«Нам казалі, што Лукашэнка — гарант незалежнасці. Але гарантам незалежнасці была грамадзянская супольнасць»

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прадставіла даклад па Саюзнай дзяржаве «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі». Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан распавёў, хто сапраўды з’яўляўся гарантам незалежнасці Беларусі, як расійскія спецслужбы скарысталіся страхамі Лукашэнкі, якія пагрозы нясе Саюзная дзяржава для незалежнасці Беларусі. 

Ілюстрацыйнае фота з dzen.ru

Ілюстрацыйнае фота з dzen.ru

Брухан зазначае, што галоўным ініцыятарам і рухавіком стварэння Саюзнай дзяржавы быў Аляксандр Лукашэнка. Тады, па словах намесніка кіраўніка НАУ, ён разглядаў Беларусь як платформу, каб папасці ў Маскву.

— І слабаму тады Ельцыну падавалася, што Лукашэнка можа заняць яго месца. Але калі прыйшоў Пуцін, сітуацыя цалкам змянілася, — кажа Арцём Брухан у эфіры «Еўрарадыё». — Ён сказаў: «Калі дамова аб Саюзнай дзяржаве ёсць, давайце яе выконваць». А гэта ўжо пачало пагражаць уладзе Лукашэнкі, і ён пачаў тармазіць гэты працэс, ды і сама Расія была не надта зацікаўлена.

На нейкі час паставіць гэта на паўзу ўдалося, але Пуцін і Расія ніколі ідэю пра аднаўленне Савецкага Саюза і імперыі не адпускалі.

Спробы аднавіць гэты працэс пачаліся да дваццацігоддзя стварэння Саюзнай дзяржавы — у 2019-м.

— Для Пуціна было вельмі важна схіліць Лукашэнку да падпісання ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы. То-бок ужо тады ў галаве Пуціна быў план па агрэсіі ў дачыненні да Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Брухан зазначае, што Расія дасягнула мэты павялічыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, стварыць рэгіянальную групоўку войскаў.

— Наступны крок у іх разуменні — павелічэнне палітычнага ўплыву. Мы памятаем зліў дакумента пра планы Расіі паглынуць Беларусь да 2030 года, там былі прапісаны кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы.

Мы не ведаем, ці сапраўдны гэты дакумент, але ўсё, што зараз адбываецца, кажа: так, планы такія ёсць. І вось сярод сярэднетэрміновых планаў там было прапісана павелічэнне палітычнага ўплыву на беларускія эліты, стварэнне прарасійскіх актараў.

Наша грамадзянская супольнасць была праеўрапейскай, дэмакратычнай, выступала за незалежнасць Беларусі. У 2021 годзе, пасля візіту Патрушава ў Беларусь, Лукашэнка сказаў, што грамадзянская супольнасць цалкам кантралюецца Еўропай, яны нібы хочуць знішчыць краіну, таму іх трэба вынішчыць. І пад нуль пачалі знішчаць грамадзянскую супольнасць.

Але на яе месцы спачатку нічога новага не стваралася. Потым рэжым вырашыў зрабіць протадзяржаўную грамадскую супольнасць, але не было досведу. Таму на гэтае выпаленае поле прыйшлі прарасійскія актывісты, напрыклад, Бондарава. І пачала фарміравацца псеўдаграмадзянская супольнасць з цалкам прарасійскімі поглядамі.

Намеснік кіраўніка НАУ зазначае, што прарасійскія актывісты інтэгруюцца ў беларускую палітычную сістэму праз уніфікацыю партыйнай сістэмы, і наступны іх крок — палітычны ўдзел у кіраванні Беларуссю.

— У нас засталося чатыры партыі, і ў іх пранікаюць прарасійскія актывісты. Паглядзець толькі на палітсавет «Белай Русі»: у яго ўвайшлі Гігін, Азаронак — гэта людзі «рускага міру».

Яны вельмі добра ўбудоўваюцца ў сістэму Саюзнай дзяржавы, і вось праз іх яны будуць павялічваць свой палітычны ўплыў. І рэжым Лукашэнкі з-за свайго падыходу не можа ўжо гэтаму супрацьстаяць.

Глядзіце таксама

Мне падаецца, што расійскія спецслужбісты выкарысталі страх Лукашэнкі перад грамадзянскай супольнасцю ў сваіх палітычных імперскіх інтарэсах. То-бок яны сказалі, што вось яны праз Захад расхіствалі сітуацыю, таму трэба іх знішчыць. Лукашэнка купіўся на гэта і вырашыў знішчыць і стварыць свае. Але зрабіць свае не ўдалося, гэта зрабілі рускія.

Нам казалі, што Лукашэнка — гарант незалежнасці. Але грамадзянская супольнасць, нацыянальна арыентаваныя беларусы — вось быў гарант незалежнасці. І калі адбылося іх знішчэнне рукамі Лукашэнкі, тады і гарантыі прапалі.

Ён казаў, што толькі адзін ён можа. Не, насамрэч на грамадстве выпрацаваўся гэты падыход, што беларусы могуць захаваць незалежнасць. А калі ён пачаў іх знішчаць — усё, няма апоры.

Брухан лічыць, што, прынамсі, ваенная інтэграцыя Беларусі з Расіяй ужо адбылася.

— На жаль, усе мы не заўважылі, калі ў снежні былі ўнесены змены ў дамову Расіі і Беларусі па ўзаемадзеянні міністэрстваў, створана фактычна рэгіянальная групоўка войскаў.

Там было прапісана, як будзе ажыццяўляцца кіраўніцтва гэтай групоўкай — сумесна міністэрствам абароны РФ і міністэрствам абароны Беларусі. Але ж мы разумеем, што Расія будзе мець значны ўплыў у любым выпадку.

Фактычна адбылося стварэнне адзінай вайсковай сістэмы Расіі і Беларусі. Фактычна страчаны вайсковы суверэнітэт. Кіраўніцтва гэтай групоўкі можа прыняць рашэнне распачаць агрэсію ў дачыненні да Украіны, Літвы — каго заўгодна, і Лукашэнка наўрад ці зможа паўплываць на гэта.

Паводле «Салідарнасці»

Глядзіце таксама