Лібералізацыя па-беларуску: глупства ці здрада?

Улада, троху спрасціўшы ўмовы існавання сваім апанентам, ні на ёту не памяняла сябе. То бок яна сама нават і не думала «лібералізавацца».



closed.jpg

Зачынена

Хтосьці з палітычна актыўных беларусаў успрымае палітычную адлігу, як адчыненае акно магчымасцяў. І кажа, што ім трэба напоўніцу карыстацца, пашыраючы прастору свабоды. Хтосьці бачыць у ёй толькі чарговы падманны манёўр, прадказвае, што ўсё зноў скончыцца дрэнна, таму і рыпацца няма асаблівага сэнсу. Але ўсе яны паўтараюць, што ў нас у краіне цяпер «лібералізацыя».


З ланцугу — у вальер


Сусветную папулярнасць набыла ў сеціве відэа, як сабакаў, якія ўсё жыццё праседзелі на ланцугу, адпускаюць на волю. Ну як на волю, у вальеры.


Па іх рэакцыі бачна, які гэта жах для сабакі — сядзець на ланцугу. Як не хадзі па крузе, як не віляй хвастом, як не скуголь — усё дарэмна, выйсця няма, ты прыкаваны. Сядзі, бо ты ўсім перашкаджаеш, можаш патаптаць газон і яшчэ богведама што нарабіць, бо ты сабака. Аброжак зацягнуты моцна, каб ты яго не сарваў. Поўсць на шыі сцёртая да голай ружовай скуркі. Ад адчаю сабака нема брэша, рвецца ў розныя бакі, усё бессэнсоўна. Потым супакойваецца, кладзе сумную морду на лапы, ціха плача.


Калі яго адпускаюць, ён спачатку бегае кругамі, па звычцы, не верачы сваёй свабодзе, якая заўсёды была абмежаваная даўжынёй ланцуга. Ён сціскаецца нібы шар і працягвае бегаць, кругамі-кругамі, да зямлі яго прыціскае радасць і страх адначасова, а раптам гэта зараз скончыцца?  Раптам яны зноў мяне прыціснуць, прыб'юць, прыгваздаюць калом да зямлі, на якім і мацуецца цяжкі жалезны ланцуг, іржавы і брудны.


На волі можна куляцца і ты не заблытаешся ў аковах, табе не уп'ецца цяжкі востры ніт у шыю, якім гаспадары ў апошні раз для пушчай упэўненасці змацавалі сабачую няволю. Цяпер ніхто не зможа злавіць мяне, я ўвасабленне свабоды і мары любога сабакі — ісці наперад, ісці па следзе, шукаць новых сяброў i новыя пахі, цяпер я ведаю, што такое пах свабоды. Цяпер і я магу ўсміхацца.


Як доўга будзе насалоджвацца сабака новай якасцю жыцця, пакуль не зразумее, што вальер прынцыпова не адрозніваецца ад ланцуга? Вось пытанне.


Мякчэй цягнуць і не пушчаць


Ад лірыкі да канкрэтыкі. Калі максімальна сцісла апісаць сутнасць лібералізацыі па-беларуску, яна заключаецца ў тым, што ўлада стала радзей біць і не кідае ў турмы тых, каго яна лічыць ворагамі дзяржавы. Але — усё яшчэ б'е, як гэта здарылася з журналістам Паўлам Дабравольскім. І ўсё яшчэ выносіць абсурдныя прысуды — як тое было з філосафам і палітолагам Уладзімірам Мацкевічам. Пасля таго, як глуханямога асудзілі за выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў, аднарукага за плясканне ў ладкі, асудзіць за прысутнасць на пратэстнай акцыі адсутнага ў краіне —  цалкам «нармальна».


Але ці адпавядае гэта заяўленай «лібералізацыі»?


Так, палітычным партыям не перашкаджаюць праводзіць нават несанкцыянаваныя акцыі. Але іх па-ранейшаму не дазваляюць. І па-ранейшаму не даюць палітыкам, альтэрнатыўным адзінаму і галоўнаму, выказацца на агульнанацыянальных пляцоўках. Так, на спектаклі Беларускага свабоднага тэатру пакуль не ўрываюцца міліцыянты. Але яны, як і раней, маюць канспіравацца, — гэта абавязковая ўмова дазволу на існаванне, яно можа быць толькі падпольным.


І гэтак далей, і таму падобнае, і ў тым жа духу. Ланцуг знялі, запусцілі ў вальер, але прынцыпова стаўленне ўладаў да незалежнага грамадства не змянілася: прынцып «цягнуць і не пушчаць» застаецца ў дзеянні. Хіба што цягнуць і не пушчаюць цяпер меней брутальна.


Самае ж галоўнае — улада, троху спрасціўшы ўмовы існавання сваім апанентам, ні на ёту не памяняла сябе. То бок яна сама нават і не думала «лібералізавацца».


Паглядзіся ў воду, якога ты роду


Нядаўна мне давялося дапамагаць брытанскай здымачнай групе, якая працавала ў Беларусі. На замову Google брытанцы здымалі фільм пра ролю новых тэхналогіяў у нашым жыцці. У прыватнасці, пра тое, як новыя тэхналогіі дапамагаюць свабодзе самавыяўлення. Але не толькі, у тым ліку проста аб тым, якія новыя выгоды яны прыносяць краіне і якія новыя выклікі цягнуць за сабой.


Паколькі да мяне звярталіся па экспертнае меркаванне задоўга да пачатку працы непасрэдна ў Беларусі, я ведаю, што першапачаткова журналісты настроеныя былі зняць пазітыўны дакументальны фільм пра Беларусь. Як пра краіну, якая ўжо перагарнула самыя цёмныя старонкі сваёй гісторыі, а цяпер імкліва вяртаецца ва ўлонне еўрапейскай цывілізацыі.


Гэта фільм ахопіць велізарную аўдыторыю. Ён мог бы стаць цудоўнай і абсалютна бясплатнай рэкламай нашай краіны. Але не стане. Тое, што ў выніку атрымалася,  застаецца ў рамках ранейшага іміджу «апошняй дыктатуры Еўропы».


Падкрэсліваю, атрымалася, але не задумвалася! У мяне, як у закаранелага апазіцыянера, ветэрана шматгадовага бясплоднага супрацьстаяння уладам, зубы зводзіла ад пахвальных водгукаў на іх адрас ад брытанскіх калегаў да пачатку здымак. А вось паехалі яны назад у свой Лондан, знаходзячыся ў лёгкім шоку.


Калі выйдзе фільм, улады могуць скрыгатаць зубамі, называць яго фальшыўкай, элементам інфармацыйнай вайны, як заўгодна. Факт застанецца фактам — гэта яны самі яго стварылі, сваімі недальнабачнымі, а месцамі проста вар'яцкімі дзеяньнямі. Безумоўна, special thanks go to (асаблівая падзяка — аўт.) рагачоўскім чыноўнікам. У значнай ступені менавіта яны стварылі нашай краіне імідж еўрапейскай Паўночнай Карэі з сіцылійскім прысмакам.


Тэхналогіі новыя — праблемы старыя


Не кожны дзень даводзіцца размаўляць з Мінабароны, Мінінфармацыі, ААЦ, БТРК, і нават БРСМ. А ўжо з КДБ — і пагатоў. Але бывала. Працуючы журналістам, я раз-пораз звяртаўся да кагосьці з іх па каментар. Калісьці давалі, калісьці не, але ў цэлым уражання поўнай іх закрытасці ў мяне не стварылася.


Таму, калі брытанцы папрасілі атрымаць у іх дазвол на здымкі з іх удзелам, мне не прыйшло ў галаву сказаць: з дубу ляснуліся, ці што? Хіба што адносна КДБ у мяне былі сумневы, але і тут перспектывы не здаваліся цалкам змрочнымі, бо гаворка ішла пра інтэрв'ю з іх прадстаўніком. Калі ў мяне нехта папросіць нешта падобнае яшчэ раз, я адкажу менавіта тымі словамі, пра дуб.
І нагода ж была цалкам прыстойнай: правесці здымкі з гэтымі структурамі па пытанні, у якім Беларусі няма чаго чырванець — імклівае развіццё і пашырэнне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Усе ведаюць, што ўнёсак беларускіх спецыялістаў у гэтай галіне параўнальна вельмі вялікі.


Высілкамі профільных чыноўнікаў, якія не пабаяліся б адкрытасці, наша краіна магла быць прадстаўлена як такая, што актыўна рухаецца ў цывілізацыйным кірунку. І мае на гэтым шляху нядрэнныя поспехі. Пэўныя абмежаванні свабоды самавыяўлення можна было б прадставіць, як прыкрыя, але неабходныя меры, звязаныя з пэўнай несамастойнасцю Беларусі ў інфармацыйнай сферы — праз немагчымасць адасобіцца ад моцнага інфармацыйнага ўплыву з боку Расіі, напрыклад.


Як след спакаваўшы ў квяцістую абгортку, тую самую «лібералізацыю» можна было зрабіць вызначальным маркерам сучаснай Беларусі. Цалкам пасільная задача, калі падумаць. Прынамсі, уражання аб адыёзнасці краіны можна было пазбегнуць на раз-два.


Але нашыя чыноўнікі, падобна, узялі сабе за правіла: за незробленае — не заб'юць, а за найменшы промах — пакараюць, і чым буйнейшы промах — тым больш буйнога пакарання можна чакаць.


І ў выніку стварылі імідж абсалютна закрытай, непрыязнай да замежнікаў краіны. Калі ты закрываеш дзверы перад носам журналіста, а значыць — перад грамадствам, ён мае ўсе падставы лічыць, што за тымі дзвярыма робіцца нешта не вельмі добрае. І звычайна так і лічыць.


Глупства ці здрада?


Якімі б рознымі ні былі БТРК і Мінабароны, БРСМ і КДБ, іх рэакцыя была практычна ідэнтычнай, толькі з варыяцыямі на тэму: «Лічым немэтазгодным». Адказ мог быць дадзены хутка і выразна, як у выпадку з Мінабароны; доўга хадзілі па крузе, як у БТРК; доўга высвятлялі, што гэта за СМІ, прасілі даць інфармацыю, бо не маглі прачытаць артыкул у Вікіпедыі, за няйменнем старонкі на расійскай, а па-англійску яны не чытаюць, як было ў Мінінфарме; не адразу давалі адмову, ветліва спасылаючыся на занятасць, як у КДБ; ятрыліся, учуўшы нейкі падвох, як у БРСМ; «адказным за адмоўны адказ» рабілі «паштальёна Печкіна» — дзяжурнага, які і перадаў адмову, як у ААЦ.


Самая арыгінальная, шалёна смешная адмова была атрыманая ад БелТА. Папярэдне супрацоўнікі БелТА нібыта па-сяброўску пагадзіліся на сустрэчу, а праз пару дзён ператэлефанавалі і сталі распавядаць пра тое, што ў іх плануецца маса выдатных новых сэрвісаў, якія найлепшым чынам падыходзяць нашаму фільму. Цудоўна! Але яны пакуль яшчэ не гатовыя. Нічога, у нас яшчэ ёсць некалькі дзён. Не, так хутка яны не з'явяцца. Але ж вы так ці іначай карыстаецеся новымі тэхналогіямі? Карыстаемся, але яны не тое каб вельмі новыя. Таму лепей каб вы завіталі да нас пазней. Наколькі пазней? Прыязджайце да нас у 2018 годзе, на стогадовы юбілей агенцтва!


«Як бы чаго не выйшла» — пераважыла ва ўсіх усе іншыя, талкова і падрабязна прадстаўленыя, аргументы.


Брытанцам заставалася толькі раздражнёна мармытаць сабе пад нос: «Words cannot even begin to explain this level of idiocy» («Словамі і блізка нельга апісаць гэты ўзровень глупства»).


«Глупства ці здрада?», —  як пытаўся ў расійскага ўрада ў 1916 годзе лідэр кадэцкай партыі.


Пакінем гэтае пытанне без адказу. Бо справа журналіста — задаваць пытанні. Адказваць (і несці адказнасць) павінны дзяржаўныя чыноўнікі. Яны ж паказалі сябе цалкам безадказнымі.