Масква думае аб стварэнні сваёй партыі ў Беларусі. Швец і Данейка абверглі дачыненне да гэтага

Расійскае выданне The Insider апублікавала некалькі дакументаў з перапіскі начальніка ўпраўлення прэзідэнта Расіі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі генерала Службы знешняй разведкі РФ Уладзіміра Чарнова, якія тычацца Беларусі. З іх вынікае, што ў Крамлі ідзе праца з беларускім «актывам» па стварэнні новай партыі з працоўнай назвай «Права народа», якая будзе выступаць супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з Расеяй.

0_8323b_d828535_orig.jpg

Масква для захавання ўплыву ў Беларусі плануе стварыць сетку палітычных лідараў, структур, рэсурсную базу і інфармацыйную сетку. У сувязі з гэтым распрацоўваецца «стратэгія працы ў Рэспубліцы Беларусь», устаноўчая Праграма партыі «Права народа», фарміруецца «актыў» з ліку экспертаў у Беларусі.
Паводле інфармацыі The Insider, падрыхтоўка матэрыялаў праходзіла ў верасні-кастрычніку 2020 года. TUT.BY не змог пацвердзіць дакладнасць дадзеных дакументаў.
У «актыў» увайшлі старшыня праўлення грамадскага аб'яднання падтрымкі бізнесу і прадпрымальніцтва «садзейнічанне і развіццё» Максім Лявоненкаў, заснавальнік групы кампаній «Фермент» Валерый Бесталкоў, старшыня савета дырэктараў «Фармлэнд» Іван Лагавы, дырэктар «цэнтра лічбавай трансфармацыі» Максім Тарасевіч, старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец, сузаснавальнік бізнес-школы ІПМ Павел Данейка. У артыкуле прыводзяцца выказванні дадзеных экспертаў падчас круглага стала ў расійскім цэнтры сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі.
— Мы сапраўды ўдзельнічалі ў круглым стале ЦСКП у ліку іншых. Цытаты, якія прыпісваюцца ж нам, вырваныя з кантэксту і скажоныя, — сказаў TUT.BY Аляксандр Швец. — Але мы праводзім масу экспертных кансультацый штодня. Такая функцыя РСПП, тым больш што расейскі вектар аб'ектыўна важны для бізнэсу.
Па яго словах, «аб палітычных партыях у будучыні гаворка ішла з расейскага боку».
— Сапраўды, мы займаемся распрацоўкай прапаноў па выхадзе Беларусі са складанай сітуацыі — перш за ўсё з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнай праблематыкі і інтарэсаў нашых членаў-прадстаўнікоў прыватнага бізнесу. Магчыма, хтосці вырашыў скарыстацца імі. Прыватны сектар стаў дастаткова ўплывовай сілай у нашым грамадстве. Праз запрашэнне нас да ўдзелу ў кансультацыях расейскі бок спрабуе атрымаць пункт гледжання гэтага сектара і зразумець, як яго ўжыць у сваіх мэтах. Але РСПП паводле статуту не ўдзельнічае ні ў якіх палітычных партыях. Мы сваёй пазіцыі па сітуацыі не ўтойваем, пастаянна яе асвятляем у СМІ. Чарговы планавы раўнд зносін з прэсай запланаваны на пачатак наступнага тыдня, там будзе разгорнута дадзена пазіцыя і напрамкі нашай дзейнасці на будучыню — адзначыў Аляксандр Швец. Ён дадаў, што асабіста ні з кім не знаёмы з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі.
Павел Данейка таксама пацвердзіў толькі ўдзел у якасці эксперта ў круглым стале Цэнтра сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі ў фармаце відэаканферэнцыі. Пры гэтым ён зняпраўдзіў інфармацыю, што абмяркоўваў стварэнне партыі і сустракаўся з кім-небудзь з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі.
Атрымаць каментар у іншых членаў «актыву» пакуль не ўдалося.

Паводле tut.by