Магчымасць, якой пакуль не скарысталіся
«Саміт Усходняга партнёрства — адзін з важных прамежкавых этапаў, які магла б скарыстаць Беларусь для далейшага развіцця адносін», — сказала ў інтэрв'ю НЧ міністр замежных спраў Эстоніі Кейт Пентус-Разіманус.
Кейт Пентус-Разіманус
Інтэрв’ю са спадарыняй міністрам мы рабілі літаральна за тыдзень да саміту. Кейт Пентус-Разіманус паведаміла, што перамовы паміж ЕС і Беларуссю пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію падыходзяць да фінішу, і была ўпэўнена, што, хутчэй за ўсё, менавіта на саміце будзе падпісана адпаведная дамова. «Калі казаць пра больш шырокую перспектыву, Беларусь — гэта краіна, якая мае вялікі патэнцыял, а для таго, каб увесь гэты патэнцыял рэалізаваць, трэба прытрымлівацца вяршэнства права, — падкрэсліла міністр. — Беларусь сама павінна вырашыць, ці хоча яна мадэрнізацыі, выгод ад ажыўлення эканамічных стасункаў, адчынення рынкаў для дабрабыту свайго народа. З боку ЕС прапанаваныя такія магчымасці, з нашага боку ёсць жаданне развіваць адносіны, але Беларусь павінна сама зрабіць гэты выбар».
На пытанне, ці не ўзмоцніцца ціск на Беларусь з боку Расіі, калі наша краіна пойдзе шляхам больш цеснага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Кейт Пентус-Разіманус адказала: «Кожная суверэнная краіна мае права выбіраць сабе хаўруснікаў і партнёраў, тую эканамічную прастору, у якую інтэгравацца. Ні Расія, ні якая іншая краіна не мая права прымаць рашэнні за кагосьці. А агрэсія і парушэнне міжнароднага права павінна мець настолькі высокую цану, каб Расія больш ніколі не захацела паўтарыць такі ж сцэнар, як ва Украіне».
А вось дарадца міністра замежных спраў Латвіі Віктарс Макараўс, з якім мы таксама сустрэліся напярэдадні саміту, хаця і не бярэцца прагназаваць рэакцыю Расію ў выпадку збліжэння Беларусі з ЕС, але лічыць, што супярэчнасць паміж еўрапейскім і расійскім вектарам прыдумалі і падтрымліваюць менавіта ў Расіі.
Віктарс Макараўс
«Мы не бачым прынцыповых супярэчнасцяў паміж цеснымі эканамічнымі кантактамі Беларусі з Расіяй і больш цеснай інтэграцыі з ЕС, — сказаў дарадца міністра. — Праблема ў тым, што расійскі бок у выпадку з Украінай чамусьці ўгледзеў у гэтым вялікую небяспеку для сябе. Гэту нібыта супярэчнасць паміж расійскім і еўрапейскім вектарам прыдумалі і падтрымлівалі не мы. Гэта больш звязана з разуменнем працэсаў, якія характэрныя для расійскага кіраўніцтва. І гэта выклікае вялікае шкадаванне, бо, займаючыся не адстойваннем сваёй так званай сферы інтарэсаў, а ўдзельнічаючы ў больш шчыльным усебаковым супрацоўніцтве, можна толькі набыць. Але, на жаль, расійскі бок не ўспрымае такую логіку. Я думаю, што такі падыход непрадуктыўны і супярэчыць інтарэсам у тым ліку самой Расійскай Федэрацыі».
«Лёс Беларусі перш за ўсё ў руках народа Беларусі, мы не можам умешвацца. Як будзе Беларусь будаваць адносіны з Расіяй, гэта пытанне, на якое павінны даць адказ беларускі народ і ўрад, — падкрэсліў Віктарс Макараўс. — ЕС зацікаўлены ў тым, каб у суседніх рэгіёнах была стабільнасць, каб краіны-суседзі квітнелі эканамічна і былі палітычна стабільныя. Гэта наўпрост звязана з нашымі інтарэсамі. Нам не хочацца, каб побач з намі былі канфлікты, якія могуць паслабіць нашу бяспеку. Але гэта не значыць, што мы хочам навязваць сваю волю, свае каштоўнасці. Гэта заўсёды толькі прапановы, якія альбо прымаюць, альбо ад іх адмаўляюцца. І тыя шэсць краін Усходняга партнёрства, якія будуць прадстаўлены на саміце ў Рызе — добрая ілюстрацыя таго, што ў канчатковым выніку кожная краіна сама выбірае свой шлях развіцця, сваю будучыню. ЕС не прымушае да больш цеснай інтэграцыі.
Мы бачым, што ў Грузіі, Малдовы і Украіны гэтыя інтарэсы да збліжэння з ЕС выразна акрэсленыя, таму яны і падпісалі пагадненне пра асацыяцыю. Тры іншыя краіны, у тым ліку і Беларусь, у чымсьці праявілі цікавасць да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС, у чымсьці не. Гэта выбар гэтых краін. Там, дзе ёсць жаданне больш цеснага дыялогу, ЕС гэта вітае.
Латвія як краіна-суседка вітае сігналы з боку Беларусі да большай адкрытасці. Але пры гэтым мы не забываемся і пра тыя каштоўнасныя ўстаноўкі, якія суправаджаюць любы дыялог. Гэта — правы чалавека і дэмакратыя. А што тычыцца Беларусі, то далейшая нармалізацыя адносін цесна звязаная з лёсам палітвязняў у вашай краіне. Мы ніколі не забываемся пра гэта казаць. Але гэта ў любым выпадку выбар кіраўніцтва Беларусі. Мы гатовыя да дыялогу.
Я лічу вельмі важным, што адбываецца рух у бок новых дамоўленасцей, у прыватнасці ў сферы спрашчэння візавага рэжыму, я спадзяюся, што такія рашэнні ўжо ў бліжэйшы час будуць зафіксаваныя. У канчатковым выніку гэта азначае вялікія магчымасці для людскіх кантактаў, гэта заўсёды добра і дае людзям магчымасць лепш пазнаць адзін аднаго, а не ацэньваць сітуацыю не толькі праз СМІ», — адзначыў дарадца міністра замежных спраў Латвіі.