«На першы план выходзіць палітычная праца структур, спароджаных рэвалюцыяй»

Заснавальнік «Моцных навін» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале тлумачыць, чаму ў жніўні Пуцін падтрымаў Лукашэнку, як паўплывае на сітуацыю сённяшняя сустрэча ў Сочы, а таксама якія актыўнасці цяпер выходзяць на першы план у барацьбе з рэжымам у Беларусі.

img_7948_1280x853_logo_1.jpg

Лукашэнка сёння ў Сочы, і многія ад гэтай падзеі нечага чакаюць.
Я думаю, канкрэтна ад гэтага мерапрыемства чакаць чаго-небудзь прарыўнога не варта. Так, абмяркуюць палітыку і грошы, магчыма, Расія чагосьці падкіне. Аднак вырашальным чынам гэта ў дадзены момант ні на чым не адаб'ецца. Адносіны Крамля і Мінска цяпер варта разглядаць у сярэднетэрміновай перспэктыве.
Я не сумняюся ў тым, што сыход Лукашэнкі ў кантраляванай форме — у інтарэсах Пуціна і з'яўляецца адной з яго мэт па Беларусі. Таму што Пуцін ні пры якім раскладзе не захоча рызыкі сітуацыі, у якой сам ён перастае правіць Расіяй, а Лукашэнка застанецца кіраваць у Беларусі з усім пакетам міждзяржаўных дамоўленасцей і ў рамках хай і амаль нежывой, але фармальна існуючай Саюзнай дзяржавы.
У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, што Пуцін гатовы ў нейкі момант пакінуць пасаду пад гарантыі і пры ўмове захавання ўлады ў руках створанай ім групоўкі. Гэта можа быць і праз 15 гадоў але, думаю, гатовы ён да гэтага маральна і рыхтуецца палітычна. Другі момант: усе смяротныя, здарыцца можа што заўгодна, ды і ў інтэрнэце поўна чутак пра нядобры стан здароўя прэзідэнта Расіі. Чуткі могуць быць чуткамі, але магчымы форс-мажор ніхто не адмяняў і, адпаведна, такую рызыку.
У палітычнай прасторы, якую Расія яшчэ неяк захоўвае за сабой (як мінімум Казахстан і Беларусь як дзейсныя саюзнікі), Крэмль цалкам відавочна нацэліўся на плаўны транзіт ад дзеючых кіраўнікоў да пераемнікаў па казахскім сцэнары. У гэтым раскладзе ўлада застаецца за дзеючымі актарамі і пад пэўным кантролем Крамля, не адбываецца рэвалюцый і, такім чынам, не з'яўляецца акна магчымасцей для празаходніх сіл.
Менавіта ў сілу апісаных прычын Крэмль не мог дапусціць, каб Лукашэнку змяла вуліца, чаму і заступіўся за яго ў жніўні. З іншага боку, кроўна зацікаўлены ў яго паступовым і кантраляваным транзіце — адкуль і ўзялася тэма рэформы і датэрміновых выбараў.
Аднак жа ўсе мы разумеем, што гэта Пуцін можа быць гатовы ці не гатовы пакінуць пасаду, а Лукашэнка — не гатовы і не будзе гатовы. Мы цяпер назіраем гэта на прыкладзе таго, як зажоўваецца тэма рэформы, а аб датэрміновых выбарах ужо ніхто наогул не ўспамінае. І такі расклад, думаю, захаваецца на некаторы час наперад. Таму, відавочна, адносіны Масквы і Мінска пераходзяць у фармат пазіцыйнай, расцягнутай барацьбы з мноствам тэм для гандлю, перамоў, канфліктаў. І ва ўсім гэтым працэсе сустрэчы, падобныя да сённяшняй, заўсёды будуць мець нейкі сэнс, які нічога не змяняе зараз, але, магчыма, здольны на нешта паўплываць у будучыні.
Пры гэтым не варта выключаць, што, па меры таго, як Лукашэнка ўсё больш будзе выпустошваць ідэю канстытуцыйнай рэформы і датэрміновых выбараў, гэты сцэнар усё больш будзе страчваць актуальнасць і паступова сыходзіць з парадку дня. Адпаведна, не варта выключаць і таго, што Масква будзе шукаць альбо ствараць новыя рычагі і кропкі ціску на Мінск. У гэтай гульні ў кожнага свае мэты: у Лукашэнкі — застацца ўва што б там ні стала, у Масквы — прыбраць яго, але не любым коштам, а так, як выгадна і трэба ёй.
Праўда, ёсць яшчэ трэці бок: у шырокім сэнсе, гэта беларускі народ, які прагаласаваў летам 2020 супраць існуючага парадку, а, такім чынам, як супраць знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе, так і супраць захавання сістэмы. Беларусы пратэставалі мужна, гатовыя пратэставаць і далей. Але, як паказала жыццё, для поўнай перамогі гэтага можа аказацца не зусім дастаткова.
Таму цяпер на першы план выходзіць не пратэсная актыўнасць (якая таксама абавязкова павінна быць, бо без яе абнуляецца ўсё астатняе), а палітычная праца структур, спароджаных рэвалюцыяй, якая пакуль не перамагла. Як мінімум, гэта можа выяўляцца ў атрыманні больш рашучай падтрымкі ад іх міжнародных партнёраў і фармуляванні дастаткова выразнай прапановы перамен, з улікам фактаў, якія сталі цяпер відавочнымі — такой прапановы, у якую павераць і людзі, каб працягваць пратэставаць, і чыноўнікі з сілавікамі, без якіх поўная перамога ў трохбаковай барацьбе, дзе кожны сам за сябе, немагчымая.