Нафта і рэвалюцыя

Бадай што кожны з візітаў прэзідэнта Венесуэлы ў Беларусь абуджаў у мяне смутныя ўспаміны. Узнікала пачуццё нейкай неакрэсленай трывогі, якое, па шчасці, знікала адразу ж пасля ад’езду сябра Чавеса.



8ae1da0fe37c98412768453f82490da2.jpg

Бадай што кожны з візітаў прэзідэнта Венесуэлы ў Беларусь абуджаў у мяне смутныя ўспаміны. Узнікала пачуццё нейкай неакрэсленай трывогі, якое, па шчасці, знікала адразу ж пасля ад’езду сябра Чавеса.
А зараз прыгадаўся сюжэт «Аднапавярховай Амерыкі» Ільфа і Пятрова. Стары каўбой распавядае пра нейкага індзейца з племені навага, што раптам вырашыў заняцца гандлем. У індзейца нейкім чынам з’явіўся ладны капітал — ці то скаціну прадаў, ці то нафту на сваім участку, але грошы завяліся. Паехаў ён у горад, набыў розных тавараў, прывёз у сваё паселішча. Гандаль распачаўся бойкі, але, па словах каўбоя, не зусім звычайны. Нават узнікала пытанне, ці не з’ехаў гандляр з глузду? Бо прадаваў ён тавары па той жа цане, па якой сам купляў. І ніяк не мог зразумець, што тавар, набыты за долар, трэба прадаваць за долар дваццаць, каб не разарыцца. На аргументы, што ў гэтым і ёсць сэнс гандлю як занятку, які дазваляе зарабіць грошы, ён адказваў, што гэта падман.
Так і гандляваў сумленны індзеец, аж пакуль не надакучыла. Адзінае камерцыйнае прадпрыемства з індзейскім капіталам у племені ляснула.
Астапа Бэндэра б туды з грашыма Сашы Карэйкі. У той час савецкі мільён, мусіць, каштаваў больш за дзвесце долараў індзейца з кнігі вялікіх сатырыкаў.
І па ўсім выходзіць, што мару Бэндэра (ды яшчэ як!) здолеў ажыццявіць беларускі прэзідэнт. Не ў Бразіліі, праўда, а ў Венесуэле, але затое там не меней індзейцаў, чым у племені навага. Ёсць дзе разгарнуцца. Бо калі нармальны гандаль з яго пасярэдніцкімі надбаўкамі — справа ўзаемавыгадная, то што казаць пра гандаль з венесуэльцамі, якія, магчыма, прадаюць Лукашэнку нафту па сабекошце? А ён ў Венесуэле такі мізэрны, што бензін каштуе танней, чым вада з Арынока.
Падумаеш — дух займае. Усяго многа і за малыя грошы. Можа, гэта меў на ўвазе Лукашэнка, калі дзякаваў сябру Чавесу за тое, што ён падставіў Беларусі плячо і працягнуў руку ў цяжкі момант. Але ж калі чуеш пра працягнутую руку, то чакаеш удакладнення. Прыкладам, нашы заўжды яе працягваюць далонню ўверх. На ўсялякі выпадак — раптам хто грошык пакладзе. Але падобна на тое, што ў выпадку з Чавесам гэты нумар не праходзіць. Згодна апошнім статыстычным звесткам, у Расіі Беларусь купляе нафту па 402 долары за тону, а ў Венесуэлы — па 647. Атрымліваецца, што натуральнае дзіця прыроды, індзеец з племені Навага, усё ж такі болей разумеў у гандлі, чым нашы ўрадаўцы, якія заварылі ўсю гэту кашу. Купляць заморcкі тавар у паўтары разы даражэй, чым у бліжняга суседа, ды яшчэ шчыра дзякаваць пры гэтым прадаўцу?..
Далібог, нешта тут не так. Як на самай справе разумець словы А. Лукашэнкі: «Вітаю цябе на ўжо тваёй беларускай зямлі...»? Як гульню двух дэмакратычных прэзідэнтаў-цэзараў? А калі сапраўды гэта зямля ўжо яго, а не наша? Бо нездарма ж так Расія апошнім часам крывіцца. Абяцаў ім, а аддаў Чавесу?
Не, нешта не так з гэтым беларуска-венесуэльскім гандлем. Пакуль што гандлёвае сальда нават горшае, чым з Расіяй. Набылі за восем месяцаў нафты на 400 мільёнаў долараў, а сваіх тавараў прадалі толькі на 200. Нават спецыялісты па знешнегандлёвай дзейнасці чухаюць патыліцы — нешта не так, нехта некага ці ўжо абдурыў, ці збіраецца. Лукашэнка не выканаў (не трэба было звязвацца!) сваіх абавязацельстваў перад Расіяй, а запэўнівае, што не хоча быць вінаватым перад Чавесам. І дзякуе... За што? Што атрымаў такую дарагую нафту, перапрацоўваць якую можна толькі коштам павелічэння эканамічных страт?
Як хочаце, нешта тут не тое. Няма ніякай празрыстасці ў гэтай таемнай дыпламатыі. Які бізнес пры гэтым мае барышы, беларусы насамрэч не ведаюць. А пажадана б ведаць.
Пабажыцца можна, што на гэтым фоне нават вялікі камбінатар выглядае такім жа прасцяком, як Шура Балаганаў.
Мусіць, нам не трэба ведаць, пра што прэзідэнты гутарылі тры з паловай гадзіны сам-насам. У вуснах такіх высокіх асобаў нават разважанні пра надвор’е перастаюць быць банальнымі. А тут такая справа — з «чорным золатам» звязаная. На такіх звычайна нажываюцца мільярды ды распачынаюцца войны з рэвалюцыямі. Чавес паабяцаў, што мы абавязкова адчуем усе яе наступствы. Што, дзе і калі?
Як паказвае практыка, А. Р. Лукашэнка нам гэтага ніколі не скажа. Адна надзея на Чавеса, па словах якога, Баліварская рэвалюцыя знайшла ў цэнтры Еўропы брацкі народ і запасную радзіму. Але Беларусь ужо ёсць такой для кіргізскага прэзідэнта. Магчыма, і для Чавеса месца хопіць. А калі і тут ён зробіць рэвалюцыю? З яго тэмпераментам не быць рэвалюцыянерам цяжка. А з улікам таго, што не ўся яго палітыка звязана з вялікімі грашыма, — немагчыма.