Палонны «электаральнага гета»

З «феномену Навальнага», безумоўна, варта вынесці ўрокі, але для пачатку нядрэнна было б разабрацца, а ў чым уласна яны палягаюць.



ptushka_1.gif

У артыкуле з «Азбукі паліталогіі» «У які бок скіруецца лакаматыў беларускай гісторыі?» (гл. «НЧ» №32 ад 23 жніўня) я пагадзіўся з наяўнасцю «феномену Навальнага», аднак растлумачыў, што ён палягае «не ў папулярнасці, безумоўна, яркага палітыка, а ў яго надзвычай нізкім узроўні электаральнай падтрымкі».

8 жніўня на выбарах мэра Масквы Аляксей Навальны, паводле дадзеных ЦВК, атрымаў 27,24% галасоў, г. зн. я патрапіў «пальцам у неба». Адзінае, што мне застаецца, — каяцца. Аднак асаблівага жадання пасыпаць галаву попелам я не адчуваю, таму паспрабую апраўдацца.

Нагода ў мяне ёсць. Я ж спаслаўся на апытанні вядучых расійскіх сацыялагічных службаў, якія фіксуюць электаральны рэйтынг Навальнага на ўзроўні 1%. Гаворка ідзе пра прэзідэнцкі рэйтынг. Гэта важны момант. Дарэчы, прэзідэнцкі рэйтынг Сяргея Сабяніна роўны нулю, г. зн. расіяне сёння не разглядаюць маскоўскага мэра ў якасці палітыка федэральнага ўзроўню, і яго маскоўскі рэйтынг тут ніякай ролі не адыгрывае.

e2e9828c2dba4f39258ff03ff07.png

Каэфіцыент не спрацаваў

«Крах сацыялогіі» — вось самая папулярная ацэнка, вынесеная расійскімі экспертамі расійскім жа сацыёлагам. І сапраўды, усе тры аўтарытэтныя сацыялагічныя службы (ФОМ, ВЦИОМ і «Лявада-цэнтр»), падобна ваўку Акела з казкі Кіплінга, прамахнуліся.

Самае простае тлумачэнне прамашкі — сацыёлагі прыкормленыя Крамлём, а «кто девушку ужинает, тот ее и танцует». Такое тлумачэнне нарадзілася не на пустым месцы. Напярэдадні ўсерасійскага дня галасавання (8 верасня выбары праводзіліся ў шматлікіх рэгіёнах Расіі) Крэмль абвясціў тэндар на правядзенне сацапытанняў. ФОМ і ВЦИОМ апынуліся сярод яго пераможцаў.

Але калі сацыялагічныя службы проста адпрацоўвалі свае трыццаць срэбранікаў, дык чаму ж яны абмежаваліся Масквой? У Екацярынбургу, дзе незалежны кандыдат Яўгенія Ройзман апярэдзіла кандыдата «партыі ўлады» Якава Сіліна, яны не прамахнуліся. Больш за тое, публікацыя Фондам «Грамадская думка» (ФОМ) вынікаў экзіт-полаў не дазволіла мясцоваму губернатару адважыцца на фальсіфікацыю вынікаў галасавання.

Не зафіксавана было прынцыповых разыходжанняў дадзеных экзіт-полаў з афіцыйнымі дадзенымі ЦВК і ў Маскве. Ці азначае гэта, што «прыкормленыя сацыёлагі» вырашылі адкрыта сябе дыскрэдытаваць? Сумняваюся.

Сацыялагічныя прагнозы не спраўдзіліся ў Маскве па прычыне няправільна разлічанай яўкі. Я не памыліўся — яўку разлічваюць, бо адказы на пытанне: «Ці прымеце Вы ўдзел у галасаванні?» даюць у Маскве завышаны вынік. Адказы рэспандэнтаў — гэта набор дэкларацый, і не больш за тое. Для спецыялістаў яны з’яўляюцца толькі зыходным матэрыялам для аналізу.

Апошняе апытанне ВЦИОМ, напрыклад, зафіксавала гатоўнасць масквічоў галасаваць на ўзроўні 78%, а па факце атрымалася 32%. Таму дэклараваны ўзровень яўкі карэктуюць з дапамогай паніжальнага каэфіцыента. Але гэтым разам каэфіцыент, заснаваны на шматгадовым досведзе, не спрацаваў.

Дача як фактар дэмабілізацыі

Абапіраючыся на дадзеныя ФОМ, пяройдзем ад агульных разваг да аналізу прамашкі сацыялагічнага Акелы.

Апошняе апытанне было праведзена 2 верасня. Электаральны рэйтынг (гатоўнасць прагаласаваць ад усіх апытаных, г.зн. без уліку яўкі) у Сабяніна склаў 43%, у Навальнага — 8%. З улікам разліковай яўкі (45%) ад агульнай колькасці жыхароў Масквы за Сабяніна павінны былі прагаласаваць 27%, за Навальнага — 9%, што ад яўкі азначала 60% і 20% адпаведна. Апошнія працэнты — і ёсць прагноз галасавання. Па факце ж атрымалася 51,4% у Сабяніна і 27,2% у Навальнага (ці 16,6% і 8,7% ад агульнай колькасці масквічоў).

Такім чынам, прагноз па Навальнаму ад агульнай колькасці выбарцаў быў зроблены абсалютна правільна: 9% — прагноз, 8,7% — факт! А вось па Сабяніну замест прагназуемых 27% па факце атрымалася 16,6%. Гэта несупадзенне і перакуліла ўвесь прагноз.

Навальны, як вядома, праводзіў агрэсіўную агітацыйную кампанію, і ва ўмовах адсутнасці допуску да дзяржаўных СМІ, ён здолеў мабілізаваць усіх сваіх патэнцыйных прыхільнікаў. У Беларусі на парламенцкіх выбарах бяруць удзел у галасаванні, як правіла, не больш за траціну прыхільнікаў апазіцыі. На прэзідэнцкіх выбарах узровень мабілізацыі істотна вышэйшы, але дасягаецца ён сіламі ўлады, а не апазіцыі.

Што да Сабяніна, то, паводле меркавання прэзідэнта Фонду «Грамадская думка» Аляксандра Аслона, яго падвёў «дачны фактар». Ва ўмовах адсутнасці адміністрацыйнага мабілізацыйнага рэсурсу патэнцыйныя прыхільнікі выконваючага абавязкі мэра Масквы скарысталіся добрым надвор’ем і правялі выходны на сваіх дачах і садовых участках.

Каманда Сабяніна не клікала на дапамогу свайму кандыдату, не ставіла будучыню ў залежнасць ад зыходу выбараў, не заклікала прыйсці на выбары, а проста… запрашала. Таму каля 700 тысяч жыхароў Масквы, якія, безумоўна, прагаласавалі б за Сабяніна, узважыўшы ўсё «за» і «супраць», абралі штосьці, але не паход на выбарчы ўчастак.

«Скажы, хто за цябе галасуе…»

Нагадаю чытачам «НЧ», што ў «Азбуцы паліталогіі» ад 23 жніўня я ўсумніўся ў аптымізме Арцёма Шрайбмана, які звязаў «феномен Навальнага» з «парывам традыцыйнага шаблону супрацьстаяння кансерватыўнай наменклатуры і прагрэсіўнай інтэлігенцыі». Вынікі выбараў мае сумневы пацвердзілі.

Паводле ацэнак прэзідэнта Фонду «Цэнтр стратэгічных распрацовак» (ЦСР) Міхаіла Дзмітрыева, колькасць пратэстнага электарату ў Маскве складае 20–25%, колькасць жа прыхільнікаў Навальнага — 8%. У абсалютных лічбах ён атрымаў 600 тысяч галасоў. Але за Міхаіла Прохарава ў 2012 годзе на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала 868 тысяч масквічоў. Зразумела, што ні пра якое выйсце за межы «электаральнага гета» пры такой сацыялогіі і гаворкі не магло ісці, ды такой мэты і не ставілася.

«Выбарца Навальнага, — лічыць публіцыст Леанід Радзіхоўскі, — безумоўна жорстка пратэстны. Ён не столькі «за» Навальнага, колькі супраць улады. Уласна, гэта адно і тое ж — бо гэта і ёсць уся праграма Навальнага: «Супраць і толькі супраць!». З Прохаравым справа больш складаная — яго выбарца таксама пратэстны, але ён і мякчэй і мае некаторую станоўчую праграму. <…> Навальны ж «краёў не бачыць» — ён і нацыяналіст, і ліберал, і папуліст, і ўсё-што-хочаце... Здавалася б, гэта павінна прыцягваць… Так, але не ўсіх».

У завочным электаральным супрацьстаянні ўмераная апазіцыя–2012 года Прохарава пакуль саступае жорстай апазіцыі–2013 Навальнага. Пра гэта неабходна памятаць і па магчымасці не паддавацца абаянню выніку галасавання.

Тым не менш апазіцыя Навальнага складаецца не з люмпенаў. 8 верасня на асобных участках у Маскве ён набраў больш 60% галасоў, і ўсе гэтыя ўчасткі размешчаны ў элітных раёнах Масквы, дзе жывуць людзі, што спраўдзіліся.

Зразумела, і ў Сабяніна ёсць свае ўчасткі, на якіх узровень падтрымкі апынуўся блізкі ці роўны 100%. Пералічу некаторыя: псіханеўралагічны інтэрнат №25, псіханеўралагічны інтэрнат №16, рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў, Следчы ізалятар, Пансіянат ветэранаў працы. Як тут ні прыгадаць прыказку: «Скажы, хто за цябе галасуе, і я скажу, хто ты».

14259_360.jpg

Колькі не кажы «грамадства»…

З «феномену Навальнага», безумоўна, варта вынесці ўрокі, але для пачатку нядрэнна было б разабрацца, а ў чым уласна яны палягаюць. І тут важна здолець за дрэвамі фактаў разглядзець лес эканамічных, сацыяльных і палітычных працэсаў.

Чытаю ў байнэце: «Важная праблема, каб лідар мог размаўляць з народам на агульнай з ім мове». Тут адразу сумнеў: у расколатым беларускім грамадстве мова «большасці», якой, дарэчы, выдатна валодае адзіны палітык (АП), прынцыпова адрозніваецца ад мовы «меншасці».

Навальны, між іншым, пад «народ» (асабіста я не ведаю, што гэта такое) не падладжваўся. Ён апрацоўваў выключна сваю, досыць вузкую электаральную дзялянку, апрацоўваў яе прафесійна, што і дазволіла яму сабраць ураджай «без страт». Гэтага яму хапіла, каб у разы абыйсці партыйных кандыдатаў, але не больш за тое. Расія была і застаецца краінай, у якой насельніцтва ўмоўных рэабілітацыйных цэнтраў для інвалідаў па колькасці істотна пераўзыходзіць насельніцтва элітных раёнаў.

Адносны поспех Навальнага паслужыў дадатковым стымулам для айчынных дыскусій на тэму «адзінага апазіцыйнага кандыдата». Ён, паводле меркавання большасці дыскутантаў, і павінен рэальна супрацьстаяць АП у 2015 годзе. Пры гэтым стан грамадства, па традыцыі, якая склалася ў нас, да ўвагі не прымаецца.

Я неаднаразова выказваўся з нагоды прычын, якія сфармавалі такую арыгінальную традыцыю. Прывяду яшчэ адну, запазычаную ў амерыканскага гісторыка і філосафа навукі Томаса Куна.

Веды, сцвярджае Кун, развіваюцца ў асяродку досыць замкнёных «школ думкі», якія адпавядаюць розным біялагічным відам. Прадстаўнікі розных «школ думкі» гэтак жа не здольныя разумець адзін аднаго, як прадстаўнікі розных відаў не здольныя крыжавацца. Таму колькі не кажы «грамадства», дастукацца да адэптаў «школ думкі», якія ўяўляюць палітычны працэс у якасці супрацьстаяння харызматычных асоб, не атрымаецца. Адсюль масавая цікавасць да сацыялогіі выключна як да прылады, які вымярае рэйтынгі.

***

Амерыканскі эканаміст Насім Талеб з’яўляецца аўтарам тэорыі «чорны лебедзь», якая разглядае цяжка прагназуемыя падзеі, што маюць значныя наступствы. Адзін з крытэраў такога кшталту падзей — нечаканасць іх з’яўлення для экспертаў.

Гэтаму крытэру вынікі выбараў мэра Масквы цалкам адпавядаюць. Дырэктар «Лявада-цэнтра» Леў Гудкоў назваў сітуацыю ў расійскім грамадстве «турбулентнай», а прэзідэнт ЦСР Міхаіл Дзмітрыеў упэўнены, што настроі ў грамадстве знаходзяцца «на мяжы пераходу ў нейкі іншы стан».

Ці азначае гэта, што мы ўжо чуем лопат чорных крылаў? Магчыма. Але прагнозы ва ўмовах турбулентнасці — справа няўдзячная.