Мінск адказаў АБСЕ: «Сцвярджэнні аб падаўленні свабод і рэпрэсіях з'яўляюцца прадузятымі і беспадстаўнымі»

Сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас адказаў на ліст 35 дзяржаў-чальцоў АБСЕ, якія ініцыявалі гэтак званы Венскі механізм у адносінах да Беларусі ў сувязі з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне, піша Радыё Свабода.

logotip_obse.jpg


«Сцвярджэнні аб падаўленні свабод і рэпрэсіях у дачыненні да асобных грамадзян і арганізацый з'яўляюцца прадузятымі і беспадстаўнымі», — напісаў Дапкюнас. Ён дадаў, што крытыка Беларусі на форуме АБСЕ за затрыманні і арышты ў сувязі з вулічнымі пратэстамі ацэньваецца Мінскам як «умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выконванні правасуддзя».
Дапкюнас назваў Венскі механізм «архаічным інструментарыем», які ў гэтым выпадку служыць «штучнаму падтрыманню беларускай тэматыкі ў цэнтры ўвагі».
4 лістапада дзяржавы-чальцы АБСЕ у рамках Венскага механізму звярнуліся да Беларусі з шэрагам пытанняў адносна паслявыбарчай сітуацыі ў краіне.
Сярод іншага, АБСЕ хацела атрымаць адказы на пытанні, ці беларускія ўлады расследавалі абвінавачанні ў неабгрунтаваным абмежаванні права на свабоду мірных сходаў у краіне ды ў катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі і арыштаванымі пратэстоўцамі.
Асобным пунктам АБСЕ вынесла пытанне аб спрыянні Мінскам нелегальнай міграцыі, якая дэстабілізуе рэгіянальную бяспеку.
Венскі механізм, прыняты АБСЕ ў 1989 годзе, дазваляе дзяржавам-чальцам праз усталяваны набор працэдур падымаць пытанні, якія тычацца сітуацыі з чалавечым вымярэннем у іншых дзяржавах АБСЕ.