Палітвязень Андрэй Пратасеня: Вялікая палітыка – гэта асобны свет, і я не хачу туды лезці

Лукашэнка падпісаў чарговы указ аб памілаванні яшчэ чатырох палітвязняў, асуджаных за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Алесь Кіркевіч, Андрэй Пратасеня, Алег Гнедчык і Зміцер Даронін вярнуліся да сваіх родных.  Да журналістаў “Reuters патрапіў  ліст міністра замежных справаў Балгарыі Нікалая Младэнава вярхоўнай прадстаўніцы замежных спраў і бяспекі Еўрасаюза Кэтрын Эштан. Младэнаў паведамляе, што з Лукашэнкам меў сустрэчу ў Мінску напрыканцы жніўня, і ён паабяцаў да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітзняволеных.  Андрэй Пратасеня не мае палітычнай заангажаванасці, хаця і адседзеў некалькі месяцаў у месцах не надта аддаленых акурат за ўдзел у палітычнай акцыі. Затое малады чалавек мае адкрытую ўсмешку і перакананне, што сумленне яго чыстае перад сабою і Беларуссю. Сёлета 5 мая судом Кастрычніцкага раёна Мінска ён быў прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.



843a4d7fb5b1641b0bb8e3c2b2e75231.JPG

Лукашэнка падпісаў чарговы указ аб памілаванні яшчэ чатырох палітвязняў, асуджаных за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Алесь Кіркевіч, Андрэй Пратасеня, Алег Гнедчык і Зміцер Даронін вярнуліся да сваіх родных.  Да журналістаў “Reuters патрапіў  ліст міністра замежных справаў Балгарыі Нікалая Младэнава вярхоўнай прадстаўніцы замежных спраў і бяспекі Еўрасаюза Кэтрын Эштан. Младэнаў паведамляе, што з Лукашэнкам меў сустрэчу ў Мінску напрыканцы жніўня, і ён паабяцаў да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітзняволеных.

 Андрэй Пратасеня не мае палітычнай заангажаванасці, хаця і адседзеў некалькі месяцаў у месцах не надта аддаленых акурат за ўдзел у палітычнай акцыі. Затое малады чалавек мае адкрытую ўсмешку і перакананне, што сумленне яго чыстае перад сабою і Беларуссю. Сёлета 5 мая судом Кастрычніцкага раёна Мінска ён быў прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасля вызвалення з бабруйскай калоніі Андрэй на некалькі дзён патрапіў пад увагу журналістаў – тэлефон былога палітвязня не змаўкаў ад званкоў як з беларускіх, так і з замежных СМІ. "Славы мне не трэба. Героем я сябе не адчуваю, -- разважае Андрэй – тым больш я напісаў прашэнне аб памілаванні, і вакол гэтага многа абмеркаванняў. Нехта гаворыць “ганьба, здраднікі. Ёсць грамадская ўвага да справы, меркаванне. І ад гэтага адчуваеш сябе пад прыцэлам.

Андрэю Пратасеню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні яшчэ на пачатку жніўня. Тады на свабоду выйшлі дзевяць палітвязняў. Абмяркоўваць, чаму ў мінулы раз ён адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні, а цяпер гэта зрабіў, Андрэй не захацеў. 

--  Прыміце гэта як факт: спачатку я адмовіўся і мяне, можна сказаць, пакінулі ў спакоі. А потым я прыйшоў і напісаў сам. Сцісла патлумачыць я не змагу, а разгорнуты адказ зойме цэлую кнігу.

 

На судзе Андрэй цалкам прызнаў сваю віну. Што ён сапраўды паддаўся ўплыву натоўпу і двойчы ўдарыў па шчытах супрацоўнікам міліцыі, якія знаходзіліся ў будынку Дома ўрада. А адзін шчыт, якімі былі забарыкадзіраваныя дзверы будынку, ён выцягнуў вонкі. Але сцьвярджае, што ў яго не было свядомай мэты прычыніць каму-небудзь нейкую шкоду або прарвацца да будынка Дома ўрада.

 --  Так складана. Я заўжды гавару праўду, нават у дробязі хлусня для мяне складана. І таму нават на судзе многа “падвісаў над некаторымі пытаннямі. І не з-за таго, што я хацеў увільнуць. Проста гэты парыў, учынак настолькі складаны, некантралюемы. Мне і на судзе было складана з гэтым разабрацца, назваць дакладную прычыну чаму я так зрабіў. Пяць хвілін маіх дзеянняў вельмі складана неяк ахарактарызаваць, гэта збег абставінаў, сукупнасьць фактараў. У прашэнні я напісаў тое ж, што гаварыў на судзе.

 -- Андрэй, а як ты мяркуеш, ці было б нармальна, калі б экс-кандыдаты ў прэзідэнты напісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі?

-- Я жыццё разглядаю з пункту сумлення, гонару. Ніякія фізічныя пакуты ніколі не параўнаюцца з душэўнымі перажываннямі. Я падпісаў памілаванне, нідзе не зманіў, праз сябе не пераступіў і тое суткамі ляжаў і думаў. Часам было вельмі цяжка, думаў, мо і праўда трэба было не падпісваць і выйсці чыстым. А экс-кандыдатаў увогуле абвінавачваюць у тым, чаго яны не рабілі. Чалавеку невінаватаму пісаць, што ён  раскайваецца, прызнае сваю віну... Ды яшчэ на імя свайго суперніка, ворага... Гэта будзе яўна выглядаць, што ты ідзеш супраць сябе.

-- Ты ж разумееш, што твая асоба – прадмет палітычнага гандлю? І як пачуваешся, асэнсоўваючы, што ты ўсяго толькі разменная манета ў чужых інтарэсах?

-- Я жыў заўсёды з сябрамі, роднымі ў звычайных чалавечых адносінах. А тут чалавечнасцю, гуманнасцю нават і не пахне. Што б ты не зрабіў, гэта выкарыстоўваецца на выгоду, тваё становішча – каб пагандлявацца. Гэта не здзіўляе, але крыху шакіруе. Для звычайнага чалавека гэта ўсё не зразумела. Вялікая палітыка – гэта такі асобны свет, і я не хачу туды лезці. Проста так атрымалася, што патрапіў. Я разумеў, што натварыў, што закон усё ж пераступіў. Але ўсе, хто былі на Плошчы, жадаюць жыць у іншай краіне, хацелі б бачыць Беларусь квітнеючай і паспяховай. І было крыху страшна, але да апошняга не верылася, што ўсе падзеі будуць развівацца ў такім рэчышчы. Свядомасць працівілася факту таго, што я паеду ў калонію.

Увогуле складваецца ўражанне, што дзяржава робіць усё магчымае, каб думаючыя, ініцыятыўныя людзі як мага хутчэй з’ехалі з Беларусі.

-- Ці пераасэнсоўваў падзеі 19 снежня 2010 года? Ці мела месца, на твой погляд, спланаваная правакацыя?

-- Складана сказаць. Канешне, кандыдаты ні да чаго дэструктыўнага не заклікалі, наадварот. Магчыма гэта была правакацыя ці чыйсці план. Але некаторыя факты выклікаюць падазрэнні. Міліцыя з’явілася толькі тады, калі ўжо ўсё паграмілі. Нават на судзе ў прадстаўнікоў міліцыі, якія здымалі ўсё на відэа, пыталіся:“што ў вашыя функцыі ўваходзіць?, “ахова парадку, “то чаму вы здымалі, а не стрымлівалі людзей?.

 -- Якія ўражанні засталіся ад калоніі?

-- Гэта як піянерскі лагер. Многія едуць туды з адчуваньнем, што там творыцца нешта ненармальнае, сэрыялаў наглядзяцца, клішэ нейкія працуюць. А напраўду ў той калоніі ніхто цябе не “ламае, выпрабаванняў не ладзіць. Іншая справа, што усё абвастраецца.  Нехта не атрымлівае перадачаў і чалавек можа нават пачаць красці ў другіх. Хто быў добры, той будзе імкнуцца знайсці вакол сябе такіх жа людзей. Якасці, якія былі ў чалавека, проста крыху абвастраюцца.

У калоніі я спачатку быў начным днявальным, нічога асаблівага – сядзеў на вартавым пункце і чытаў кнігі. Потым працаваў дворнікам, упакоўшчыкам у цаху, дзе шылі спецвопратку. У вольны час чытаў кнігі, пісаў лісты, думаў, аналізаваў сваё жыццё. Мне вельмі многа пісалі лістоў. Вялікі дзякуй людзям, якіх я нават не ведаю, але якія пісалі мне лісты, падтрымлівалі. Калі штодзень прыносяць па пяць лістоў, гэта выклікае нават зайздрасць у іншых вязняў.

Лазня з гарачаю вадой была раз на тыдзень. Ва ўмывальніку мыцца і сціраць вопратку не дазвалялі. Дзе сушыць вопратку таксама незразумела. У калоніі вельмі аднастайнае харчаванне. І гэта адразу сказваецца на стане скуры, псуюцца зубы, быў жнівень, а многія хадзілі з насмаркам.


-- Ці будзеш дабівацца рэабілітацыі, каб знялі судзімасьць?

-- Ва умовах цяперашняй сістэмы гэта складана, яна такая... прагніла, праржавела. Думаю, калі улада зменіцца, то рэабілітацыя будзе магчымаю. А самому мець нейкія справы з гэтаю сістэмаю мне брыдка – пісаць нейкія скаргі, сутыкацца з імі мне ужо брыдка. Таму цяпер у мяне няма думак пра тое, каб гэтага дабівацца. Я пакуль не ведаю, як гэтая судзімасць будзе ўплываць на маё жыццё. Але, спадязюся, з працаўладкаваннем перашкодаў не будзе. Хаця ведаю, што для многіх людзей, якія выходзяць з калоніі, наяўнасць судзімасці ёсць вялікаю праблемаю – іх ніхто не хоча браць на працу.