адпаведную інсталяцыю, якая павінна была сведчыць пра фантастычную гендарную роўнасць на іранскіх стадыёнах. Тым больш, што (паводле чутак) не так даўно ў офіс FIFA перадалі адпаведную петыцыю, якую падпісалі 200 тысяч іранак. Трэба было стварыць ілюзію, што ўсё добра. Нарэшце, іранскім чыноўнікам рабіць такія фокусы не ўпершыню. У 2005 годзе некалькім дзясяткам жанчын дазволілі глядзець сустрэчу зборных Ірана і Бахрэйна. Тады таксама шмат казалі пра легалізацыю, аднак хутка сітуацыя аказалася закансерваванай.

У прэсе хапае плётак і пра тое, што 10 лістапада на стадыён пускалі спецыяльна абраную публіку. Спісы «фанатак» былі складзеныя загадзя адпаведнымі дзяржструктурамі. Як правіла, гэта жонкі або родныя футбольных функцыянераў або спартоўцаў. «Дзверы стадыёнаў усё яшчэ зачыненыя для іранскіх жанчын. Іх адкрылі абраным, і толькі на адзін дзень», — робіць выснову агенцтва AFP News.

Тым не менш, ліберальны Іран усё роўна святкуе перамогу. «Дзверы напалову адчыненыя. Трэба яшчэ трошкі націснуць, каб адчыніць іх цалкам», — кажа адна з ліберальных дэпутатак іранскага парламента. Натуральна, шмат хто марыць пра тое, што лібералізацыя на стадыёнах з’яўляецца пралогам да больш шырокіх рэформаў.

Напэўна, такія надзеі маюць пад сабой нейкую глебу, аднак пакуль, на жаль, падаецца, што рацыю маюць усё ж скептыкі. 10 лістапада віцэ-прэм’ер Ірана сустрэўся з намеснікам кіраўніка азіяцкай футбольнай федэрацыі і заклікаў візаві не дапускаць палітызацыі футболу.