Наўседа: Беларускі рэжым спрыяе разбурэнню будучыні свету

Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы — Гітанас Наўседа, Эдгар Рынкевічс і Анджэй Дуда — адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам у Дубаі.

Агульнае фота ўдзельнікаў саміту ў Дубаі. Лукашэнка крайні справа ў першым шэрагу. 1 снежня 2023 года

Агульнае фота ўдзельнікаў саміту ў Дубаі. Лукашэнка крайні справа ў першым шэрагу. 1 снежня 2023 года

Прэзідэнты Гітанас Наўседа, Эдгар Рынкевічс і Анджэй Дуда байкатавалі агульнае фатаграфаванне на сустрэчы Арганізацыі Абʼяднаных Нацый аб змяненні клімату COP28 у пятніцу ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, бо ў ім удзельнічаў Аляксандр Лукашэнка, піша «Свабода».

Аб прычынах байкоту са спасылкай на літоўскага прэзідэнта паведамляе літоўская тэлевізія LRT.

«Было б крывадушна стаяць плячо ў плячо з кіраўніком дзяржавы, якая стала плацдармам агрэсіі Расіі супраць Украіны, і як нічога і не было абмяркоўваць будучыню свету і змяненне клімату. Беларускі рэжым спрыяе разбурэнню будучыні свету і разам з Расіяй нясе адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне, ад гібелі людзей да катастрафічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», — заявіў Наўседа.

У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з 30 лістапада да 12 снежня праходзіць Канферэнцыя ААН аб зменах клімату, на якой плануюць разгледзець выкананне Парыжскага пагаднення аб клімаце, ухваленага ў 2015 годзе замест Кіёцкага пратаколуа, а таксама механізмы скарачэння выкідаў да 2030 года.

У канферэнцыі бярэ ўдзел і Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца яго выступленне.

Сёлета Аляксандр Лукашэнка сваім указам зацвердзіў рашэнні аб выхадзе Беларусі з дзвюх экалагічных канвенцый — Орхускай (аб удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў, доступе да інфармацыі і правасуддзя ў пытаннях навакольнага асяроддзя, ініцыяванай Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН) і Бернскай (аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных біятопаў у Еўропе, падпісанай у 1979 годзе па ініцыятыве Рады Еўропы).

У кастрычніку 2021 года ўдзельнікі Орхускай канвенцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалагічнай арганізацыі «Экадом» пераследам з боку дзяржавы. Было прынята рашэнне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі з 1 лютага 2022 года, калі да 1 снежня ўлады не зробяць крокаў дзеля аднаўлення рэгістрацыі аб’яднання. За такое рашэнне прагаласавалі 27 краін.

Орхуская канвенцыя аб удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя, існуе ад 1998 года. Яе бакамі з’яўляюцца практычна ўсе еўрапейскія краіны, да сённяшняга дня — уключна з Беларуссю.