Недамаўляльныя
«Хочаш прачытаць чарнавік свайго некралога? Сыдзі з палітыкі!» — так інтэрнэт жартаваў з каментароў з нагоды абвешчанага сыходу Уладзіміра Някляева. Шчыра кажучы, я здзіўлены, што Някляеў пратрымаўся так доўга.
Ніхто не патлумачыў рознагалоссі, з-за якіх Някляеў сказаў: «Гуд бай!». Ніхто не сказаў: «Слухай, не гарачыся, падумай яшчэ, можа застанешся?» Значыць, «сыход з палітыкі Някляева» быў даспадобы ўсім.
Шчыра кажучы, я здзіўлены, што Някляеў пратрымаўся так доўга. Год таму, падчас кампаніі мясцовых выбараў ужо было бачна: паэт расчараваны ва ўсіх сваіх так званых «аднадумцах». З прыкрасцю ён казаў напярэдадні дня галасавання 23 сакавіка: «Мы дамаўляліся, што ў дзень мясцовых выбараў абвесцім імя адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ад апазіцыі. І дзе гэтае імя?»
Гэтае імя не назвалі і праз паўгода (абяцалі ў лістападзе) і праз год. Не будзе і Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Спачатку ўсе змагаліся за працэдуру, за прадстаўніцтва на Кангрэсе, а зараз сказалі: «Цягнік сышоў». І ён сапраўды сышоў: дату выбараў павінны абвясціць у жніўні, а для падрыхтоўкі такога мерапрыемства трэба не менш за тры месяцы: трэба сабраць рэгіянальныя сходы, вылучыць дэлегатаў, забяспечыць іх яўку на Кангрэс, дамовіцца з памяшканнем, атрымаць дазвол на яго правядзенне і гэтак далей, далей, далей… Нават калі б падрыхтоўка да Кангрэса пачалася зараз, то акурат бы паспелі толькі да жніўня. Але зараз яна не пачнецца.
Прычым, цалкам не вядома, за што змагаюцца ў перамовах лідары апазіцыйных партый. Канешне, прадстаўніцтва на Кангрэсе — рэч важная для рэалізацыі ўласных амбіцый. Але ўласныя амбіцыі — гэта адно, а сітуацыя ў краіне — зусім іншае. Мы нездарма ў мінулым годзе праводзілі ў рэдакцыі НЧ круглыя сталы з экспертамі і палітыкамі. Для нас было важна зразумець: ці асэнсоўваюць палітыкі важнасць адзінства? Прадстаўнікі, прынамсі, нацыянальна-дэмакратычных сілаў білі сябе капытам у грудзі і ў адзін голас казалі: «Калі мы не дамовімся, мы можам страціць краіну!» То бок пагрозу, перад якой, падаецца, усялякія амбіцыі павінны былі сысці на другі ўзровень, асэнсоўвалі ўсе. Але не дамовіліся. Амбіцыі — у дадзеным выпадку пустыя і нічым не пацверджаныя — перамаглі.
Можа быць, залішне абвостраным чуццём паэта Някляеў гэтую пагрозу асэнсоўваў крыху больш, чым іншыя. І ніякага выйсця, інакш, чым няўдзел у гэтай «страце краіны», ён не знайшоў.
Галоўнае, што паказаў ягоны сыход, — не тое, што апазіцыя не ўмее дамаўляцца. Вынік гэтай недамоўленасці — той, што апазіцыянеры ў чарговы раз пацвердзілі: у іх няма альтэрнатывы. На галоўнае пытанне выбаршчыка: «Калі не ён, дык хто?», уцямнага адказу мы не атрымалі.
Пакуль што ў нас ёсць два патэнцыйныя кандыдаты на прэзідэнта. Гэта Анатоль Лябедзька, згодна з рашэннем апошняга з’езду ягонай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і Таццяна Караткевіч, адна з каардынатарак «Гавары праўду». Што тычыцца Лябедзькі, то ягоная кампанія будзе «дваістай»: старшыня АГП пойдзе «другім нумарам» пасля Мікалая Статкевіча, які, відавочна, юрыдычнай рэгістрацыі як кандыдат не атрымае. Да таго ж Лябедзька ўжо пакінуў за сабою права зняцца з выбараў, якіх у нас не існуе, у любы момант.
Што тычыцца Караткевіч, то тут сітуацыя няўцямная. Пакуль што казалася толькі пра намер вылучыць яе кандыдаткай, а адзін з лідараў «Гавары праўду» Андрэй Дзміртыеў у сацыяльных сетках прадставіў Таццяну як «твар пераменаў у Беларусі». То бок, пра паўнавартаснае кандыдацтва пакуль сказала толькі Партыя БНФ, якая заявіла пра падтрымку Караткевіч.
Такім чынам, Караткевіч пакуль што прамацала глебу свайго магчымага вылучэння, а не афіцыйна заявіла пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдаткі.
Карацей, да выбараў апазіцыя прыходзіць у цалкам «разабраным» стане. За паўгады да імавернага галасавання грамадства не ведае альтэрнатывы кіраўніку дзяржавы. Але і гэта яшчэ не самае кепскае.
Кепскае пачнецца, калі разам з прэзідэнцкімі выбарамі будзе абвешчаны рэферэндум. Фармальная падстава для такога кроку ёсць: напрыканцы 2013 года ў краіне былі ліквідаваныя гаспадарчыя суды, у тым ліку Вышэйшы гаспадарчы суд. А гэта значыць, трэба прыводзіць у адпаведнасць з рэаліямі Канстытуцыю Беларусі, дзе сярод іншых судоў прапісаны і ВГС. Змяніць жа Канстытуцыю інакш, як на рэферэндуме, немагчыма.
Якія яшчэ пытанні могуць быць вынесеныя на гэты рэферэндум, можна толькі здагадвацца. І наўрад ці здарма з Масквы апошнім часам пачаліся настойлівыя «злівы» з патрабаваннем праз рэферэндум далучыцца ў «братэрскія абдымкі Расіі».
Што будуць рабіць «недамаўляльныя», калі яны сапраўды страцяць краіну?