Незаўважаны юбілей
У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў са дня выхаду зборніка “Вехі, гэтай, па вызначэнні Леніна, “энцыклапедыі ліберальнага рэнегацтва. Аўтары
“энцыклапедыі прадказвалі надыходзячую катастрофу.
Асноўную прычыну катастрофы яны бачылі ў імкненні інтэлігенцыі “будаваць жыццё па розуму, адарваўшы яго ад аб’ектыўных пачаткаў гісторыі, калі думка чалавечая, захопленая
сваім палётам, “імкнецца сама з сябе ўзнавіць усю рэчаіснасць, замяніўшы яе арганічныя законы сваімі адцягненымі патрабаваннямі.
У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў са дня выхаду зборніка “Вехі, гэтай, па вызначэнні Леніна, “энцыклапедыі ліберальнага рэнегацтва. Аўтары
“энцыклапедыі прадказвалі надыходзячую катастрофу.
Асноўную прычыну катастрофы яны бачылі ў імкненні інтэлігенцыі “будаваць жыццё па розуму, адарваўшы яго ад аб’ектыўных пачаткаў гісторыі, калі думка чалавечая, захопленая
сваім палётам, “імкнецца сама з сябе ўзнавіць усю рэчаіснасць, замяніўшы яе арганічныя законы сваімі адцягненымі патрабаваннямі.
Простыя рэцэпты
Эканамічны крызіс і надыходзячыя чарговыя прэзідэнцкія выбары зрабілі зноў актуальным пошук адказу на пытанне “Што рабіць? Недахопу ў прапановах няма. Усе, каму паводле штатнага
раскладу належыць выказвацца, ужо пачалі гэта рабіць. Такую актыўнасць можна было б толькі вітаць, калі б не адно “але: як і сто гадоў таму, выразна прасочваецца ўсеагульнае
імкненне да стварэння аўтарамі сваёй уласнай рэчаіснасці, прычым рэчаіснасці вельмі спрошчанай.
Прастата ў разуменні спараджае спрошчанасць рэцэптаў па ўдасканаленні выдуманай рэчаіснасці. Напрыклад, Анатоль Лябедзька спіс сваіх прапаноў адкрывае наступнай фразай-прадмовай: “Наш рэцэпт
просты, як пяць пальцаў. Распачынаюцца “пяць пальцаў прапановай давяраць чалавеку і пакідаць яму 80 працэнтаў заробленага, а заканчваюцца заклікам кантраляваць службоўцаў
і палітыкаў. Прапанова, безумоўна, правільная, аднак ва ўмовах аўтарытарнай улады яна чымсьці падобная да закліку павесіць кату на шыю званок. Дзе той суб’ект, які на такі ўчынак
адважыцца?
У Беларусі, паводле сакавіцкага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД), 74 працэнта рэспандэнтаў лічаць, што “большасць не зможа пражыць без
апекі дзяржавы. Пры такой сацыялогіі разлічваць на эфектыўны “народны кантроль не даводзіцца, дый попыту на яго няма. Што датычыць прапановы пакідаць чалавеку 80
працэнтаў заробленага, то не зусім зразумела, дзе гэтага канкрэтнага чалавека шукаць. Калі сярод шматлікай арміі бюджэтнікаў, дык яны ж не працуюць, а служаць. Іх служэнне ажыццяўляецца па-за рынкам,
а таму яны атрымліваюць сваю частку грамадскага пірага праз механізм дзяржаўнага пераразмеркавання. Пра пенсіянераў, якіх у рэспубліцы ўжо больш за 2,5 мільёна, я і не кажу. У гэтых умовах прапанова
пакідаць 80 працэнтаў заробленага тым, хто сапраўды зарабляе, азначае для большасці беларусаў пераход да існавання на мяжы фізічнага выжывання, а магчыма, і па-за мяжой.
Выдаючы жаданае за сапраўднае
Звернемся, аднак, да “Стратэгіі дзейнасці еўрапейскіх сіл Беларусі. Яе аўтары зыходзяць з пераканання, што беларускае грамадства ў асноўным гатовае да “дэмакратычных
механізмаў кіравання дзяржавай. На чым заснаваная такая гатоўнасць — сказаць цяжка. Прынамсі падчас сацыялагічных апытанняў выявіць яе не атрымліваецца. Безумоўна, у асноўнай сваёй
масе беларусы не супраць дэмакратыі (такіх толькі 6%). Усё пытанне ў тым, які сэнс яны ўкладваюць у гэта паняцце. Большасць (43%) выступае за дэмакратыю своеасаблівую, якая адпавядае нацыянальнай
спецыфіцы Беларусі, і ў гэтым яны цалкам салідарызуюцца з кіраўніком дзяржавы. Прыхільнікаў заходняй дэмакратыі істотна менш — 28%. Яшчэ 12% настальгуюць па дэмакратыі савецкага ўзору.
Калі ў міжасобасных адносінах прынцып “ты мне — я табе лічыцца цалкам
прымальным, то пераносіць яго на свае адносіны з дзяржавай, дэманструючы тым самым сваю грамадзянскасць, у беларусаў асаблівага жадання няма. Пры адказе на пытанне: “Якому прынцыпу адносін
паміж дзяржавай і яе грамадзянамі Вы асабіста аддаяце перавагу?, абсалютная большасць (67%) пагадзілася з тым, што дзяржава павінна клапаціцца пра людзей, а вось ахвяраваць сваім асабістым
дзеля дабрабыту дзяржавы выказалі гатоўнасць толькі 10%. Яшчэ 22% лічаць за лепшае трымацца ад дзяржавы як мага далей, таму абралі варыянт адказу: “Людзі павінны праявіць самастойнасць і
самі паклапаціцца пра сябе. Звярніце ўвагу, частка “самастойных апынулася на 6 працэнтных пунктаў менш за колькасць прыхільнікаў заходняй дэмакратыі. Таму пры ацэнцы
ступені еўрапейскасці беларусаў да вынікаў сацыялагічнага апытання варта ставіцца без фанатызму.
Чаму ж у свой час Ленін так не ўпадабаў вехаўцаў? Звернемся да арыгінала: “Асноўнай праявай інтэлігенцкай свядомасці, якая прыводзіць да крушэння, з’яўляецца рацыяналістычны
утапізм, імкненне ўладкаваць жыццё разумна, адарваўшы яго ад аб’ектыўных пачаткаў гісторыі, ад арганічных асноў грамадскага парадку, ад жыватворных святыняў народнага быцця. Тады,
у пачатку мінулага стагоддзя, народная свядомасць была найперш рэлігійная. Таму інтэлігенцыя са сваімі гатовымі формуламі, часцей за ўсё запазычанымі на Захадзе, па меркаванні вехаўцаў,
“замест таго, каб быць сілай стваральнай і прагрэсіўнай, становіцца пачаткам разбуральным і рэвалюцыйным.
Ад рэлігійнай свядомасці ў сучасных беларусаў мала што засталося. Ідучы ў нагу з часам, змяніла свае тэарэтычныя прыхільнасці і доблесная праслойка — інтэлігенцыя. Яна выкінула вучэнне пра
класавае змаганне на сметнік гісторыі ды пачала асэнсоўваць айчынную незаходнюю сацыяльную рэальнасць у катэгорыях сучасных заходніх тэорый. Інтэрнэт і старонкі недзяржаўных газет запоўніліся
развагамі пра сярэдні клас, сацыяльны кантракт і пра іншыя замежныя цікавосткі. Беларускае грамадства, гатовае да “дэмакратычнага механізма кіравання дзяржавай, — яшчэ
адзін прыклад такога кшталту творчага пераасэнсавання.
У пошуках знешняй мяжы рэжыму
Пра тое, што працэс супрацьстаяння ўлады і апазіцыі не варта разглядаць у якасці лакаматыва сучаснай беларускай гісторыі, я пісаў у папярэдняй “Азбуцы паліталогіі (гл.
“НЧ № 21 ад 12 чэрвеня). Пяройдзем цяпер да працэсу супрацьстаяння ўлады і грамадства. Але перш чым гэта зрабіць, паміж імі неабходна правесці лінію падзелу. Намалюем на лісце
паперы роўнабаковы трохкутнік і адсячэм паралельнай аснове лініяй яго вяршыню. Дапусцім, што гэта дзяржаўныя службоўцы. Паводле любога сусветнага класіфікатара іх варта аднесці да дзяржавы. Колькі іх
у Беларусі? Знаўцы сцвярджаюць, што не менш за 50 тысяч. На 7 мільёнаў дарослага насельніцтва гэта нямнога.
Такая ў нас на першы погляд кампактная і адначасова моцная дзяржава. На жаль, адной паралельнай рысай нам не абмежавацца. Ёсць яшчэ і людзі ў пагонах. Іх у 4–5 разоў больш, чым дзяржаўных
службоўцаў, але і гэта яшчэ не ўсё. Вышэй ужо былі згаданыя бюджэтнікі. Гэта яны ставяць клізмы ў
лякарнях і правяраюць сшыткі ў школах, а ў вольны ад асноўнай працы час падлічваюць галасы на выбарчых участках. У верасні 2008 года, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, агульная колькасць толькі
ўчастковых камісій склала 69849 чалавек, і ўся гэта армія з пастаўленай дзяржавай задачай справілася! Можа, уся справа ў тым, што, насуперак уяўленням палітычных рамантыкаў ад апазіцыі, і
маладзенькія медсёстры, і першыя настаўніцы з “сівымі пасмачкамі з’яўляюцца часткай дзяржавы, а не грамадства.
А ёсць жа яшчэ работнікі дзяржпрадпрыемстваў, чый матэрыяльны дабрабыт вызначаецца стаўкай першага разраду і сістэмай галіновых каэфіцыентаў. Ёсць бізнесмены, занятыя сумесна з дзяржаўнымі
службоўцамі “засваеннем бюджэтных рэсурсаў. Ёсць, урэшце, 2,5 мільёна пенсіянераў, якія на трох прэзідэнцкіх выбарах дружна галасавалі за Лукашэнку. Матывацыя такога галасавання
зразумелая. Яна неаднаразова апісвалася сацыёлагамі. Незразумела толькі, дзе ж варта правесці рысу, якая аддзяляе дзяржаву ад грамадства. Вунь тая канкрэтная бабулька, што працягвае руку ў пераходзе,
яна ўжо грамадства або яшчэ дзяржава? Незразумела. А калі партыйныя актывісты выбудоўваюць стратэгію па змаганні з “антынародным рэжымам, то яны змагаюцца за інтарэсы бабулькі з
працягнутай рукой або супраць?
Тое, што шмат каму здаецца натуральным (аддзяленне грамадства ад дзяржавы), у рэальнасці адбылося пакуль толькі ў краінах заходняй дэмакратыі. Гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Аддзяліцца ад
дзяржавы можа толькі грамадства, якое складаецца з грамадзян. Таму што грамадзянін, у адрозненне ад падданага ,— гэта аўтаномная ад дзяржавы асоба. Такое азначэнне. Толькі грамадства, якое
складаецца з аўтаномных асоб, можа стаць апорай апазіцыі, як, зрэшты, і апорай дзяржаве. Для таго, каб у гэтым пераканацца, рэкамендую яшчэ раз прагледзець вынікі адказу на пытанне: “Якому
прынцыпу адносін паміж дзяржавай і яе грамадзянамі Вы асабіста аддаяце перавагу?.
І ў якасці заключэння прапаную некалькі прапісных ісцін:
– любая сацыяльная рэальнасць складаней за нашы ўяўленні пра яе;
– няма і не можа быць простых рэцэптаў па мэтанакіраванаму змяненню рэчаіснасці;
– на раз, два, тры, чатыры, пяць толькі зайчыкі выходзяць пагуляць, але такія шпацыры, як правіла, нічым добрым не заканчваюцца.