Лукашэнка хоча аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швецыяй
"Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялог з усімі краінамі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы шведскага пасла Марціна Обэрга.
На думку кіраўніка Беларусі, Швецыя грае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Еўропы. "Яе голас важка гучыць у Еўрасаюзе, — заявіў Лукашэнка. — Ды і мы ніколі не хавалі, што нам ёсць чаму павучыцца ў Швецыі".
Марцін Обэрга з ліпеня 2013 г. працаваў у Мінску ў рангу часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі, а ў канцы красавіка гэтага года быў прызначаны паслом.
У жніўні 2012 года паміж Мінскам і Стакгольмам адбыўся дыпламатычны канфлікт. Прычынай стала рашэнне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю шведскаму паслу Стэфану Эрыксану, якога Мінск абвінаваціў у дэструктыўнай дзейнасці. У адказ шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. 30 жніўня абедзве амбасады спынілі сваю працу. Функцыі шведскай амбасады ў Мінску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускага ў Стакгольме — пасольства Латвіі.
Вясной 2013 года беларускі бок задаволіў просьбу шведскага боку і акрэдытаваў у Мінску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі. Разам з тым беларускае пасольства ў Стакгольме не працуе да гэтага часу.
30 красавіка гэтага года, пасля свайго прызначэння паслом, Марцін Обэрга заявіў, што Швецыя вітала б адкрыццё беларускай амбасады ў Стакгольме. "Мы гатовыя прыняць беларускае пасольства Спадзяемся, што яно будзе адкрыта. Але Беларусь — ... Незалежная і суверэнная дзяржава <...> Канчатковае рашэнне за беларускім бокам".
Обэрга адзначыў, што ў Беларусі і Швецыі "ёсць шмат тэм, над якімі можна працаваць". Ён, у прыватнасці, назваў гандаль, дзе ў краін "вялікі патэнцыял, але мала чаго адбываецца". "Ёсць яшчэ прамыя кантакты паміж нашымі народамі, экалагічная і культурная сферы Ёсць над чым працаваць", — сказаў новы пасол Швецыі.