Мінабароны РФ абвергла заяву Германіі пра 100 тыс. расійскіх ваенных на вучэннях «Захад-2017»

 Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расіі Ігар Канашэнкаў абверг заяву міністра абароны Германіі Урсулы фон дэр Ляен адносна колькасці вайскоўцаў на сумесных беларуска-расійскіх вучэннях «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


На саміце міністраў абароны ў Эстоніі 7 верасня Ляен заявіла, што ў вучэннях возьмуць удзел нашмат больш расійскіх салдат, чым Масква заяўляла раней. Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра 100 тыс. ваенных замест абяцаных 12,7 тыс. «Я лічу (што відавочна), што мы з`яўляемся сведкамі яшчэ адной дэманстрацыі Расіяй сілы і магчымасцяў», — заявіла Ляен. Міністр таксама нагадала, што любая краіна, якая праводзіць вучэнні з удзелам больш за 13 тыс. ваенных, згодна з устаноўленым Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) правілам, павінна запрашаць туды назіральнікаў.
Як паведамляе РБК, у Мінабароны РФ, у сваю чаргу, адказалі, што здзіўленыя заявамі Ляен, якая «публічна аперыруе выдуманымі лічбамі пра нібыта 100 тыс. расійскіх вайскоўцаў», якія прыцягваюцца на вучэнне «Захад-2017» і »скрытых у сувязі з гэтым пагрозах Еўропе».
«Германскі бок своечасова атрымаў і мае ўсю вычарпальную інфармацыю пра задуму, абарончы характар і рэальную колькасць расійскіх войскаў, якія прыцягваюцца да вучэння «Захад-2017», — заявіў Канрашэнкаў. Ён падкрэсліў, што «падрабязныя звесткі пра вучэнне» падаваліся Германіі, а таксама «непасрэдна вайсковага аташэ пры пасольстве ФРГ у Маскве».
Расійска-беларускія вучэнні «Захад-2017» пройдуць з 14 па 20 верасня. Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях, паводле афіцыйных даных, складзе каля 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана каля 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тысяч, ад Расіі — амаль 3 тысячы), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку прыкладна 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш як 40 самалётаў і верталётаў.
Некаторыя замежныя палітыкі выказваюць апасенні, што расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі і стварыць тут магутную наступальную групоўку. Асаблівы непакой неаднаразова выказвалі ў сувязі з гэтым Украіна, Літва і Польшча.
Паводле БелаПАН