«Не зусім разумеюць і прызнаюць стратэгію мірных перамен»
Кампанія «Гавары праўду» вызначылася са спісам кандыдатаў у дэпутаты. Жадаючыя пазмагацца за мандат прайшлі жорсткі арганізацыйны і ідэалагічны адбор.
У яго выніку з больш чым 60 прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла ў спісе «Гавары праўду» засталося 29 чалавек. З іх у Мінску будуць балатавацца толькі шасцёра, астатнія — у рэгіёнах.
Як паведаміў на прэзентацыі спісу кандыдатаў, якія ўжо 28 чэрвеня пачнуць падаваць дакументы для атрымання кандыдацкага статусу, кіраўнік выбарчага штаба «ГП» Сяргей Вазняк, прэтэндэнты прайшлі даволі жорсткі кастынг. Справа ў тым, што стратэгіяй арганізацыі можна назваць лозунг: «Перамагаць, нягледзячы ні на што». Тым, хто ідзе на выбары дзеля «прапаганды сваіх каштоўнасцяў», альбо «павышэння вядомасці сярод электарату» ў спісах «ГП» рабіць няма чаго. У кампаніі лічаць, што гэтыя рэчы, — прапаганда і пашырэнне вядомасці, — магчымыя толькі праз паўнавартасную барацьбу за мандат на выбарчым участку. То бок, «схалявіць», не атрымаецца. А таму большая частка адсеяных прэтэндэнтаў на кандыдацтва ад «ГП» проста цвяроза ацаніла сваю моц. І вырашыла, што для паўнавартаснай кампаніі ім не хапае сілаў.
Дарэчы, яшчэ тры месяцы таму лідарка «ГП» Таццяна Караткевіч казала «Новаму Часу», што ў кандыдатах застаюцца 40 прэтэндэнтаў. Гэтая лічба, як бачым, паменшылася.
Але была і некаторая частка кандыдатаў, якія не прайшлі ўнутраны адбор з-за таго, што яны «не зусім разумеюць і прызнаюць стратэгію мірных перамен». Так напісана ў прэс-рэлізе кампаніі. Як распавёў Вазняк, крытэрам адбору была не толькі моц камандаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Іх разглядалі яшчэ і праз прызму адданасці ідэі. То бок, глядзелі, што прэтэндэнты пішуць у сацсетках, як яны выказваюцца і пра што. Адзін чалавек, напрыклад, наўпрост запытаўся: ці трапляе ён у «тыя пяць чалавек, якія «ГП» па дамоўленасці з уладай правядзе ў парламент». Зразумела, ніякіх дамоўленасцяў з уладай у «праўдыстаў» няма, і ніякіх квотаў ім не прапаноўвалася. Таму з гэтым чалавекам рассталіся — без асаблівых шкадаванняў.
З 29 патэнцыйных кандыдатаў толькі пяцёра маюць досвед удзелу ў парламенцкіх выбарах. А дзве траціны з іх увогуле далучыліся да кампаніі пасля ўдзелу Караткевіч у прэзідэнцкай гонцы. На наступны ж дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў Караткевіч заклікала далучацца да яе кампаніі і абвясціла пачатак кампаніі парламенцкай. Гэтым шмат хто скарыстаўся, а таму жорсткі адбор кандыдатаў для «ГП» неабходны.
Апроч усяго іншага, як зазначыла перад прысутнымі Таццяна Караткевіч, у прэтэндэнтаў на кандыдацтва ёсць яшчэ адна ўмова: нягледзячы на тое, якімі будуць вынікі выбараў, яны застаюцца працаваць у сваіх выбарчых акругах і надалей. А гэта ўжо — пераход ад адзінкавага ўдзелу ў кампаніі ў «сталыя палітыкі», — спадабаецца не кожнаму. Палітыка — рэч непрыбытковая, а вось страціць з-за яе можна шмат.
Караткевіч сказала, што на прэзідэнцкіх выбарах яна атрымала «крэдыт даверу» — за яе галасавалі каля мільёна людзей. І гэта дало ёй магчымасць стасавацца з уладаю калі не на роўных, дык хаця б маючы на гэта маральнае права. «Гавары праўду» — апазіцыйная арганізацыя, — наўпрост заявіла яна. — Аднак бы абіраем шлях дыялогу замест канфрантацыі». І тое, што ўлада «худа-бедна, але пайшла на рэформы, якія яна не называе рэформамі», азначае, што «ГП» пачулі, лічыць Караткевіч.
Самаму маладому вылучэнцу на кандыдацтва ад «ГП» 23 гады, самаму старому — 65. Сярод прэтэндэнтаў на парламенцкае месца — фермеры, прадпрымальнікі, юрысты, эканамісты і інжынеры. І нават былы старшыня Рагачоўскага райвыканкаму Мікалай Камароўскі. А вось з гендэрным складам у кампаніі правал: на дэпутацтва ідуць 24 мужчыны і толькі пяць жанчынаў. «Кепска мы працуем, — адзначыў Вазняк, звяртаючыся да Караткевіч. — Таццяна, вы здолелі зачараваць мужчынаў, а вось я, так, не спрацаваў, не зачароўваю жанчын».
Намеснік старшыні «ГП» Андрэй Дзмітрыеў, як высветлілася — адзін з тых, хто раней не прымаў удзелу ў парламенцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Ён лічыць, што «канструктыўная апазіцыя» — самы слушны шлях да народа. «Мы перамагаем, калі перамагаюць нашыя ідэі» — зазначыў ён, і прывёў у якасці прыклада выступ на усебеларускім сходзе губернатара Мінскай вобласці Сямёна Шапіры. Які, сказаў Дзмітрыеў, быў напалову плагіятам перадвыбарчай кампаніі Караткевіч.
Сярод 29 вылучэнцаў у парламент ад «ГП» толькі трое маюць партыйнасць. Але нават гэтая тройка не збіраецца (пакуль што) вылучацца ў кандыдаты шляхам партыйнага спісу. Усе кандыдаты ў кандыдаты будуць збіраць подпісы грамадзянаў за сваё вылучэнне. І гэта будзе першай праверкай на трываласць і якасць кандыдатаў ад «ГП». Бо, гледзячы на надвор’е, выпадае казаць, што ўмовы для збору подпісаў будуць нічым не лепшыя за мінулую прэзідэнцкую кампанію.
А тады мы і паглядзім, хто з кандыдатаў вытрывае першы этап.