Левыя партыі рыхтуюцца да Першамаю

У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 1 мая мітынгу, прысвечанага Міжнароднаму дню салідарнасці працоўных. Арганізатарамі акцыі выступаюць Беларуская партыя левых “Справядлівы свет, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), а таксама аргкамітэты па стварэнню Партыі жанчын “Надзея і Беларускай партыі працоўных. Заяўку на мітынг падпісалі намеснік старшыні “Справядлівага свету Валеры Ухналёў і прадстаўнік БСДП (Грамада) Валеры Фралоў.



У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 1 мая мітынгу, прысвечанага Міжнароднаму дню салідарнасці працоўных. Арганізатарамі акцыі выступаюць Беларуская партыя левых “Справядлівы свет, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), а таксама аргкамітэты па стварэнню Партыі жанчын “Надзея і Беларускай партыі працоўных. Заяўку на мітынг падпісалі намеснік старшыні “Справядлівага свету Валеры Ухналёў і прадстаўнік БСДП (Грамада) Валеры Фралоў.

Пра фармат, мэты і задачы акцыі “Новаму часу распавёў кіраўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет Сяргей Калякін.

— 1 мая ва ўсім свеце з’яўляецца днём, калі працоўныя і жыхары ўвогуле выступаюць у абарону сваіх сацыяльна-эканамічных, а часта і палітычных правоў. Таму гэта такі традыцыйны дзень выступленняў левых сілаў. Нічога новага мы тут, у Беларусі, не прыдумлялі, і чатыры палітычныя партыі вырашылі сумесна правесці першамайскі мітынг, які мы плануем зладзіць у Парку Дружбы народаў каля Плошчы Бангалор. Мы адмыслова ўзялі месца, дазволенае для правядзення падобных акцыяў. Мітынг плануецца ад 12-й да 13-й гадзіны.

Асноўнымі тэмамі і лозунгамі мітынгу будуць традыцыйна ўзровень жыцця людзей, сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія апошнім часам абвастрыліся. Многія людзі сёння ўжо не могуць набыць нават самыя неабходныя для жыцця тавары і паслугі, бо кошты ўзляцелі да непрыстойных памераў, а заробкі, пенсіі, стыпендыі, дапамогі за імі проста не паспяваюць. Людзі вымушаныя адмаўляцца ад самага неабходнага. Таму тэма эканамічнага самаадчування грамадзян будзе асноўнаю.

Але таксама будуць і дзве тэмы чыста палітычнага характару, якія звязаны ў тым ліку і з сацыяльна-эканамічным самаадчуваннем — гэта праблема вызвалення палітычных зняволеных і праблема справядлівых выбараў. Мы ведаем, што сёлета ў краіне мусяць адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў, мы ведаем, што ўсе папярэднія выбары, пачынаючы з 1995 года, не былі справядлівыя і свабодныя, таму мы хочам прыцягнуць увагу грамадзян Беларусі да гэтай праблемы. Я мяркую, што на мітынгу будзе прынятая адпаведная рэзалюцыя, якая ўтрымлівае патрабаванні па ўсіх гэтых трох тэмах.

— Чаму сёлета не плануецца першамайскае шэсце?     

— Мы наўмысна вырашылі яго не замаўляць, таму што да некалькі дзён гэтага, 26 красавіка, адбудзецца шэсце — “Чарнобыльскі шлях, а мы ўжо маем досвед, калі ўлады не дазвалялі праводзіць два шэсця запар. Але мы і не лічым неабходным гэта рабіць. Проста мы абралі такі фармат, каб гэтае мерапрыемства было безумоўна дазволена. Мы не бачым падставаў, каб нельга было не дазволіць гэтую акцыю.

— Ці ўлічыце вы вопыт сёлетняй акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка, калі ў апошні момант міліцэйскае начальства арыштавала машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, і мітынг праводзіўся з дапамогаю прымітыўных мегафонаў?

— Тут ужо нічога не зробіш. Калі ўлады сілаю адбяруць апаратуру, тады мы будзем выкарыстоўваць іншыя сродкі для размовы з насельніцтвам. Канешне, мы будзем улічваць магчымасці такога адбірання і будзем думаць, як мінімізаваць наступствы. Але калі ўлада карыстаецца бандыцкімі метадамі ды ўжывае дзяржаўную сілу для канфіскацыі, а органы нагляду, такія як пракуратура, бяздзейнічаюць, то тут можна толькі разводзіць рукамі.