Рагачоў — горад, дзе няма радасці

«Я адкрыта называю мясцовую ўладу мафіёзнай, і лічу, што сітуацыя сёння ў Рагачове такая: 35 тысяч чалавек фактычна з'яўляюцца закладнікамі пэўнай бандыцкай групы».



dzianis.jpg

Дзяніс Дашкевіч, рэдактар сайту «Рагачоў Онлайн»

Нашыя чытачы ведаюць пра гісторыю паездкі журналіста «Новага Часу» разам з брытанскімі калегамі ў Рагачоў, дзе мясцовае чыноўніцтва сустрэла іх ці то ў сіцылійскім, ці то ў паўночнакарэйскім стылі.

Гісторыя выйшла скандальнай, імгненна разляцелася па беларускай інфармацыйнай прасторы і нават выйшла за яе межы. Але мы сваю задачу бачым не ў пагоні за папулярнасцю. Наша задача — капаць як мага глыбей і прадстаўляць нашым чытачам найбольш поўную інфармацыю. Таму мы зрабілі інтэрв'ю з галоўным віноўнікам скандальнай падзеі — Дзянісам Дашкевічам, незалежным грамадскім журналістам і барацьбітом супраць злачыннай дурасці мясцовых босаў.

Пра Рагачоў і яго праблемы, пра гісторыю таго, як сам Дзяніс стаў «аваднём» для рагачоўскага начальства, пра яго ролю адзінай крыніцы праўдзівай інфармацыі з месца для «цэнтру». Ну і таксама паспрабавалі высветліць, ці ёсць у Рагачове нешта добрае, каб не «ачарняць» рэчаіснасць.

 Скажы, калі ласка, Дзяніс, тая вар'яцкая сітуацыя, у якой мы разам апынуліся 23 сакавіка, працуючы з брытанскімі журналістамі ў Рагачове, яна ўнікальная ці гэта звычайная з'ява?

— Не, я нічога іншага ад іх не чакаў. З нечым падобным я сутыкаюся рэгулярна, калі спрабую асвятліць любыя падзеі ў горадзе. Яркі таму прыклад, калі намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях ідэалогіі Васіль Каральчук сілай выштурхаў мяне з будынка ГДК, дзе праходзіла сустрэча насельніцтва з губернатарам.

Дарэчы, па маёй інфармацыі, якой я давяраю на 99,99%, з 1 красавіка спадар Каральчук звольнены з пасады і пераведзены кудысьці ў райсабес, а супраць яго сына распачатая крымінальная справа, звязаная з карупцыяй. Апошняе, што праўда, я не магу сцвярджаць дакладна. Пагаворваюць, што гэта выклікана менавіта падзеямі 23 сакавіка.

Амаль такі самы «шухер» адбыўся, калі ў горад прыязджалі журналісты Белсату па маім запрашэнні. Але маштаб спробы супрацьдзеянне брытанскай здымачнай групе, канешне, уразіў. І чаго дакладна раней не было, дык гэта абяцанняў ужо сёння пачаць выпраўляць усе недахопы, а таксама запрашэння на сустрэчу. Па апісанні гэта меўся быць нейкі ці не ганаровы прыём. Я нават троху шкадую, што не пабачыў таго цырку на дроце.  

— Як ты лічыш, чым была выкліканая гэтая спецаперацыя?

— Паводле інфармацыі ад маіх крыніц у райвыканкаме, мясцовая ўлада рэгулярна дакладвае на «верх» аб сітуацыі ў горадзе, калі нешта прасочваецца ў СМІ, і ў прыватнасці на старонкі сайта «Рагачоў Онлайн». Дакладваючы, яны робяць акцэнт на тое, што я ўвесь час перабольшваю, нешта там прыдумляю, што я неадэкватны і г.д. Самае дзіўнае, што такога ж меркавання да гэтага выпадку прытрымлівалася і большасць маіх калегаў з незалежных медыя.

Калі ўлады даведаліся, што сюды едуць замежныя журналісты, якія будуць асвятляць сітуацыю «як ёсць», яны зразумелі, што ўжо не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі стане вядома, што ўсё, што я казаў гэтыя гады, чыстая праўда.

Яны проста хацелі не дапусціць уцечкі інфармацыі з горада на старонкі замежных выданняў. Бо цяпер яны ўжо не могуць сказаць, што гэта ўсё прыдумаў вар'ят Дашкевіч. Не выпадкова, і ты гэта ведаеш, яны запрасілі нас у музей, відавочна спрабуючы дамовіцца, каб не толькі негатыў прасачыўся ў медыя. Аднак, калі ім стала зразумела, што па іх сцэнару замежныя журналісты працаваць не будуць, яны паказалі сваё сапраўднае аблічча.

— Адкуль у мясцовай улады столькі рэсурсаў? У пераследзе журналістаў задзейнічалі нейкую неверагодную колькасць людзей і машын, ніколі такога раней не бачыў. Рагачоў, мабыць, вельмі багаты горад, проста гэта не кідаецца ў вочы?

— Уласна кажучы, Рагачоў мог бы сапраўды быць багатым горадам, у нас для гэтага былі ўсе магчымасці. Аднак сёння гэта горад багатых чыноўнікаў, і вельмі бедных і запалоханых людзей.

Я адкрыта называю мясцовую ўладу мафіёзнай, і лічу, што сітуацыя сёння ў Рагачове такая: 35 тысяч чалавек фактычна з'яўляюцца закладнікамі пэўнай бандыцкай групы.

Ды і цэнтральныя ўлады не адмаўляюць крымінальны складнік рагачоўскай ўлады, інакш як растлумачыць тое, што два запар кіраўніка горада трапілі за краты па абвінавачванні ў карупцыі?

Цяпер мы разам пабачылі, як яны выкарыстоўваюць грошы падаткаплацельшчыкаў. Замест таго, каб заняцца добраўпарадкаваннем горада, усе магчымыя гарадскія службы працуюць у рэжыме пастаяннай "баявой гатоўнасці", калі журналісты спрабуюць асвятліць рэальныя праблемы рэгіёну і тое, што тут на самой справе адбываецца.

 Калі карупцыйны элемент у гісторыі з «Балотам» відавочны, з зачыненымі заводамі, якія мы бачылі, усё не так адназначна. Магчыма, гэта вынік натуральнага адбору, прайгранай канкурэнцыі, і толькі?

— Некаторыя прадпрыемствы былі проста знішчаныя наўмысна. Гэтак жа яны хацелі разваліць горадаўтваральнае прадпрыемства РМКК, і там былі задзейнічаныя вельмі сур'ёзныя людзі. На шчасце, мы своечасова паднялі шум, і яны пабаяліся зрабіць з РМКК тое, што яны зрабілі з мэблевай фабрыкай, да прыкладу.

Я не веру, што вытворчасць мэблі ў Рагачове была б нерэнтабельнай, бо ў горадзе паспяхова рэалізоўваецца мэбля са Жлобіна. Прычым, ці не здаецца падазроным, што ў самых буйных гандлёвых аб'ектах горада, рэалізоўваецца мэбля аднаго вытворцы? Відавочна, што той вытворца не зацікаўлены ў тым, каб у Рагачове была уласная вытворчасць мэблі ў буйных аб'ёмах. Як той казаў: «Супадзенне? Не думаю ...»

Магу сказаць дакладна, што калі нехта прапануе рагачоўскім  чыноўнікам «выгадныя» для іх умовы, яны на іх пойдуць, нават калі прыйдзецца ператварыць горад у руіны.

Ім напляваць, што за год у горадзе было некалькі суіцыдаў, выкліканых беспрацоўем. Ім пляваць, што моладзь з'язджае з горада, што людзям ужо проста няма дзе працаваць! Галоўнае, што ў іх ёсць хаты, машыны, кватэры. Не магу сцвярджаць на сто адсоткаў, аднак ёсць падазрэнні, што прадпрыемствы ў Рагачове развальваліся наўмысна, магчыма, на замову канкурэнтаў. А каб яны не трапілі ў рукі інвестараў, стварылі проста нерэальныя ўмовы для іх пакупкі.

Тым не менш, горад не назавеш мёртвым. Сяк-так ён жыве. За кошт чаго? Што тут паспяхова працуе?

— Сёння ў горадзе паспяхова працуе адзінае прадпрыемства, гэта ААТ «РМКК». Яно вырабляе без усялякага перабольшання найлепшую згушчонку ў свеце. Дарэчы, іх прадукцыя неаднаразова перамагала на розных міжнародных выставах і фестывалях. І калі яны паспрабуюць разваліць і гэта прадпрыемства, то мы папросту выведзем людзей на вуліцы горада.

— Наколькі вялікі, на твой погляд, маштаб «распаду»? Калі можна, прывядзі на канкрэтных прыкладах, у лічбах.

— Маштаб развалу настолькі каласальны, што, каб яго разумець, тут трэба жыць. Калі ў лічбах:

Да 1994 года на ААТ «Дыяпраектар» каля 7 тысяч чалавек! Сёння там засталося менш за тысячу рабочых.

 Агароднінны завод не толькі забяспечваў краіны СНД высакаякаснай прадукцыяй, але і наш горад прыкладна тысячай працоўных месцаў.

 Мэблевая фабрыка да развалу вырабляла школьную мэблю для краін СНД, працавала там некалькі сотняў чалавек.

Цагляны завод, там працавала таксама парадку паўтысячы чалавек, сёння прадпрыемства ў руінах.

Я не буду пералічваць дробныя прадпрыемствы, распад якіх пазбавіў працоўных месцаў каля тысячы чалавек. Аднак нават па гэтых лічбах, дзякуючы «дзейнасці» мясцовай улады, рэгіён страціў каля 10 тысяч (!) працоўных месцаў.

Хачу заўважыць, што 20 гадоў таму, сюды на працу прыязджалі нават эмігранты з Украіны, Рагачоў быў прамысловым цэнтрам Гомельскай вобласці. Гэта вам скажа любы жыхар горада, які тут жыве некалькі дзясяткаў гадоў. У свой час, нават Жлобін лічыўся «вёскай» у параўнанні з Рагачовам. А цяпер, жыхары Рагачова ездзяць у Жлобін (на ВРЗ, БМЗ і г.д.) на працу.

— Пагаворым трохі пра іншае. Раскажы, што цікавага ёсць у Рагачове? Як увогуле людзі спраўляюцца з даволі жорсткім і няўтульным асяроддзем існавання, чым можна пацешыць сябе ў вашым горадзе?

— У Рагачове унікальная прырода і гісторыя. Тут літаральна рыбалоўны рай, штогод сюды прыязджаюць сотні, калі не  тысячы рыбаловаў з усёй Беларусі, і нават з іншых краін. Асноўная забаўка мясцовых жыхароў — гэта рыбалка. І гэта не дзіўна, горад стаіць на двух рэках! Гэта адзінае, што дазваляе адцягнуцца ад таго бязмежжа, які робіцца ў нашым горадзе. Ёсць найлепшы кінатэатр у Гомельскай вобласці. Ёсць адзін з найлепшых санаторыяў, «Прыдняпроўскі».

Аднак тут зусім няма дзе бавіць вольны час моладзі, яны вымушаны ездзіць забаўляцца ў суседні Жлобін. Гарадскі пляж і набярэжная Дняпра — гэта сорам і ганьба!

Да адкрыцця «Еўраопта» тут нават не было нармальных крамаў. Пасля дзявятай гадзіны вечара горад апускаецца ў змрок, нават цэнтральныя вуліцы.

Маладым сем'ям тут проста няма чым заняцца, няма ні вольнага часу, ні забаў. Калі б не рыбалка, нават страшна падумаць, чым бы мясцовыя мужыкі тут сябе займалі.

— Раскажы, калі ласка, як ты стаў гэткім «аваднём», які не дае спакою ўладам. Наколькі я магу судзіць, твая гісторыя, як незалежнага журналіста — гэта гісторыя суцэльных перашкод і нават рэпрэсій. Але да таго, як ў такую гісторыю «уляпацца», ты быў паспяховым музыкай, потым даволі паспяховым бізнесоўцам.

 — Усё так. Я 6-разовы лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх музычных конкурсаў, тройчы станавіўся лаўрэатам міжнароднага конкурсу імя Жыновіча. Быў стыпендыятам спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

Самае цікавае, што я ў свой час быў узнагароджаны прэзідэнтам Беларусі, і ў Рагачоў прыехаў працаваць па сваёй спецыяльнасці ў аддзел культуры.

Больш за тое, калі я яшчэ жыў у Гомелі, мяне ў Рагачоў запрашалі працаваць. Улады ведалі, што я быў у адносінах з дзяўчынай з Рагачова, і тады яны лічылі за гонар, што іх культуру прыедзе падымаць музыкант з такімі ўзнагародамі.

Я гэта запрашэнне прыняў. Аднак тамтэйшы начальнік (Міхаіл Зайцаў), мабыць, угледзеў ўва мне канкурэнта, і вырашыў ад мяне пазбавіцца. Так я стаў беспрацоўным з ужо нікому непатрэбным прэзідэнцкім дыпломам, а разам з ім, і воўчым білетам у горадзе.

Тады я пачаў разумець, куды я прыехаў. Аднак пазней, калі я меў зносіны з іншымі людзьмі я зразумеў, што не адзін такі. У горадзе самы сапраўдны тэрор супраць нават не супраць апазіцыянераў, а простых людзей, якія ў чымсьці не дагадзілі начальству.

Мясцовыя ўлады тады проста не маглі нават уявіць, што музыка з Гомелю створыць тут такі сайт і рух супраць карупцыі і бязмежжа. Яны разлічвалі, што я ці сап'юся, ці буду ціха іграць на вяселлях. Мой бізнес якраз быў звязаны з арганізацыяй святкаванняў. Потым з палітычных прычынаў цалкам незаконна мая фірма была ліквідавана, на працу ў Рагачове мяне нідзе не бралі.

Але ў выніку ў Рагачове існуе даволі магутны грамадскі рух, якому сёння могуць пазайздросціць некаторыя мінскія структуры.

Магу таксама сказаць, што фактычны стваральнік рэгіянальнай апазіцыі і настолькі папулярнага ў рэгіёне сайта нават не я, а мясцовы начальнік аддзела культуры Міхаіл Зайцаў. Гэта з яго падачы мяне фактычна пазбавілі грамадзянскіх правоў у горадзе, і я проста зразумеў, што выйсце тут ёсць адзінае — змагацца не толькі за сябе, але і простых людзей у горадзе, якія проста безабаронныя перад свавольствам бандытаў і чыноўнікаў, якіх у нас цяжка адрозніць адных ад іншых.

— Калі я правільна разумею, як журналіст ты стараешся пазбягаць крытыкі цэнтральнай улады. У савецкі час тое, чым ты займаешся, назвалі б крытыкай «асобных недахопаў і перагібаў на месцах». Такога кшталту крытыка дазвалялася і нават заахвочвалася. Цябе ж прэсуюць, быццам ты «вораг народа». Як ты гэта можаш растлумачыць?

— У Рагачове значна больш небяспечны крытыкаваць мясцовую ўладу, чым самога Лукашэнку, гэта вельмі важны момант. Я пазбягаю крытыкі цэнтральнай улады не таму, што баюся самога Лукашэнкі, ці Кабякова. (Які, дарэчы, працаваў у Рагачове, і перыядычна чытае наш сайт, наколькі мне вядома.) А таму, што праблемы горада Рагачова людзей тут хвалююць куды больш, чым тое, хто будзе прэзідэнтам.

Людзі тут вельмі скептычна будуць ставіцца да любога прэзідэнта, настолькі яны расчараваныя ў справядлівасці, і ў той жа час знаходзяцца ў стане гранічнага адчаю.

Тым не менш, я падтрымліваю кантакты з многімі лідэрамі апазіцыі, але яны сюды не едуць, ім нашы праблемы нецікавыя, таксама як яны нецікавыя, мяркуючы па ўсім, і спадару Лукашэнку.

Мясцовая ўлада мяне прэсуе як «ворага народу» па адной простай прычыне: яны выдатна ведаюць, што ў адрозненні ад іх, у мяне тут ёсць рэальная падтрымка жыхароў. Яны выдатна ведаюць, што калі б у горадзе прайшлі сумленныя выбары мэра, або дэпутата, то я б іх выйграў проста з разгромным вынікам.

Іх таксама выбешвае і тое, што я пазбягаю крытыкі Лукашэнкі, і мяне падтрымлівае шмат людзей, якія з'яўляюцца прыхільнікамі палітыкі прэзідэнта, і нават шараговыя супрацоўнікі мясцовых дзяржаўных органаў. Як гэта ні парадаксальна, мяне тут падтрымлівае даволі шмат людзей, якія з'яўляюцца проста фанатычнымі прыхільнікамі Лукашэнкі і яго вертыкалі.

— Некаторыя мае калегі лічаць, што ты ў Рагачове выступаеш у ролі як бы мімавольнага агента цэнтральных уладаў. Быццам цябе свядома дазваляюць існаваць, каб атрымліваць праўдзівую інфармацыю з месца. Як ты ставішся да гэтай версіі?

— У нейкай ступені яны маюць рацыю. Атрымаць праўдзівую інфармацыю ў Мінску з Рагачова можна толькі праз наш сайт. Не выпадкова, калі ў горадзе была буйная аварыя ў сістэме водазабеспячэння, тэлеканал АНТ звязаўся менавіта са мной, каб атрымаць звесткі пра тое, што на самой справе адбываецца ў горадзе.

Вядома, я не агент уладаў, проста яны выкарыстоўваюць маю дзейнасць у сваіх інтарэсах. Мне здаецца, што калі б не такі інфарматар і раздражняльнік, як наш сайт, сітуацыя ў горадзе магла быць значна горшай. Такія азначэнні, як «беларуская Сіцылія»  і «беларуская Паўночная Карэя» апісвалі б стан рэчаў па-медыцынску дакладна, без элементу публіцыстычнага перабольшвання.

Нягледзячы на здушэнне свабоды распаўсюду інфармацыі ў цэлым па краіне, уладам патрэбныя каналы яе атрымання з месцаў. Гэта неабходны элемент кантролю. Іначай можна прамаргаць сацыяльны выбух.

Але я не свісток для выпуску пары. Ты раней назваў мяне «аваднём», так? Гэтае званне мне болей даспадобы. Бзынкаць і кусаць слугаў народу, якія вырашылі, што яны не слугі, а гаспадары, якія трымаюць мясцовых жыхароў за прыгонных, вось каб яны не спалі і не забываліся, —  у гэтым я бачу сваю задачу.

—  Дзякуй табе вялікі, Дзяніс, за цікавую і інфарматыўную гутарку. Ці ёсць нешта, што ты хацеў бы дадаць ад сябе? Магчыма, нейкія прэтэнзіі і пажаданні да сталічных журналістаў?

— Натуральна, хацелася б, каб сталічныя журналісты часцей да нас завітвалі. Мы маем вялікую патрэбу ў медыйнай падтрымцы з боку буйных СМІ, бо ў любы момант мясцовая ўлада можа зрабіць з намі ўсё што заўгодна. Многія мае родныя папросту турбуюцца нават за маё жыццё, і не беспадстаўна. Я разумею, што мінчукам цяжка нават уявіць, што насамрэч адбываецца ў Рагачове.

Але, як паказвае шалёная папулярнасць артыкула «Новага Часу» пра візіт у наш горад, патрэба ў інфармацыі з месцаў ёсць не толькі ў цэнтральных уладаў. Сталічным жыхарам таксама цікава ведаць, ці ёсць жыццё за МКАД. Дык прыязджайце ў госці часцей!

Таксама я б хацеў працытаваць урывак з тыповага ліста, якія дзясяткамі прыходзяць ад чытачоў нашага сайту. Гэты ліст нядаўна даслала маладая жанчына, назавем яе Алесяй, якая працуе ў сферы грамадскага харчавання. Не магу назваць яе сапраўднага імя і даць больш дакладныя звесткі, іначай яна папросту будзе звольненая ўжо заўтра.  

«Рагачоў — гэта горад дзе жывуць запалоханыя уладай і бязмежжам людзі. Усе тут жывуць адным днём. Я, напрыклад, асцерагаюся выказаць нашай уладзе ўсё, што пра іх думаю і паскардзіцца вышэй на іх, бо разумею, што магу застацца без працы, пачнуцца званкі з пагрозамі (і я не жартую, я гэта ўжо праходзіла). Цікавага ў нашым горадзе мала, ад многіх сваіх сяброў і знаёмых чую, што трэба "звальваць" з гэтага горада, што тут няма чаго рабіць, суцэльны дэпрэсняк.

Я хаджу з малым на дзіцячую пляцоўку, і што я там бачу? Арэлі крывыя і рыпяць пастаянна, горкі брудныя, як быццам іх ніколі і не чысцілі з таго моманту, як паставілі.

Мы ўсе чакалі з’яўлення парку. Дык дзе ж ён?.. Нашы ўлады шмат нам чаго абяцалі, але нешта нічога не робіцца, ды і рабіцца не будзе, у людзей ужо спрэс няма даверу да іхных абяцанак-цацанак, усе стаміліся ад хлусні і цяпер проста жывуць па схеме "праца, сям'я, праца". А ў каго няма працы, большасць проста співаюцца. Не бачу я радасці ў нашым горадзе»…