Лукашэнка: «Я схіляюся да таго, што новую Канстытуцыю трэба будзе прымаць»

Падчас "вялікай размовы" Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі магчымыя змены ў Канстытуцыі. А яе, як вядома, можна змяніць праз рэферэндум, піша «Еўрарадыё».

Фота Reuters

Фота Reuters

"Я схіляюся да таго, што новую Канстытуцыю трэба будзе прымаць, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Гэтая Канстытуцыя не будзе праціскацца, не будзе прымацца нахрапам... Я зацікаўлены, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія склаліся ў нашай дзяржаве".

І гэта будзе ў самай бліжэйшай перспектыве. Лукашэнка сказаў, што "гэта не пяць гадоў, нашмат раней". Паводле яго слоў, спачатку трэба правесці выбары, а ўжо пасля чарга дойдзе да Канстытуцыі.

Таксама ён выказаўся наконт таго, колькі ён яшчэ можа быць каля ўлады. Як вядома, сёлета будзе 25 гадоў, як ён кіруе дзяржавай.

"Абяцаю вам, што на той свет мяне з прэзідэнцкага крэсла не панясуць, — гаварыў Лукашэнка. — Абяцаю, што сваім дзецям прэзідэнцтва перадаваць не буду — яны гэтага не хочуць. Няма ў мяне мэты ў спадчыну перадаваць уладу".

"Калі вы за мяне заўтра не прагаласуеце, я за прэзідэнцкае крэсла трымацца усімі сіламі не буду, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — ...Мая справа — забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. І калі мяне не абяруць, то я не пакрыўджуся".

euroradio.fm