«Мы думалі, што зноў будуць усіх рэпрэсаваць і арыштоўваць»

З 19 па 21 жніўня 1991 года арганізатары дзяржперавароту ў СССР на чале з Генадзем Янаевым спрабавалі адхіліць ад улады Міхаіла Гарбачова і захаваць Савецкі Саюз. Чым запомніліся драматычныя падзеі 25-гадовай даўніны творчай і спартовай эліце краіны?

Алесь Пушкін. "Цяжкі поступ. Путч. Жнівень 1991 года". Палатно, алей, 190 х 131 см

Алесь Пушкін. "Цяжкі поступ. Путч. Жнівень 1991 года". Палатно, алей, 190 х 131 см



Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы перадачы «Відьзмо-невідзьмо»: «Пасля разгону было вялікае свята»


sjarhej_filimonau.jpg



— Па шчырасці, не вельмі памятаю, дзе і што адбывалася тады. Я вярнуўся ў Мінск пасля жыцця ў Маскве, тут былі складаныя сямейныя абставіны... Пачаў высвятляць стасункі з бацькам, якога, нібы дурня, выкарыстоўвалі камунякі са сваімі мэтамі... Ужо пісаў нейкія матэрыялы-агляды пра сусветную культуру ў «Вячэрні Мінск». І было вельмі непрыемнае пачуццё з прычыны путчу. Бо з аднаго боку — была надзея на лепшае развіццё краіны, прагрэс, вызваленне ад камуністычнай хваробы, а з іншага — на свет божы вылезлі монстры глыбінь, якія раптам панеслі зноў тую ж лухту, на якую краіна хварэла дзесяцігоддзямі... І памятаю, што пасля разгону путчыстаў тут было вялікае свята: п’янка, скокі, гучная музыка.


Адам Глобус, літаратар: «Гэта былі вельмі змрочныя часы»


Адам Глобус  чытае вершы ў скверы Янкі Купалы, 1985 год

Адам Глобус  чытае вершы ў скверы Янкі Купалы, 1985 год


— ДКНС для мяне асабіста — трагедыя. Тады ўсім было не да жартаў. Гэта былі вельмі змрочныя часы, калі мы думалі, што зноўку будуць усіх рэпрэсаваць і арыштоўваць. Па мінскай вуліцы Камуністычнай напагатове стаяла ваенная тэхніка. Да нас на працу прыходзілі людзі і запужвалі: «Усё, канец вам і вашай дэмакратыі!» Мы і сапраўды былі напужаныя, што зноўку пачнуць закручваць гайкі, забараняць рок і свабоду слова, а ўсіх нязгодных — высылаць у Сібір ці адпраўляць на прымусовае лячэнне ў дурку.


Пераломны момант настаў, калі мы разам з рэжысёрам Юрыем Хашчавацкім глядзелі выступ кіраўніка ДКНС Янаева. Юра мне тады адразу сказаў: «Рэвалюцыю з такімі дрыготкімі рукамі не зробіш». І мы зразумелі, што путчысты — не моцныя камуністы-рэвалюцыянеры, а звычайныя прайдзісветы, якія вырашылі захапіць уладу. Мы тады рушылі да Дому ўраду, дзе пачаў збірацца натоўп на мітынг супраць ДКНС. Было шмат людзей, усе разумелі, што мы зможам перамагчы гэтую навалу.


Юрась Жыгамонт, актор, аўтар і вядучы перадачы «Падарожжа дылетанта»: «Нашы выкладчыкі збіраліся друкаваць улёткі»



0620_hdz_bychki_premia_04_sjlra_nwp65.jpg


— Тыя падзеі памятаю мала, бо толькі-толькі паступіў на першы курс Тэатральна-мастацкага інстытуту і быў цалкам захоплены тэатрам. Адзінае, што ўрэзалася ў памяць — як людзі не хацелі вяртацца да мінулага, пасля таго, як яны ўжо паспелі глытнуць салодкі подых свабоды. Нават на занятках нашы выкладчыкі казалі, што трэба будзе друкаваць і распаўсюджваць улёткі супраць путчу. Але мы не паспелі гэтага зрабіць, бо ўсё скончылася нашмат хутчэй.


Ірына Кабасакал, урач, выдавец, свецкая ільвіца: «Чакала падарункі з Польшчы»


iryna_kabasakal.jpg



— Я добра памятаю тыя дні. Мне было 12 год, я адпачывала ў вёсцы ў бабулі на Гродзеншчыне. І з нецярпеннем чакала, калі ж мне нарэшце прывязуць з Польшчы падарункі — джынсы «Мальвіны», швэдар «Лакоста», а яшчэ колу, жуйкі, цукеркі і іншыя прыемныя дробязі, па якіх шалела моладзь таго часу. Зразумела, больш мяне нічога не цікавіла.


Алесь Пушкін, мастак: «Я ўзняў бела-чырвона-бела сцяг над Ратушай»



ales_puszkin.jpg


— 19 жніўня я пра ДКНС упершыню пачуў па радыё. Я выйшаў на вуліцу Віцебска, дзе ў мяне тады знаходзілася майстэрня — на Урыцкага, 17. Там яшчэ жыло шмат адстаўнікоў МУС. І ўбачыў шмат ветэранаў, якія апранулі ўсе свае ўзнагароды і так шпацыравалі. Я скантактаваўся са сваімі  паплечнікамі па клубу «Узгор’е» — Міхасём Паўлавым, Ігарам Цішкіным, Міхасём Плавінскім, Барысам Хамайдай — і мы разам рушылі на плошчу Свабоды, на пікет супраць путчу. Памятаю, да нас падыходзілі віцебскія афіцэры і папярэджвалі, што яны знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці і рыхтуюцца вылятаць у Талін, бараніць ДКНС. У тыя дні я сапраўды быў праз гэта напалоханы. Тым не менш, ужо 21 жніўня, я залез на гарышча нашай Ратушы, якая тады знаходзілася на рэстаўрацыі, і ўсталяваў там бела-чырвона-белы сцяг, прымацаваўшы жартоўную шыльдачку: «Асцярожна! Замініравана!» Я зачыніў дзверы гарышча на вялізны замок, а ключ кінуў у Дзвіну. Сцяг правісеў там да 13 гадзін наступнага дня.


Эліна Зверава, старшы трэнер Нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, алімпійская чэмпіёнка ў кіданні дыска і двухразовая чэмпіёнка свету, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь: «Мы не разумелі, што адбываецца»


elina_zverava.jpg



— У тыя дні я знаходзілася на зборах ва Уладзівастоку, і мусіла праз некалькі дзён выправіцца на чэмпіянат свету ў Токіа. Сувязь адсутнічала, родным немагчыма было датэлефанавацца, па тэлевізары бясконца паказвалі балет… Мы не разумелі, што адбываецца ў краіне. І толькі потым даведаліся пра ўсё. Але, дзякуй Богу, усё вельмі хутка скончылася, і мы змаглі адправіцца на спаборніцтвы.


Віктар Марціновіч, пісьменнік: «ДКНС — цікавы феномен для беларусаў»


viktar_marcinovicz.jpg


— Я тады яшчэ быў вельмі малы, каб нешта разумець, што адбываецца ў краіне. Але мяне вельмі ўразіў выступ путчыстаў па тэлебачанні, асабліва аднаго, у якога моцна трэсліся рукі і бегалі ўвесь час вочы. А яшчэ я памятаю тую палёгку, якую адчулі дарослыя, калі путч скончыўся. Дарэчы, ДКНС — досыць цікавы феномен для беларусаў. Бо тое, што не атрымалася ў путчыстаў у 1991 годзе, атрымалася ў Беларусі ў 1994-м. Калі мы ўсе разам зноўку скокнулі ў мінулае. І наша краіна — гэта яскравы прыклад, што магло б адбыцца з краінамі былога СССР, калі б у путчыстаў усё атрымалася. Застой, маленькія заробкі, спарахнелыя прадпрыемствы, атмасфера халоднай вайны…


Фота з сацсетак