Пракурор просіць два гады калоніі для дзяўчыны, якая ўкусіла сілавіка за сцягно пры затрыманні

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 23 лютага пасля больш чым трохмесячнага перапынку працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Наталлі Раентавай, якая пры затрыманні 29 жніўня ў тралейбусе пасля Жаночага маршу салідарнасці ўкусіла супрацоўніка АМАПа за сцягно. Справу кваліфікавалі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа Андрэя Хоміча. Свае пакуты пацярпелы супрацоўнік АМАПа ацаніў у дзве тысячы рублёў.

raentava_sud_90.jpg

Наталлю Раентаву адправілі на судова-псіхалагічную экспертызу, якая паказала, што падчас укусу яна ў поўнай меры ўсведамляла свае дзеянні і не знаходзілася ў стане афекту. Наталля віну не прызнае, адзначае «Вясна». Пракурор запрасіў у суда для дзяўчыны два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядае суддзя Таццяна Акавітая.

На трэці дзень судовага разбіральніцтва па гэтай справе, 11 лістапада, па хадайніцтве абароны Наталлі Раентавай дзяўчыну адправілі на судова-псіхалагічную экспертызу, каб устанавіць, ці не знаходзілася яна падчас укусу ў стане афекту і ці ўсведамляла яна свае дзеянні ў той момант у поўнай меры. Суд Цэнтральнага раёна паставіў перад Упраўленнем судова-псіхіятрычных экспертыз УГКСЭ 11 пытанняў аб псіхалагічным стане Раентавай 29 жніўня ў момант затрымання яе супрацоўнікамі АМАПа.

Праз больш чым тры месяцы, 23 лютага, суд па гэтай справе аднавіўся: экспертызу нарэшце правялі. У судзе стала вядома, што заключэнне эксперта было падрыхтавана 20 студзеня. Суддзя Акавітая зачытала высновы экспертызы.

«Наталля Раентава ў перыяд інкрымінаванага ёй дзеяння на псіхічныя захворванні не пакутавала і не пакутуе ў цяперашні час. У перыяд часу, які адносіцца да інкрымінуемага ёй дзеяння, магла ўсвядамляць фактычны характар і грамадска-небяспечны характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі. У цяперашні час здольная самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе, можа ўсвядоміць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Сярод індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей у Раентавай на фоне захаванага інтэлектуальнага функцыянавання можна адзначыць змешаны тып рэагавання, актыўнасць пазіцыі, таварыскасць, арыентацыю на сацыяльныя нарматывы, прыняцце агульнапрынятых маральных правілаў і норм, установак, насцярожанасць да людзей, дыпламатычнасць ў зносінах, адказнасць, стрыманасць, разважлівасць ў выбары партнёраў, павышаны самакантроль, які дапамагае схаваць сваю ранімасць і г. д. Выяўленыя ў Раентавай індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці не аказалі істотнага ўплыву на яе паводзіны ў перыяд часу, які адносіцца да інкрымінуемага ёй дзеяння».

«Раентава ў перыяд часу, які адносіцца да здзяйснення інкрымінаванага ёй дзеяння, не знаходзілася ў стане афекту ці іншым эмацыйным стане, які пазбаўляў яе здольнасці ў поўнай меры ўсвядоміць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі», — прыйшлі да высновы эксперты.

Апошняе слова Наталлі прызначанае на 24 лютага на 10:00.

Брат — палітзняволены

Брат Наталлі Аляксандр, які быў затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам з сястрой, цяпер таксама знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне. На ўсіх працэсах сястры ён раней прысутнічаў, але на пачатку снежня яго затрымалі самога ў межах крымінальнай справы.

«Падрабязнасці мне невядомыя, следчы ў размове спаслаўся на таямніцу следства. Ведаю толькі, што знайшлі нейкае фота, дзе Саша на "Плошчы Перамен", забралі яго на пачатку снежня, прыйшлі за ім дадому і павезлі», — патлумачыла Любоў Раентава, маці Аляксандра і Наталлі.

Маладому чалавеку прад'яўленае абвінавачанне па арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», што караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін). Аляксандра Раентава прызналі палітзняволеным.

Нагадаем, супрацоўнікі АМАПа затрымалі брата і сястру Наталлю і Аляксандра Раентавых 29 жніўня пасля Жаночага маршу салідарнасці наўпрост у тралейбусе. Момант жорсткага затрымання трапіў на відэа, рэзанансны ролік імгненна разышоўся па сацсетках і СМІ. Пасля гэтага іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 і 15 сутак. Аднак гісторыя пераследу для Наталлі на гэтым не скончылася — на Наталлю завялі крымінальную справу па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. 29-гадовую Наталлю абвінавачваюць у тым, што яна 29 жніўня падчас жорсткага затрымання ўкусіла супрацоўніка АМАПа Андрэя Хоміча за левае сцягно. Гематомы, якія атрымаў АМАПавец падчас укусу, аднеслі да цялесных пашкоджанняў, якія не прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасці. Хоміч звяртаўся ў шпіталь МУС, дзе яму зрабілі перавязку і адпусцілі.