Навігацыйны дадатак WAZE загаварыў па-беларуску
Навігацыйную мабільную праграму на беларускую мову пераклалі мінскія кіроўцы, а агучыў вядомы радыёжурналіст.
![share_image.png share_image.png](/img/v1/images/share_image.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Waze — бясплатны навігатар, які ў рэжыме рэальнага часу дазваляе сачыць за сітуацыяй на дарогах. Мапы ў навігатары на 100% ствараюцца самімі карыстальнікамі. Праграма надзвычай папулярная ў свеце. Існуюць версіі на 54 мовах. У адпаведны спіс дадалася і беларуская.
Цяпер любы карыстальнік можа падарожнічаць па-беларуску. Пераклад здзейснілі сталічныя вэйзеры, а «загаварыў» дадатак голасам радыёжурналіста Уладзіміра Трапянка. Большасць гараджан ведаюць яго ў якасці «голаса мінскага метрапалітэна».
«Пераклад на новую мову і адпаведная агучка сталі магчымыя дзякуючы намаганням прадстаўнікоў мясцовай грамады, — кажа @Olestas, куратар беларускага перакладу. — Працуючы з супольнасцямі па ўсім свеце, мы імкнемся зрабіць так, каб праграма была лакальнай. Нашыя карыстальнікі дапамагаюць сабраць інфармацыю, якая адпавядае мясцовым рэаліям. Мы неверагодна ўдзячныя за падтрымку кіроўцам у Беларусі. Дзякуючы іх актыўнасці з'явіўся пераклад на беларускаю мову. Цяпер мы з нецярплівасцю чакаем зваротнай сувязі. Нам вельмі важна ведаць меркаванне карыстальнікаў!».
Навігатар Waze можна бясплатна спампаваць з Google Play Store ці з App Store. У праекце ўдзельнічаюць больш за 700 перакладчыкаў на 54 мовы свету. Пошук новых удзельнікаў працягваецца. Waze марыць пашырыць колькасць актывістаў, каб аднойчы ахапіць усе мовы свету і запрашае зацікаўленых далучацца.
Waze дазваляе атрымаць актуальную інфармацыю пра дарожную сітуацыю і своечасова скарэктаваць маршрут. Сэрвіс уключае інтэрактыўную мапу дарог, папярэджанне пра заторы і здарэнні, а таксама звесткі пра найбольш удалыя маршруты. Дзякуючы жывой супольнасці, Waze супрацоўнічае з муніцыпалітэтамі, дарожнымі службамі, тэхнічнымі і аўтамабільнымі брэндамі. Мэта Waze — паляпшэнне дарожнай сітуацыі, а таксама аб'яднанне высілкаў у змаганні з негатыўнымі з'явамі ў галіне транспарту.