Мілінкевіч: пра аморфныя АДС і палітвязняў
Кіраўнік Грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч правёў прэс-канферэнцыю, на якой агучыў журналістам свае погляды на падзеі ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Палітык канстатаваў слабасць і раз’яднанасць апазіцыі, а таксама падкрэсліў, што не падтрымлівае ідэю зручнасці эканамічнага крызісу як каталізатара пераменаў у грамадстве.
Кіраўнік Грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч правёў прэс-канферэнцыю, на якой агучыў журналістам свае погляды на падзеі ў
грамадска-палітычным жыцці краіны. Палітык канстатаваў слабасць і раз’яднанасць апазіцыі, а таксама падкрэсліў, што не падтрымлівае ідэю зручнасці эканамічнага крызісу як каталізатара
пераменаў у грамадстве.
Прапановы да ўключэння Беларусі ва «Усходняе партнёрства» Аляксандр Мілінкевіч назваў новым і надзвычай пазітыўным крокам Еўрасаюза. «Тая палітыка, якая прапануецца сёння
Еўропай у выглядзе «Усходняга партнёрства» — абсалютна новы крок, якога не было раней. Я шчаслівы, што ў Еўропе ёсць сур’ёзная стратэгія адносна і нашай краіны, і
іншых пяці, якія запрошаныя да гэтай праграмы. Я лічу, што гэта сапраўды вялікі шанец для Беларусі. Еўропа выпрацавала гэтую палітыку вельмі хутка, адна з галоўных прычынаў — захаваць
супрацоўніцтва з былымі савецкімі рэспублікамі, уплываць на падзеі, дэмакратычныя пераўтварэнні ў гэтых краінах», — адзначыў палітык.
Перашкодай для цеснага супрацоўніцтва з’яўляюцца факты парушэння правоў чалавека, але абранне стратэгіі «перніка, а не пугі» Мілінкевіч ухваляе і лічыць, што ў перспектыве
дзяржава мае шанцы далучыцца да ЕС. «Беларусь можа быць нават першай», — падзяліўся Мілінкевіч палітычнымі чуткамі. Разам з тым ён засцерагае ад неабачлівых крокаў
прызнання афіцыйным Мінскам суверэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, што можа стаць прычынай да разбурэння партнёрскіх адносінаў. «Грузія не прыме гэтага, што разваліць саму ідэю»,
— адзначае палітык.
Кіраўнік руху «За свабоду» досыць рэзка выказаўся наконт дэмакратычных сілаў Беларусі. Яго намеснік Віктар Карніенка ўвогуле заявіў, што «такой аморфнай структурай, як
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пад сустаршынствам некалькіх асобаў, перамагчы маналітны рэжым немагчыма».
«Я шчыра хацеў бы сядзець з прадстаўнікамі апазіцыі за адным сталом перамоў з ЕС. Але не заслужылі. Бо апазіцыя зрабілася апошнім часам больш маргінальнай і раз’яднанай. І ўсе нясём
за гэта адказнасць. Але самае горшае: мы ўсё менш уплываем на грамадства, а патрэбна дабіцца шырокага ўплыву. Мусім быць не назіральнікамі, як суддзі на спаборніцтвах па фігурнаму катанню, а
прапанаваць канструктыўны падыход. Можна крытыкаваць Еўрасаюз, але быць партнёрамі, а не толькі ацэншчыкамі», — падкрэсліў Мілінкевіч.
Напярэдадні Аляксандр Мілінкевіч сустракаўся з Аляксандрам Казуліным. Вынікам двухгадзіннай размовы былых кандыдатаў у прэзідэнты стала прызнанне, што палітыкі па-рознаму глядзяць на цяперашняе
геапалітычнае становішча дзяржавы. Казулін не бачыць пагрозы для суверэнітэту краіны і выступае за працягненне санкцый, жорсткую пазіцыю, Мілінкевіч жа лічыць, што незалежнасць Беларусі можа аказацца
пад пытаннем, і таму дыялог з Захадам і — хай сабе паступовыя — крокі лібералізацыі ды інтэграцыі з Еўропай неабходныя.
Таксама Аляксандр Мілінкевіч яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю адносна таго, што «пад абломкамі рэжыму можа загінуць Беларусь». «Мы ніколі не станем на прынцып «чым
горш, тым лепш». Гэта бальшавіцкі падыход. Сесці ў крэсла — не нашая галоўная мэта, хаця з дапамогаю ўлады можна многае вырашыць. Нашая мэта — зрабіць усё, каб краіна была
свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай. Можа, і не варта было, але скажу: радавацца таму, што вось-вось прыйдзе вялікі крызіс, усё ў краіне абваліцца — не зусім сумленна ў адносінах да людзей.
Абвал у эканоміцы не прынясе дэмакратыі. Пасля такіх калапсаў прыходзіць чарговы папулізм, жаданне жорсткай рукі, і скарыстацца з гэтага можа наша ўсходняя суседка, бо яна мае многа спосабаў уплываць
на Беларусь: газавы кран, кошты на газ, магчымасць доступу на рынкі і наша велізарная запазычанасць Расіі. Такі абвал хутчэй за ўсё можа быць выкарыстаны, каб мы мелі ўсё менш і менш
суверэнітэту», — перакананы палітык. У сувязі з гэтым спыненне адносінаў з Еўропай Мілінкевіч лічыць катастрофай.
Раней у адрас Аляксандра Мілінкевіча неаднаразова гучалі абвінавачванні ў калабарацыянізме і несалідарнасці з АДС. Магчыма мець розныя погляды на сітуацыю, але салідарнасць усё ж моцны інструмент.
Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік руху «За свабоду» даволі нечакана заявіў, што суд пакажа, ці з’яўляюцца ваўкавыскія вязні Аўтуховіч, Асіпенка, Лявонаў вязнямі сумлення,
таксама найперш з сітуацыяй мусяць разабрацца праваабаронцы, а затым — палітыкі. Асабіста ён лічыць: «Хутчэй так, чым не».
На днях стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі зацвердзіла змены ў статут Грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду». Новая рэдакцыя статуту дазваляе
засноўваць уласныя сродкі масавай інфармацыі, праводзіць сацыялагічныя даследаванні, а таксама мець рэгіянальныя структуры. Аднак бліжэйшым часам кіраўніцтва руху не збіраецца арганізоўваць сваё
выданне, бо гэта вымагае вялікіх матэрыяльных выдаткаў.
У красавіку Аляксандр Мілінкевіч плануе працягнуць паездкі па рэгіёнах. Палітык хоча наведаць блізу дваццаці гарадоў і мястэчак Беларусі, якія не былі ахопленыя падчас перадвыбарчай кампаніі ў 2006
годзе.