Мясцовыя выбары: няўпэўненасць альбо сістэма?

Па дадзеных Лідзіі Ярмошынай, сёлетнія мясцовыя (!) выбары ў Беларусі паставілі ці не рэкорд па датэрміновай яўцы. За дэпутатаў мясцовых Саветаў заўчасна прагаласавала без дробязі 35% выбаршчыкаў (34,95%). Вы ў гэта верыце? Я – не.

newsbel.by_8.01.2018_wwvu2mdybwo7yo3uipqbi29tgmue0lbw.jpg

Ілюстрацыйнае фота

Супраць датэрміновага галасавання — ды хоць бы і галасавання ў тэрмін! — існуе шмат моцных фактараў. Па-першае, гэта беларускае заканадаўства, якое для мясцовых выбараў зняло парог яўкі выбаршчыкаў і прызначыла абранне дэпутатам па простай большасці галасоў. Па-другое, амаль поўная адсутнасць паўнамоцтваў у таго самага дэпутата. Па-трэцяе, паўсюднае нявер’е народа ў тое, што дэпутат можа адстойваць людскія інтарэсы. Сапраўды, апошнім часам петыцыямі і пратэстамі людзі дамагаліся значна больш, чым з дапамогай гэтай «галіны ўлады».

Не варта ўжо і казаць, што прозвішча «свайго» мясцовага кандыдата людзі забываюцца адразу па выхадзе з выбарчага ўчастка. Нават дэпутата парламента памятаюць, у лепшым выпадку, трое сутак.

Я гляджу нават па сабе. У першы дзень датэрміновага галасавання ў школе, дзе вучыцца мая дачка, мэтаскіравана прайшлі традыцыйныя бацькоўскія зборы. Але нас ніхто не запрашаў прыйсці на іх з пашпартамі. Не было і асаблівых заклікаў «спусціцца на першы паверх, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак, і прагаласаваць». Нават пры вялікім наплыве бацькоў ажыятажу на ўчастку не было. Толькі нейкі сябра камісіі азіраў калідор і праводзіў патэнцыйны электарат дакорлівым поглядам…

 

І тым не менш…

Назіральнікі ад кампаній «Права выбару», «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і іншых  фіксуюць завышэнне лічбаў прагаласаваўшых. Напрыклад, у Мінску на ўчастку № 27 Карбышаўскай выбарчай акругі № 50 у першы дзень датэрміновага галасавання, па звестках назіральнікаў «Правы выбару», прагаласавала дзевяць чалавек, але ў пратаколе камісіі значыцца 123. Кандыдаты ад АГП і Руху «За Свабоду» заяўляюць пра тое, што на ўчасткі мэтанакіравана звазілі галасаваць людзей, якія не жывуць у акругах. А адзін назіральнік здолеў атрымаць тры бюлетэні замест аднаго свайго...

Усё гэта старшыня беларускага ЦВК назвала «стымуляваннем», у якім яна не ўбачыла нічога кепскага. Маўляў, улада нічога не зможа зрабіць грамадзяніну ў яго законны выходны дзень, таму «менавіта цяпер дзяржаўная, вучэбная, адміністрацыйная ўлада выкарыстоўвае ўсе рычагі для таго, каб стымуляваць выбаршчыка прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць».

ermoshina_2.jpg

На яе думку, гэта не прымус да галасавання, што законам забаронена, а «стымуляванне ў рамках закона».

Але мне падаецца, што рыса паміж такой «стымуляцыяй» і прымусам — даволі хісткая. Асабліва калі ўсе ведаюць, якім чынам адбываецца «стымуляцыя»: завуаляванымі пагрозамі страціць месца ў інтэрнаце для студэнтаў, альбо пазбавіцца прэміі — для працоўных.

Навошта ўлады зрабілі гэты цырк на дроце? Чаму б не было правесці ўсё бездакорна, каб ніводзін назіральнік не прычапіўся? З разуменнем таго, пра што казалася вышэй — наконт паўнамоцтваў мясцовых дэпутатаў і асаблівасцяў мяcцовых выбараў.

 

Патрэба ў перамозе?

Хутчэй за ўсё, гэтыя паводзіны палягаюць не ў рацыянальным, а ў псіхалагічным рэчышчы. Раней я неяк пісаў, што апазіцыя не ўмее піярыць свае дасягненні. Але за мінулы год гэтыя дасягненні былі такія, што грамадству яны відавочныя.

Найперш, канешне, гэта перамога над «дармаедскім падаткам». У выніку, як бы не казырыўся Аляксандр Рыгоравіч і колькі б не заяўляў, што «падатак толькі прыпынены, а не адменены», — яго ўсё ж адмянілі. Адмянілі менавіта пад ціскам грамадства.

Па-другое, даволі вялікі след пакінула абарона Курапатаў. Людзі зразумелі, што радыкальнае адстойванне сваіх інтарэсаў — дапамагае. І могуць вырашыць, што рашучыя і нават сілавыя дзеянні (узгадаем пра прыкутага да самазвалу Сяргея Пальчэўскага) даюць плён, пры гэтым не выклікаючы «расстрэльных» наступстваў.

Улада паспрабавала ўзяць рэванш за гэтыя паразы 25 сакавіка 2017 года, але той рэванш зноў апынуўся паразай: усе зразумелі, што «моцная і квітнеючая» ўлада да дрыжыкаў баіцца сваіх жа грамадзянаў. А вось грамадзяне, пры завоблачнай колькасці міліцыі, АМАПу і ўнутраных войскаў, сцягнутых у сталіцу з усёй краіны, ну аніяк не спалохаліся…

Карацей, дасягненні за апошнія часы — у апазіцыі. А чаго дасягнула ўлада? Падвышэння камуналкі?

Цяпер ўлада спрабуе даказаць нават не грамадзянам — самой сабе, — што яна яшчэ моцная і здольная кантраляваць сітуацыю. Што яна можа дамагчыся свайго. Зразумела, пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца выбары па звыклым сцэнары. А які звыклы сцэнар — мы ведаем.

golosovanie_parlamentskie_4.jpg

Ілюстрацыйнае фота

Таму шараговая і не маючая асаблівай значнасці кампанія ў мясцовыя Саветы для ўлады ператварылася ў надзвычай важную і беспрэцэдэнтна істотную. Гэтымі вынікамі ўлада ўпэўніваецца — яна ўсё яшчэ здольная кантраляваць грамадства і дамагацца патрэбных вынікаў. І таму рэкордная «яўка» — гэта своеасаблівае для ўлады вяртанне ў «зону камфорту». Яна ўпэўніваецца, што пакуль ёй нішто не пагражае. А гэтую ўпэўненасць мінулы год пахіснуў вельмі моцна.

 

Сістэма?

А можа быць, гэта не проста «вяртанне ў зону камфорту». Можа быць, гэта ўжо праца сістэмы. Сістэмы, якая ўжо пасталела, адбудавалася і выпрацавалася, і выдае «на гара» такія вынікі, незалежна ад таго, што на гэты конт кажуць «зверху» і якія цыркуляры адтуль паступаюць.

Калі гэта так — гэта значна горш і значна больш небяспечна, чым проста «ўказка Ярмошынай».

Гэта азначае, што такая сістэма будзе працаваць нават тады, калі той «верх», то бок кіраўніцтва, зменіцца. І незалежна ад таго, хто будзе там, «наверсе», тое, што мы звыклі называць «адміністрацыйным рэсурсам», будзе «стымуляваць» грамадзян да пэўных дзеянняў.

І, калі Беларусь прыйдзе да дэмакратыі (а яна абавязкова прыйдзе – хаця б таму, што аўтарытарызм, як мы бачым па сабе і на шматлікіх прыкладах, не ў стане забяспечыць элементарны эканамічны дабрабыт грамадства) зламаць гэтую сістэму будзе практычна немагчыма. Гэта запатрабуе вялікіх высілкаў, багата часу, і будзе суправаджацца шматлікімі асабістымі трагедыямі.

Міжволі згадваецца Павел Севярынец, які, яшчэ на «хіміі» ў Купліне, абгрунтоўваючы стварэнне БХД, казаў: «Кім мы заменім сотню тысяч чальцоў выбарчых камісій, якія фальшавалі выбары»?

Баюся, калі гэта сістэма, то мяняць прыйдзецца не толькі (і не столькі) чальцоў камісій, а ўвесь «адміністрацыйны рэсурс». Які проста не здольны кіраваць інакш.

І менавіта гэта будзе асноўным выклікам пры дэмакратычных пераўтварэннях.