Лукашэнка: Інфармацыйныя ўкіды ўплываюць на жыццё дзяржаў
Сёння ў СМІ назіраецца дэфіцыт кантэнту, які б карыстаўся даверам у аўдыторыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка ў Мінску, адкрываючы "Вялікую размову з прэзідэнтам", паведамляе БелаПАН.
Паводле слоў Лукашэнкі, мэта сустрэчы — "даць аб'ектыўную ацэнку ў дачыненні да тэм, якія найбольш абмяркоўваюцца, якія хвалююць людзей і грамадства". Паводле яго слоў, трэба пачуць народ, уладу, прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай медыйнай супольнасці, экспертаў розных сфер. "Усё, што сёння прагучыць, стане асновай для падрыхтоўкі паслання прэзідэнта парламенту і народу", — дадаў ён.
"Нягледзячы на такое магутнае развіццё медыйнай прасторы, у наяўнасці дэфіцыт кантэнту, які б карыстаўся абсалютным даверам у аўдыторыі", — сказаў Лукашэнка. Адна з прычын гэтага, на яго думку, — так званыя фэйкавыя навіны. "І вы ведаеце, што там, дзе гаворка ідзе пра вялікую палітыку, небяспека ад падобнага роду інфармацыйных укідаў павялічваецца шматкроць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу на "разбуральную сілу", з якой інфармацыйныя ўкіды ўплываюць на жыццё асобных дзяржаў. "Роля фактару стрымання або сілы процівагі тут адведзеная аўтарытэтным выданням і журналістам, якія яшчэ захоўваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі, паважаюць сваю аўдыторыю. Такіх, праўда, застаецца ўсё менш, але ў нас яны ёсць", — заявіў Лукашэнка.
"Вельмі хацелася б, каб і СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, і эксперты, якія ацэньваюць падзеі і ствараюць пэўны фон іх успрымання, адчувалі мяжу дапушчальнага, за якой парушаецца раўнавага грамадства. Таму што мір і парадак у краіне не варты прафесійных амбіцый", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
На "Вялікай размове з прэзідэнтам" прысутнічаюць прадстаўнікі 40 беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У іх ліку: прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных газет "Народная воля", "Комсомольская правда" в Белоруссии", "Прессбол", "Аргументы і факты", "Наша нiва", інтэрнэт-парталаў tut.by, onliner.by, kraj.by. Прысутнічаюць таксама журналісты з Азербайджана, Грузіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, агенцтва Reuters і тэлерадыёкарпарацыі BBC.
Яшчэ некалькі дзясяткаў журналістаў, у тым ліку карэспандэнт БелаПАН, працуюць у прэс-цэнтры комплексу "Белэкспа", где праходзіць мерапрыемства. Непасрэдна на сустрэчу з Лукашэнкам заяўлены прадстаўнік БелаПАН не акрэдытаваны.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН