Напярэдадні палітычнай «вакханаліі»

Сучасныя выбаршчыкі, у адрозненне ад выбаршчыкаў савецкіх, маюць магчымасць выбіраць, незалежна ад справядлівасці падліку галасоў. Але нягледзячы на тое, што ўсё схоплена, каленкі дрыжаць, і любыя выбары ўспрымаюцца ўладай як палітычная «вакханалія».

peramozhca_1_logo.gif


Паводле традыцыі, якая склалася яшчэ ў часы «дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева», кожнаму году пяцігодкі варта прысвойваць персанальную назву. Напружваць уяўленне для гэтага зусім не абавязкова. Перадапошні год пяцігодкі (2019) цалкам мог бы стаць вырашальным, а апошні (2020) — завяршальным.

Час, аднак, не стаіць на месцы, таму калі праводзіць паралелі з мінулым, неабходна памятаць папярэджанне старажытнагрэчаскага філосафа Геракліта пра немагчымасць двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. У якасці ілюстрацыі прапаную звярнуцца да грамадска-палітычнай падзеі, што здарыцца неўзабаве, якую на афіцыйнай мове ў нас прынята называць «выбарамі».

Выбары ў СССР праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове. На думку іх арганізатараў, яны дэманстравалі адзінства партыі і народа, што і пацвярджалася амаль 100-працэнтнай яўкай і такім жа высокім працэнтам галасоў, якія нязменна атрымлівалі кандыдаты блока камуністаў і беспартыйных.

У тых, хто галасаваў, было іншае меркаванне (слова «электарат» і яго вытворныя адсутнічалі ў слоўніку «чалавека савецкага»), і гэтым меркаваннем арганізатары выбараў не цікавіліся. А дарэмна. Пры наяўнасці элементарнай дапытлівасці яны, напэўна, змаглі б пазбегнуць «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя».

Але лепш позна, чым ніколі. Былы расійскі, а цяпер амерыканскі антраполаг Аляксей Юрчак не пашкадаваў часу і грошай для запаўнення прагалу ў вывучэнні асаблівасцяў электаральных паводзінаў «чалавека савецкага». Абмяжуюся адным прыкладам з кнігі «Гэта было назаўсёды, пакуль не скончылася»: «Калі я пачаў хадзіць на выбары [у 1980 годзе], я звычайна даволі слаба ўяўляў сабе, што гэта былі за выбары і за каго я павінен галасаваць. Я ішоў на выбарчы ўчастак, браў бюлетэнь з імем кандыдата і кідаў яго ў выбарчую скрыню. У гэтым для мяне палягала ўся працэдура галасавання. Праз некалькі хвілін пасля гэтага імя кандыдата звычайна забывалася. Шчыра кажучы, для мяне было ўсё роўна, ці з’яўляюцца такія выбары сапраўднымі, ці не. І над тым, чаму мне гэта абыякава, я таксама не задумваўся (Сяргей, 1962 года нараджэння, жыхар Калінінградскай вобласці)».

Гэта было назаўсёды, пакуль не скончылася. А скончылася гэта справа таксама нечакана і імкліва, як у 1917 годзе завяршыла сваю 300-гадовую гісторыю дынастыя Раманавых. Як тут не прывесці выказванне сучасніка тых падзей, якое стала афарызмам, рускага рэлігійнага мысляра Васіля Розанава: «Русь зліняла за два дні. Самае большае — за тры».

Бездзеяслоўныя прапановы

Але вернемся да Сяргея з Калінінградскай вобласці. Яго дзеянні на выбарчым участку не з’яўляліся бессэнсоўным актам, як гэта можа падацца на першы погляд, «паколькі з дапамогай такога галасавання ўзнаўляліся не толькі структуры ўлады, але таксама правы, магчымасці і свабоды суб’екта, у тым ліку таксама свабода дзейнічаць насуперак уладзе», — сцвярджае Юрчак.

З узнаўленнем структур улады праз фармалізаваныя працэдуры яшчэ можна пагадзіцца, але пры чым тут свабода суб’екта?

Растлумачу на асабістым прыкладзе. У канцы 1970-х гадоў мяне, старшага майстра 16-га цэха завода «Транзістар», вырашылі прызначыць намеснікам начальніка цэха. Для афармлення павышэння па службе патрэбная была пустая фармальнасць — мая заява ў партыю. Але я адмовіўся выконваць фармальнасць, і пытанне аб маім прызначэнні было знятае.

Між тым, новая пасада давала магчымасці ўплываць на тэхналагічны працэс ужо не ў маштабах вытворчага ўчастка, а ў маштабах цэха, што было раўназначна пашырэнню маёй асабістай свабоды. Усё, што для гэтага было патрэбна, — толькі выканаць фармальнасць.

Перанясем гэты прыватны прыклад на ўсё грамадства. У гады так званага «брэжнеўскага застою» фармалізм, які спускаўся зверху, стаў нормай жыцця. Парадокс, аднак, палягаў у тым, што чым больш пакорліва савецкі чалавек згаджаўся прытрымлівацца формы, тым больш у яго ўзнікала магчымасцяў напаўняць яе сваім зместам. У прыватнасці, першамайскія і кастрычніцкія дэманстрацыі, закліканыя паказаць адзінства партыі і народа, трансфармаваліся ў законныя нагоды для калектыўных п’янак.

Каб апісваць адарваную ад жыцця рэальнасць, камуністычным ідэолагам давялося стварыць новую мову (савецкі варыянт навамоўя Оруэла). У якасці прыкладу прывяду сказ з перадавіцы «Правды» ад 1 лiпеня 1977 года, што была апублікаваная пад загалоўкам «Ідэйнасць савецкага чалавека»: «И в чеканных строках выдающегося документа современности, и в живой действительности, в повседневных буднях коммунистического строительства раскрывается перед миром во всем величии и красоте духовный образ борца и созидателя, гражданина развитого социалистического общества».

Сказ складаецца з 33 словаў і толькі аднаго дзеяслова. Гэта прадуманы прыём, бо дзеяслоў — вораг прапагандыстаў «эпохі застою». Дзеяслоўныя фразы ўяўляюць інфармацыю ў выглядзе новых сцверджанняў, якія можна аспрэчыць, у той час як іх бездзеяслоўныя калегі нібы адсоўваюць падзеі ў мінулае, што спрыяе пераўтварэнню фактаў у заведама вядомыя і бясспрэчныя.

Пакорлівае выкананне рытуалаў абсалютнай большасцю савецкіх людзей выпрацавала адчуванне маналітнасці і нязменнасці сістэмы. Аднак менавіта гэтая ўсеагульная пакорлівасць спрыяла з’яўленню новых ідэй і сэнсаў, якія паступова зрабілі сістэму, адрозную ад той, якой яна сама сабе здавалася.

Яе патэнцыйная нестабільнасць была непрыкметная ўжо праз адсутнасць мовы, на якой яна магла быць апісаная і прааналізаваная. Таму тое, што здавалася ўсё больш маналітным і стабільным, рабілася ўсё далікатнейшым і хісткім. Гэтыя два працэсы ішлі поруч і фармавалі адзін аднаго.

Непераканаўчая перамога ў першым туры

Гісторыя паўтараецца. Але нягледзячы на тое, што да ўдзелу ў выбарах сёння, як правіла, дапускаюцца ўсе ахвочыя, выбары ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца безальтэрнатыўнымі. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ўлады для маскіроўкі безальтэрнатыўнасці зноў вымушаныя звяртацца да навамоўя.

У персаналісцкай аўтакратыі ўклад адзінага палітыка (АП) і ў гэтым, здавалася б, прыватным пытанні, натуральна, стаўся вырашальным. Як тут ні прыгадаць пра «элегантную перамогу»! Без гэтага фразеалагізму сёння немагчыма ўявіць абмеркаванне як перспектыў, так і вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, незалежна ад іх парадкавага нумару.

У створанай пад кіраўніцтвам АП «беларускай мадэлі» электаральныя перамогі праўладных кандыдатаў неэлегантнымі не могуць быць апрыёры, бо любая перамога па балах, любы намёк на магчымасць другога туру азначалі б наяўнасць у грамадстве апазіцыі цяперашняму курсу. Падкрэслю, гаворка ідзе не пра апазіцыю ў выглядзе групы маргіналаў, што адпрацоўвае заходнія гранты, а пра апазіцыйную частку грамадства.

Прызнанне такой апазіцыі было б першым крокам на шляху да новай перабудовы, бо разбурыла б міф пра адзінства грамадства, што згуртаванае вакол фігуры АП.

Падтрымліваць жа стабільнасць з дапамогай архаічнай уладнай «вертыкалі» ў грамадстве, у якім шляхам самаарганізацыі фармуюцца групы, што ўсведамляюць свае інтарэсы, — задача не з простых. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што дзяржава, якая прэтэндуе на званне «донара еўрапейскай стабільнасці», знаходзіцца ў групе сусветных лідараў па колькасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на 1 тысячу насельніцтва.

Але як немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, так немагчыма вярнуцца да савецкага стандарту галасавання, што быў апісаны Юрчакам. Участковыя выбарчыя камісіі не абавязкова лічаць пазнакі ў бюлетэнях, але тыя, хто галасуе, перш чым апусціць бюлетэнь у скрыню, абавязаныя такія пазнакі паставіць (запоўніць бюлетэнь). Таму яны здзяйсняюць свой выбар незалежна ад падліку галасоў. Гэтым сучасны электарат адрозніваецца ад савецкіх выбаршчыкаў.

Зразумела, і сёння шмат каму не істотна, «ці з’яўляюцца такія выбары сапраўднымі, ці не», але толькі таму, што абвяшчаюцца пераможцамі кандыдаты, за якіх, як правіла, галасуе большасць выбаршчыкаў.

У якасці ілюстрацыі прывяду дадзеныя апытання НІСЭПД, атрыманыя па гарачых слядах прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Прынялі ўдзел у галасаванні тады 70% выбаршчыкаў. Свае галасы за АП аддалі 35,6% ад спісачнага складу выбаршчыкаў (50% ад колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні). Выбары прызналі свабоднымі і справядлівымі 41% апытаных, несвабоднымі і несправядлівымі — 33%, не змаглі адказаць — 24%.

Статыстыка для АП пераможная, але з улікам 3-працэнтнай памылкі выбаркі, перамога ў першым туры выглядала непераканаўча. Вось і атрымліваецца, што, нягледзячы на тое, што ўсё схоплена, каленкі дрыжаць, і любыя выбары ўспрымаюцца як палітычная «вакханалія», пра што і абвясціў АП 13 лістапада 2018 года, калі прымаў чарговыя кадравыя рашэнні.