Беларусь — гэта не Мінск

«Цяпер вы ўбачылі сапраўдную Беларусь, зазірнулі за вылізаны фасад. Мінск — гэта ўсяго толькі намаляваны ачаг у жалю вартай каморцы Таты Карла. І за тым намаляваным ачагом уваход не ў тэатр, а ў пакой жахаў»



Новыя тэхналогіі, адсутнасць сродкаў і фіксацыя на сталічным жыцці сапсавалі мінскую незалежную журналістыку, звузіўшы яе кругагляд. На паездкі за МКАД часцяком банальна няма грошай. Навошта ехаць, калі можна проста «накапаць» нешта ў сеціве. І што там наогул глядзець, калі нічога цікавага няма, ўсё самае галоўнае адбываецца ў Мінску. Такі падыход, на мой погляд, моцна сказіў уяўленне сталічных журналістаў пра Беларусь у цэлым.

«Мы жывем, пад сабою не чуем краіны»

Я не адзін такі, але патлумачу на сваім прыкладзе. Літаральна на мінулым тыдні, з'ездіўшы ў Рагачоў, я зразумеў, што вельмі кепска ведаў сваю краіну. Да гэтай паездкі я быў упэўнены, што ўся Беларусь прыкладна такая самая, як мой родны Мінск. Чыстая, акуратная, з роўнымі новымі дарогамі, новабудоўлямі, з фабрыкамі і заводамі, якія, магчыма, працуюць на склад, але працуюць. З дарожкамі, лаўкамі і ліхтарамі ў цэнтральных парках. Амаль не кранутая карупцыяй, у параўнанні з нашым усходнім (ці паўднёвым) суседам. І з палітычнай адлігай, то бок вітрыннай лібералізацыяй. Ва ўмовах якой улады намагаюцца калі не быць, дык прынамсі выглядаць дэмакратычнымі.

У Рагачове гэтая карціна разбілася ўшчэнт, на друзачкі. Ужо на выездзе з Рагачову я пачуваўся гэтак жа сама, як пачуваўся летам 2014 года, канчаткова выязджаючы з акупаваных тэрыторый на Данбасе на тэрыторыю, падкантрольную Украіне. Тады мой італьянскі сябра выгукнуў: «Чортаў Данбас! Нарэшце мы ў цывілізаванай краіне!» Дык вось, калі мы вярнуліся з Рагачова ў Мінск, я ўздыхнуў з палёгкай, нібыта прыехаў у зусім іншую, свабодную і заможную краіну. 

Рагачоў аказаўся нечым сярэднім паміж «беларускай Сіцыліяй» і «беларускай Паўночнай Карэяй».

Мінскгэта яшчэ не Беларусь

Дарэчы, я б ніколі туды, мабыць, і не трапіў, калі б мая дапамога не была патрэбна здымачнай групе брытанцаў. Яны на замову Google рабілі ў Беларусі фільм пра «свабоду самавыяўлення і новыя тэхналогіі». І ў якасці аднаго з герояў абралі Дзяніса Дашкевіча. Мясцовага незалежнага журналіста, рэдактара сайта Vrogacheve, барацьбіта з чыноўніцкай карупцыяй і абыякавасцю.

На мой сорам, спачатку я ўгаворваў сваіх калегаў адмовіцца ад гэтай паездкі. Бо ведаў, наколькі дарагі для іх час і нічога не ведаў пра той Рагачоў. Калі ж я пачуў ад іх пераказ словаў Дзяніса пра нечуваную карупцыю і неверагодны ўзровень рэпрэсіўнасці мясцовых уладаў, я вырашыў, што малавядомы правінцыйны актывіст перабольшвае, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Прабач, Дзяніс!

У выніку паездкі брытанскія калегі былі адначасова шакаваныя і страшэнна задаволеныя — Рагачоў напоўніцу даў зразумець, што такое свабода самавыяўлення ў Беларусі і з чым яе ядуць улады.

Дзяніс пачаў здымачны дзень са словаў: «Вы мусіце ведаць, што Беларусь —  гэта не Мінск». То бок не вылізаная, даволі заможная, цалкам еўрапейская з выгляду, упарадкаваная краіна. Гэта краіна пакрытая плямамі беднасці, распаду і чынавенскага самадурства. Краіна даволі панылая і страшнаватая. Не ведаю, ці можна словы Дзяніса аднесці да «васьмідзесяці адсоткаў Беларусі», як ён сцвярджаў, але Рагачоў сапраўды аказаўся такім.

Дрыгва замест парку з фантанамі

Мы папілі кавы з цукеркамі Roshen у яго дома, абмеркавалі планы на дзень і першым чынам паехалі паглядзець на цэнтральны рагачоўскі парк. Брытанскія калегі доўга не маглі зразумець, навошта ім ехаць у парк «з фантанамі, лебедзямі і французскімі турыстамі». На які ўладамі былі выдзеленыя вялізныя грошы — толькі па афіцыйнай, магчыма, не поўнай інфармацыі, каля 600 тысяч долараў. Добра, што Дзяніс пераканаў брытанцаў — ГЭТА абавязкова трэба пабачыць на свае вочы. Ну ок, давай паглядзім, без асаблівага энтузіязму сказалі брытанцы, але паехалі.

Прыехалі на месца. Пакруцілі галовамі. Не згаворваючыся, усе разам спыталі ў Дзяніса: «А дзе ж парк?!»

Ну як дзе, кепліва адказаў Дзяніс, вось лебедзі, вось фантаны, вунь французскія турысты. Прынасмі, кажа ён, улады іх бачаць. А вось мясцовыя жыхары і незалежныя журналісты — не. Такім чынам, грамадства жыве з уладамі ў паралельных рэальнасцях.

Замест цудоўнага парку мы пабачылі зарослую пустазеллем і быллём пустку, засмечаную пустымі пляшкамі ад спіртных напояў і няпарнымі ботамі. «Магчыма, засталося ад французскіх турыстаў», — гаворыць Дзяніс.

Пустку «ўпрыгожвалі» дзве крывыя копанкі з мутнай вадой. «Не выключана, што мясцовыя ўлады нешта ведалі пра надыходзячы крызіс і вырашылі, што зараз будзе не да прыгожасці. Абы неяк пракарміцца. Бо мясцовыя жыхары знайшлі гэтым копанкам карыснае прымяненне — запусцілі сюды карасёў і вудзяць», — кажа герой брытанскага фільму.

Менавіта з размовы з мясцовым жыхаром, вельмі чырванатварым, але разумным і цікаўным пенсіянерам з унукам, і пачалася нейкая «беларуская Сіцылія» ці «беларуская Паўночная Карэя».

Дзед весела і кепліва распавядаў нам пра тое, што «тыя ёлупні толькі горш зрабілі», бо на гэтым месцы раней быў сапраўдны парк, з прыгожымі дрэвамі і алеямі, якія яны пасеклі, распавядаў, як ужо былі завезлі матэрыялы, але тыя як з'явіліся, так і зніклі раптоўна, а потым сюды следчая група прывозіла мэра горада, дык ён нешта ім там паказваў хадзіў, мэра пасадзілі, а парк як быў Дрыгвой (нефармальная назва месца, якую далі мясцовыя жыхары — аўт.), гэтак суцэльнай Дрыгвой і застаецца. Хіба што карасёў вудзім, а так суцэльнае паскудства, цьху, куды толькі прэзідэнт глядзіць! Мо таму, што ён ніколі тут не бываў, чыноўнікі і расперазаліся. А можа, усе яны там наверсе аднолькавыя, каб ім пранцы. Саджаюць кагосці пастаянна, а да лепшага ні халеры не мяняецца. 

Беларуская Сіцылія

Здымаем дзеда, які з цікаўнасці захацеў разам з унукам «патрапіць у цілявізар». І тут паўз нас павольна праязджаюць тры машыны, напоўненыя каржакаватымі мужчынамі ў характэрных вязаных шапачках. Крыкліва дарагімі і новымі на тле Дрыгвы. Выглядала гэта, як у нейкім крымінальніцкім серыяле — мафіёзі прыехалі на пустку «вырашаць пытанні».

«Разумееце, калі вы здымалі толькі мяне, яны б не хваляваліся і маглі нас праігнараваць. Бо мяне можна прадставіць грамадскасці, як пятую калону, грантацмока, клятага апазіцыянера і ворага народу. А вось калі вы пачалі размаўляць з простымі людзьмі, і яны пачалі казаць тое ж самае, што кажу я, у іх нервы не вытрымалі», — тлумачыць Дзяніс з'яўленне на сцэне тых «мафіёзі», сярод якіх ён пазнаў мясцовых міліцыянтаў і чыноўнікаў.

Сталі трохі на аддаленні. Выйшлі з машыны, рукі ў кішэнях, вязаныя шапкі на лоб, стаяць і глядзяць на нас нядобрымі вачыма. Ну ок, давай, Дзяніс, пакажы, які ты смелы незалежны журналіст. Падыйдзі і спытай, хто яны і навошта сюды прыехалі. 

Як толькі мы да іх падышлі з камерай, «мафіёзі» усе разам ад нас адвярнуліся, пачалі рухацца, удаючы, быццам яны прыехалі на засмечаную пустку па нейкай сваёй вельмі важнай справе. Размаўляць адмовіліся, буркнуўшы нешта нявызначана пагрозлівае.

Мы пайшлі да сваёй машыны, бо цікавы сюжэт цікавым сюжэтам, але застацца на пустцы з хеўрай суворых мужыкоў бандыцкага выгляду нікому не хацелася. А нашу машыну ўжо прыціснуў дарагі белы мікрааўтобус. Адтуль выскачыла тыповая беларуская начальніца, якая аказалася галоўным ідэолагам гораду, стала хапаць Дзяніса Дашкевіча за рукі, спрабуючы адцягнуць далей ад камеры. Што вы тут робіце, што вы здымаеце, чаму вы ніяк не супакоіцеся, праблемаў хіба захацелі, дык я вам ствару праблемы.

Пасля доўгай і бессэнсоўнай спрэчкі з чыноўнай цётачкай Дзяніс спытаў, ці не магла б яна адпусціць нас паснедаць.

«Навошта вам яшчэ снедаць, вы ўжо папілі кавы з рашэнаўскімі цукеркамі, хопіць з вас. Мне здаецца, што брытанскім таварышам ужо час паехаць з гораду, а не снедаць яшчэ тут», — ашаламіла нас сваімі ведамі спадарыня Тамара Вераб'ёва, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Дадаўшы на развітанне, што яны «сёння ж пачынаюць рэканструкцыю парку». Для гэтага, маўляў, і прыехалі.

Едзем снедаць. За намі — белы мікрааўтобус і тыя самыя тры машыны. Машын потым стане болей, за намі паўсюль будзе «хвост», па ўсім горадзе, усюды будуць чакаць «ціхары», у самых аддаленных кутках гораду.

Падчас сняданку ад «свайго чалавека» у гарадскім выканкаме прыйшло паведамленне, што супраць нас рыхтуецца правакацыя. Дзяніса збіраюцца арыштаваць за хуліганства. Пазней мы атрымаем інфармацыю, што рагачоўскія ўлады паведамілі ў цэнтр, нібыта брытанцы ходзяць па горадзе п'яныя, крычаць, размахваюць рукамі і, увага, «паводзяць сябе непаважліва, як тыя каралі тут багуюць». Такім чынам яны тлумачылі Мінску арганізаваную супраць нас маштабную спецаперацыю.

Калі мы ад'язджалі ад кавярні, дарогу нам рэзка перакрыў іншы мікрааўтобус, прыехала ДАІ, праверылі дакументы і машыну. За ўсім гэтым з свайго мікрааўтобусу сачыла спадарыня Вераб'ёва.

Паблізу ад закрытага агародніннага завода, у занядбаным раёне горада з нефармальнай назвай «Паўночная Карэя», нас «пасвілі» не меней за пяць машын. На ўсёй хуткасці туды прыехала дырэктарка караоке-бару, адкрытага на месцы былой прахадной заводу, каб паведаміць, што завод нібыта ўжо ледзве не заўтра купяць нейкія там расіяне.

Заўважу, што перад тым Дзяніс нам доўга распавядаў, што за той завод чыноўнікі зарадзілі «неадэкватную цану», бо, на яго думку, на горад і людзей ім пляваць, яны сядзяць і чакаюць адкатаў. Але замежныя інвестары, які прыязджалі ў Рагачоў, схемы не зразумелі, таму заводы ніхто і не купіў дасюль. Большая іх частка ў Рагачове або збанкрутавала і закрылася, або ледзь ліпеюць і хутка таксама могуць ляснуцца.

На пад'езде да закрытай мэблевай фабрыкі дарогу нам перакрыў грузавік, каля якога завіхаліся людзі ў вайсковай форме... Брытанцы папалохаліся ўжо не на жарт, месца было бязлюднае, закрытае, хто яго ведае, што тут можа здарыцца.

Беларуская Паўночная Карэя 

І вось якраз калі брытанцы пачалі выказваць сур'ёзную занепакоенасць, мясцовыя ўлады раптоўна вырашылі змяніць тактыку. Прыйшла інфармацыя з гарвыканкаму, што нас чакаюць у гарадскім музеі, каб правесці для нас экскурсію, сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі, БРСМ і піянерскай арганізацыі, ледзве не хлеб-соль з песнямі і танцамі.

Брытанцаў гэтая прапанова спалохала ці не болей, чым усё, што адбывалася дасюль. Дзяніс, які казаў, што «ніколі ў жыцці ні з чым падобным не сутыкаўся», таму яму карцела паехаць, з цяжкасцю іх угаварыў.

Але калі на месцы дырэктар музею даведаўся, што нам не патрэбныя экскурсія і хлеб-соль, мы хацім толькі сустрэцца з мясцовай адміністрацыяй, каб спытаць пра Дрыгву і перашкоды, якія чыняцца працы незалежнага журналіста, сустрэча раптоўна адмянілася.

Мы развіталіся з дырэктарам музею і перайшлі дарогу, каб завітаць да гарвыканкаму. Каля будынку стаялі два аўтобусы, вакол якіх тоўпіліся каржакаватыя мужыкі ў характэрных вязаных шапачках. З іх боку даносілася: «Гэй, прыдуркі, што вы там здымаеце? Сюды ідзіце, мы вам тут нешта пакажам!»

Адначасова з віскам да нас падкаціў мікрааўтобус, адкуль выскачыла спадарыня Вераб'ёва: «Ды каб вы праваліліся, што вы тут усё ходзіце, што вы не супакоіцеся ніяк, што вы тут здымаеце! А ну выключы камеру, ты мае правы парушаеш, ты не маеш права мяне здымаць! Едзьце з горада, каб я вас тут больш не бачыла!» Залішне казаць, што ў гарвыканкам нас не пусцілі, выштурхаўшы сілком на ўваходзе...

Брытанцы былі задаволеныя, што ў іх атрымалася зняць увесь гэты цырк. Але разам з тым яны былі вельмі спалоханыя. Настолькі, што крыкам крычалі, калі мы спыніліся на запраўцы ўжо даволі далёка ад Рагачова, дзе не працавалі тэрміналы і трэба было пачакаць хвілін пятнаццаць. Мы нават пасварыліся праз тое, бо я ўспрыняў іхны крык, як наезд на гераічнага вадзіцеля, які нават брывом не варухнуў у Рагачове падчас той дзікай перадзелкі. Хаця рызыкаваў, мабыць, ці не болей за журналістаў.

«Гэта чыстая банда, рабяты, натуральная Сіцылія... Цяпер вы ўбачылі сапраўдную Беларусь, зазірнулі за вылізаны фасад. Мінск — гэта ўсяго толькі намаляваны ачаг у жалю вартай каморцы Таты Карла. І за тым намаляваным ачагом уваход не ў тэатр, а ў пакой жахаў. Шкада толькі, што сталічныя журналісты вельмі мала цікавяцца правінцыйным жыццём», — смеючыся, сказаў Дзяніс Дашкевіч на развітанне.

Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, Дзяніс падзяліўся з аўтарам інфармацыяй аб тым, што пасля нашага ад'езду гарвыканкам замовіў двухмятровыя платы — каб схаваць ад непажаданых вачэй тую самую Дрыгву.  

ФОТА Дзяніса Дашкевіча. Прайсці дадатковую фотаэкскурсію Занядбаны Рагачоў