Кузняцоў: Да новых выбараў разглядаць пытанне аб пераемніку не варта
Ці магчымы гамбіт «змена Лукашэнкі на Качанаву, і наадварот», альбо размовы аб пераемніцы беспадстаўныя, і ці атрымаецца ў рэжыма не аддаць, а заадно легітымізаваць любімую ўладу? Сваю версію магчымага транзіту па беларускім сцэнары агучыў заснавальнік «Моцных навін» Пётр Кузняцоў.
— Пра пераемніка казаць занадта рана, — адзначыў палітычны аглядальнік у гутарцы з Еўрарадыё. — А «ўкідванні» на гэтую тэму, у тым ліку праз тэлеграм-каналы — гэта стварэнне інфармацыйнай заслоны, спроба стварыць уражанне, што ў Беларусі на самай справе плануецца нейкі транзіт улады, толькі неабходна крыху пачакаць.
Але цяпер, думаю, ні з якога пункту гледжання Лукашэнку гэта не патрэбна. Ён у прынцыпе нармальна сябе адчувае ў цяперашнім становішчы, калі пратэсты і грамадзянская актыўнасць амаль цалкам задушаны. А наступны крызісны палітычны момант магчымы толькі ў 2025 годзе з новымі прэзідэнцкімі выбарамі. Таму як мінімум да новых выбараў казаць пра пераемніка мы можам, але разглядаць усур'ёз гэтае пытанне, мне здаецца, не варта.
Але што тычыцца менавіта Наталлі Качанавай — мне здаецца даволі лагічным такі выбар. І калі пераемнік сапраўды з'явіцца, дык гэта будзе такі чалавек, як яна. У пэўным сэнсе гэта адна са спэцыфічных рыс кіравання Лукашэнкі: ён традыцыйна абапіраецца, па-першае, на сілавікоў, а па-другое, на жанчын. Ён ім давярае, і Ярмошына, Ермакова, Качанава — таму пацверджанне.
Думаю, чыста псіхалагічна гэта працуе ў тым сэнсе, што «абраныя» жанчыны, якія ўваходзяць у блізкае кола нават не асабістых, а працоўных адносін, таксама яму цалкам давяраюць дзякуючы харызме, якую Лукашэнка мае як палітык. І таму на тыя пазіцыі, дзе патрэбнае майстэрства выканаўцы, даволі часта прызначаюць жанчын.
У кантэксце нядаўніх падзей у Казахстане, на думку Пятра Кузняцова, цягнуць з пераемнікам кіраўнік будзе як мага даўжэй, але калі ў выніку форс-мажору, ціску з боку Расіі ці надыходу нейкага прыдатнага часу для аперацыі «Пераемнік» апошнім цалкам можа стаць якраз Качанава.
Як у такім выпадку быць з вядомай заявай Аляксандра Лукашэнкі, маўляў, беларуская Канстытуцыя напісана «не пад жанчыну»?
— Гэта мінулая Канстытуцыя напісана не пад жанчыну, а цяпер будзе новая, — іранізуе аналітык. — Да таго ж гэтая сітуацыя, наадварот, можа азначаць яшчэ большы давер да патэнцыйнага пераемніка-жанчыны.
Бо гэта мы не ведаем Качанаву, а Лукашэнка ведае яе вельмі добра — і, напрыклад, упэўнены ў тым, што яна на чале выканаўчай улады не зможа кантраляваць сілавікоў і ў пэўны момант падбіць іх на пераварот. Такая сітуацыя вельмі ўмоўная, але яна таксама магчыма.
Зрэшты, зазначае аналітык, самі беларусы ўжо не вераць у трансфармацыю ўладаў і не разглядаюць будучы рэферэндум як шлях да дэмакратызацыі:
— Маштаб фігуры, асобы Лукашэнкі ў беларускай палітыцы і цяпер, і ўсе гады яго кіравання быў настолькі вялікі, што зараз заяўляць пра тое, што новая Канстытуцыя прынцыпова нешта зменіць… Ніводны беларус нават на ўзроўні інтуіцыі не будзе ў гэта верыць, пакуль бачыць, што гэтая фігура застаецца ў беларускай палітыцы ў той ці іншай ролі.
Ці будзе Лукашэнка кіраўніком УНС ці кіраўніком Савета бяспекі — пакуль ён знаходзіцца ўнутры сістэмы, будзе зразумела, што ўсё астатняе — і Канстытуцыя, і Качанава, і гэтак далей — усё гэта шырма.
«Салідарнасць»