Звыклы сцэнар, прадказальны вынік?

У грамадскім транспарце тыдзень гучалі настойлівыя заклікі галасаваць датэрмінова. Але кампанія праходзіць вяла. Мясцовыя выбары ў Беларусі мала каго цікаваць. Таму, што насамрэч выбараў у нас няма, і людзі ўсё больш гэта разумеюць. А яшчэ таму, што няма рэальнага мясцовага самакіравання.

1465573247272443954.jpg


Выбары ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму — гэта цікавы палітычны феномен, які праяўляецца па-рознаму нават у дзяржавах з аднатыпнымі рэжымамі. Іх функцыя заключаецца не ў тым, каб забяспечыць рэальны выбар народа з некалькіх варыянтаў, а ў легітымізацыі дзеючай улады.
Такія выбары маюць шмат асаблівасцяў. Тут мала выканаць знешнюю форму. Прынцыпова важна, каб народ паверыў, што гэта сапраўды выбары, чаго не патрабуецца, напрыклад, у таталітарнай сістэме. Таму істотная умова іх правядзення — захаванне пэўных фармальных працэдур: наяўнасць некалькіх кандыдатаў, уключаючы прадстаўнікоў ад апазіцыі; правядзенне агітацыйнай кампаніі, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ; магчымасць галасавання за любога з прэтэндэнтаў і інш. Аднак усё гэта — форма, дэмакратычная абгортка.
Галоўнае прынцыповае адрозненне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў заключаецца ў ролі дзяржавы. Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі — нейтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшанне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сіл. У Беларусі ж органы ўлады — галоўны акцёр на выбарчай сцэне. На забеспячэнне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына.
Створаная ў Беларусі выбарчая машына добра адладжаная, даведзена да аўтаматызму, працуе без збояў і ў любы момант гатовая забяспечыць патрэбны вынік. Для гэтага выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя механізмы і тэхналогіі.
Перш за ўсё прэзідэнцкая вертыкаль ўстанавіла поўны кантроль над выбарчымі камісіямі. Туды амаль не дапускаюць прадстаўнікоў апазіцыі, а ўключаюць толькі людзей, лаяльных уладзе. У Беларусі, як і ў СССР, працоўныя калектывы — суб’екты выбарчага працэсу. Датэрміновае галасаванне, у якім ўдзельнічае 20-30 працэнтаў выбаршчыкаў, забяспечвае галасы на карысць праўладных кандыдатаў. Плюс непразрысты падлік галасоў.
Цяперашнія выбары праходзяць па звыклым сцэнары. З 10,5 тысяч членаў тэрытарыяльных выбарчых камісій апазіцыю прадстаўляюць толькі 7 чалавек.
З гэтай нагоды старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына вылучыла цудоўную аргументацыю. Здавалася б, беларускія выбары ўжо нічым не могуць здзівіць. Аднак, не. У інтэрв’ю часопісу «Беларуская думка» старшыня Цэнтрвыбаркама, прадэманстраваўшы ўсю моц сваёй палітычнай думкі, заявіла: «Што тычыцца неўключэння ў склады камісій прадстаўнікоў апазіцыі... Пры фарміраванні выбарчых камісій ацэньваецца ў першую чаргу здольнасць прэтэндэнта працаваць у калектыве. Бо выбарчая камісія — калектыў, дзе выпінанне свайго палітычнага меркавання шкодзіць агульнай справе. Думаю, менавіта гэта акалічнасць ўлічвалася пры ўключэнні прадстаўнікоў апазіцыйных структур у выбарчыя камісіі».
Тут усё пастаўлена з ног на галаву. Для чаго праводзяцца выбары? Ва ўсіх краінах свету — для таго, каб забяспечыць легітымнасць улады. Самі выбаркамы — гэта сродак дасягнення дадзенай мэты. Прысутнасць апазіцыі ў выбарчых камісіях — дадатковы фактар легітымізацыі.
А ў Беларусі ўсё наадварот. Сэнс выбараў, па словах Лідзіі Ярмошынай, — гэта забеспячэнне псіхалагічнага камфорту выбарчых камісій. Легітымнасць выбарчага працэсу — на другім плане. Сродак ператвараецца ў самамэту. Для таго, каб выбарчым камісіям было камфортна, ахвяруюць легітымнасцю і саміх выбараў, і створаных у выніку іх органаў улады — мясцовых саветаў. Гэта здзек з сэнсу выбарчага працэсу.
Па словах Лідзіі Ярмошынай, толькі пры абранні дэпутатаў Мінскага гарадскога і Магілёўскага абласнога саветаў у кожнай выбарчай акрузе будзе альтэрнатыва. У іншых абласцях пры выбары абласных саветаў шмат безальтэрнатыўных акруг. У Гродзенскай вобласці такіх больш за палову. А ў саветах ніжэйшага ўзроўню, казала Лідзія Ярмошына, у гэтым сэнсе справы яшчэ горш. Калі лічыць груба, то на 18 тысяч дэпутацкіх месцаў прэтэндуе трохі больш за 22 тысячы прэтэндэнтаў.
Улады так доўга змагаліся з выбарамі, што нарэшце дасягнулі мэты. Мясцовыя выбары не цікавыя ні ім самім, ні апазіцыі, ні грамадству.
Але ўлады загадзя падрыхтаваліся да такога фіналу, яшчэ раней унёсшы змены ў выбарчае заканадаўства. Не ўсе, мусіць, ведаюць, што з 2013 года дзейнічае норма, паводле якой, мясцовыя выбары праходзяць па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Гэта значыць, толькі ў адзін тур, другі тур не прадугледжаны.
Прычым, адсутнічае парог яўкі, выбары адбудуцца, колькі б выбаршчыкаў не прыйшло на выбарчыя ўчасткі. Цяпер выбары можна праводзіць і без выбаршчыкаў, дакладней, з іх мінімальнай колькасцю. То-бок, калі з 1000 выбаршчыкаў у акрузе на ўчасткі прыйдзе 10 чалавек, з іх 3 прагаласуе за кандыдата Х, а астатнія кандыдаты атрымаюць па 2 галасы, то пераможцам будзе аб’яўлены Х.
Такім чынам, выбары ператварыліся ў тэхнічны працэс галасавання, бюракратычную працэдуру, звыклы рытуал, які ні на што не ўплывае.