Захаваць незалежнасць мірным шляхам
Усебеларускі кангрэс за незалежнасць запланаваны на 21 снежня. Ён збіраецца дзеля таго, каб захаваць незалежнасць Бацькаўшчыны мірным шляхам.
Удзельнікі прэсавай канферэнцыі
Пра гэта 25 лістапада на прэсавай канферэнцыі ў Мінску заявілі яе ўдзельнікі — каардынатар аргкамітэту кангрэсу, мовазнаўца і грамадская дзяячка Алена Анісім, сустаршыні кангрэсу — педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў.
Яны пазнаёмілі журналістаў з праектам Маніфесту ў абарону незалежнасці, поўны тэкст якога прыкладаецца. На што акцэнтавалі ўвагу удзельнікі прэсавай канферэнцыі?
Вылучэнне прадстаўнікоў на кангрэс будзе адбывацца сярод тых, хто неабыякавы да пытання незалежнасці Беларусі. У залежнасці ад колькасці такіх людзей у тым ці іншым з 118 раёнаў краіны, на кангрэс можа быць абрана ад 1 да 5 прадстаўнікоў. Прычым, яны сваім коштам будуць аплачваць удзел у гэтым мерапрыемстве. Апроч таго, запрашэнні на кангрэс накіраваныя ўсім дэмакратычным партыям і грамадскім аб’яднанням. Станоўчы адказ пра ўдзел у кангрэсе гэтых структураў грамадзянскай супольнасці будзе садзейнічаць яе кансалідацыі.
На думку арганізатараў кангрэсу, мінімальная колькасць яго ўдзельнікаў павінна складаць не меней за 300 чалавек з большасці раёнаў Беларусі, бо галоўнае — прадстаўнічасць форуму. Мяркуецца зрабіць кангрэс пастаянна дзеючым, абраць раду кангрэса і збіраць яго сесіі для абмеркавання найбольш актуальных пытанняў нацыянальнага жыцця. Такім чынам, гаворка ідзе пра доўгатэрміновую грамадскую ініцыятыву.
Арганізатары кангрэсу падкрэслілі, што змест маніфесту носіць канструктыўны характар, тычыцца менавіта вострай праблемы захавання незалежнасці краіны і не ўздымае пытанне пра змену ўлады. І каб мірным шляхам захаваць незалежнасць Беларусі, трэба шукаць паразуменне з прадстаўнікамі розных галінаў дзеючай улады.
Такая цярпімасць арганізатараў кангрэсу сведчыць пра высокі ўзровень іх унутранай свабоды, што вельмі важна для сённяшняга беларускага грамадства, дзе апошнім часам пануе агрэсіўная нецярпімасць, якая носіць не стваральны, а разбуральны характар. А высокі ўзровень прадстаўніцтва, што чакаецца на кангрэсе, будзе мець адпаведныя наступствы, як гістарычныя (сведчанне прынцыповай пазіцыі прадстаўнікоў беларускага народу ў адстойванні незалежнасці Бацькаўшчыны), так і прававыя (запатрабаванасць гэтага юрыдычнага дакументу будучай дэмакратычнай беларускай уладай).
Напрыканцы прэсавай канферэнцыі старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў уручыў сяброўскі білет аб’яднання Міхаілу Пастухову.
Алег Трусаў уручае білет сябры ТБМ Міхаілу Пастухову
МАНІФЕСТ У АБАРОНУ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ
Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа, усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць суверэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны і вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэння беларускаму народу, дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.
* * *
Мы нагадваем, што дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларусі. 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона.
У артыкуле 1 Дэкларацыі адзначаецца, што Беларусь — суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.
У артыкуле 2 Дэкларацыі падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.
Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», што выклікала пратэст дэмакратычнай грамадскасці і скліканне Усебеларускага з'езда 29 ліпеня 2000 года. На ім быў прыняты Акт аб незалежнасці Беларусі, у якім адзначалася, што «суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум». У ім таксама была прызнана, што не маюць законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі.
Новую сур’ёзную пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны 9 кастрычніка беларускімі ўладамі. Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.
Мы заяўляем:
Беларусь — гэта наш дом, які мы адтрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Мы і наша зямля – не “шчыт”, “фарпост” ці “буфер” для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.
Беларусь – краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання наступстваў чарнобыльскай праблемы. Вялікую трывогу выклікае будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі, рашэнне аб якім было прынята без уліку меркавання народа.
Мы занепакоены і тым, што народ на працягу апошніх 20 гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.
Мы не можам заставацца абыякавымі да дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для самарэалізацыі моладзі на радзіме, спрыялі стварэнню сям’і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.
Наша зямля і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.
* * *
Прымаючы пад увагу, што ўступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе можа стаць асновай для страты дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, прывесці да далейшага знішчэння беларускай мовы, ператварыць Беларусь у адзін з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.
Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны, павінны быць перагледжаны.
Мы аб'яўляем ўсім краінам і народам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай.
Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.
Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання іншымі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці.