Плошча–2010. Два лісты — адна праблема

Праз два з лішкам гады пасля Плошчы–2010 паміж яе актыўнымі удзельнікамі — Міколам Статкевічам і Віталем Рымашэўскім — разгарнулася завочная дыскусія. Мы не каментуем іх выказванні і не даем ацэнкі. Мы вырашалі апублікаваць абодва лісты для роздуму нашым чытачам.



ploshca.jpg

Вытрымкі з ліста Міколы Статкевіча размешчаныя на сайце statkevich.org

"...Нельга не вярнуцца да гэтай тэмы, не прааналізаваць тых падзей, паводзін кандыдатаў і таго, як яны дасягалі ўзгодненых на “круглым стале" жніўня 2010 года мэтаў гэтае кампаніі", — патлумачыў Мікалай Статкевіч — адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты на мінулых выбарах, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі".

У сваім лісце ён тлумачыць, чаму неабходная такая размова, чаму яна важная дзеля магчымасці будучых перамен.

"Безумоўна, і са здрадніка ці баязліўца пры наяўнасці магчымасцяў можна зрабіць героя — папера і кампутар усё сцерпяць. Мы ўжо маем прыклады, калі даказаных даносчыкаў ледзь не аднагалосна абіралі старшынямі партыяў ці нават (было і такое) лідарамі “аб’яднаных дэм. сіл". Але ж такім чынам у норму і намі ўводзяцца баязлівасць, здрада і данос на паплечнікаў. Тая частка грамадства, якая не ўспрымае такіх "нормаў", і ад якой цяпер залежыць лёс нашай краіны, адвернецца ад такіх “лідараў, партый і ад усёй апазіцыі". Мы не можам наняць масавы рух пераменаў за грошы. Прыцягваць людзей у яго можна толькі, апелюючы да ідэалаў. Але ж тады трэба тым ідэалам адпавядаць. Учынкамі, а не словамі. Нашыя ж “лідары баязлівасці" ніколі не забываюць “шанаваць памяць герояў мінулага". А калі ў нашай сучаснасці дзесяткі тысяч людзей, як было ад “вулічнай вайны за незалежнасць другой паловы 1990-х да Плошчы-2010, ці проста некалькі афіцэраў, як было пад час “Прысягі 8.09.1992 г., свядома ідуць на самаахвярны ўчынак дзеля сваёй краіны, то гэтыя “лідары" ўсчыняюць лямант, што людзей “падставілі". Зыходзячы з гэтай логікі, атрымоўваецца, напрыклад, што гетманы Астрожскі ці Хадкевіч рэгулярна “падстаўлялі свае войскі, бо часта біліся з ворагам, якога было ў некалькі разоў болей. А Кастусь Каліноўскі, што павёў людзей з косамі супраць імперыі? Пра Беларускую раду Случчыны 1920 г. я ўвогуле маўчу — калектыўны поп Гапон па той логіцы".

Палітвязень разумее, што аналізаваць падзеі 2-х гадовай даўніны самім іх удзельнікам трэба было б раней. Але, на яго думку, перад парламенцкай кампаніяй гэтага рабіць было ня варта, "каб не ўблытваць падзеі 2010 г. у дыскусію аб “байкоце".

"Зараз жарсці суцішыліся, ніякіх палітычных кампаній не плануецца і можна пагаварыць аб тых падзеях. А пагаварыць варта, бо чаго каштуюць толькі паводзіны самага “хрысціянскага" кандыдата. У маёй судовай справе было тры даносы ад яго — на мяне (зроблены да выбараў), на Дзіму Уса і на ўсіх удзельнікаў Плошчы (зробленыя падчас следства)".

Таксама палітвязень узгадвае свае ранейшыя лісты і пытанні, узнятыя ў іх.

"Ні ў якім разе не абвінавачваю “ГП, бо ведаю там шмат прыстойных людзей. Дарэчы, калі тады каля іх офіса пачаўся напад, то перада мной стаў зусім малады хлопец. “Маска" б’е яго дубінкай, а ён проста стаіць, мяне сабой засланяе. Я вымушаны быў гэта спыняць. Біў праз хлопца, да “маскі" (у літаральным сэнсе) ледзьве дацягнуўся, таму яе носьбіт на нагах утрымаўся, яго толькі адхіснула. Патрос галавай і пачаў крычаць: “Все сюда, все сюда! Ну яны і набеглі. [...] Спадзяюся некалі сказаць “дзякуй таму хлопцу".

Адкрыты ліст Віталя Рымашэўскага, разасланы па ўсім СМІ

"Шаноўны Мікола!

Паколькі ў адным з лістоў ад вашага імя некаторыя выказванні магчыма інтэрпрэтаваць як звернутыя да мяне, лічу неабходным звярнуцца з адкрытым лістом да Вас, спадзеючыся, што такім чынам Вы здолееце азнаёміцца з яго зместам.

Найперш, вымушаны выбачыцца за тое, што сваімі дзеяннямі і выказваннямі ў ваш бок 24 лістапада 2010 году пад час супольнага правядзення мітынгу і шэсця, — так званай “рэпетыцыі Плошчы (http://wkn.by/news/belarus/475-ploshcha-2010.html), даў падставы для крыўдаў. Таксама за тое, што перад сустрэчай з кандыдатаў 9 снежня 2010 на офісе БХД публічна абразіў Вас асабіста. абвінаваціўшы ў развале Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў і шматлікія правакацыі са зводам людзей з масавых акцый БНФ 90-х гадоў і арганізацый сутычак з міліцыяй, бяру назад. Таксама, як публічна іх прамовіў, публічна ж прашу за гэта прабачэння. Гэта ўсе, у чым лічу сябе перад Вамі вінаватым. Спадзяюся, што надалей гэтыя непаразуменні не стануць падставай для псавання адносінаў паміж намі.

Разумею, што Вы зараз знаходзіцеся ў вельмі цяжкім становішчы. Ведаю таксама, што будучы сумленным чалавекам, і маючы поўную свабоду, кажучы пра падзеі 2010 году і мой у іх удзел, Вы казалі б не толькі пра тое што было мною сказана, альбо прыпісана мне словамі супрацоўнікаў КДБ ці МУС, але і пра тое. пра што я вымушаны маўчаць. Маўчаць і пад час допытаў у КДБ, і пры размовах з журналістамі і дыпламатамі. Што і працягну рабіць, незалежна ад да Вашага стаўляння да мяне, насуперак жаданню ўсіх тых, хто выбарачна прапускае Вашы лісты на волю. (разлічваючы на маю пэўную рэакцыю ў адказ, гэткія “псіхолагі мяркуюць пра іншых па сабе.)

Што тычыцца падзеяў 19 снежня, то мая інтэрпрэтацыя падзеяў, выкладзенай ў інтэрв’ю журналістам за некалькі хвілінаў да майго затрымання (http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=pFXaC7DhnkU) была падтрыманыя ўсімі апазіцыйнымі сіламі і адпавядала той лініі абароны, якую пазней выкарыстоўвалі адвакаты і праваабаронцы ў справе ўсіх палітвязняў і Вас асабіста.

Гэтая інтэрпрэтацыя з майго боку была свядомым кампрамісным крокам. Такога апісання падзей вымагалі абставіны, у першую чаргу, дзеля таго, каб абараніць тых людзей, каторых мы з Вамі заклікалі прыйсці 19 снежня на Плошчу. Пры гэтым, лічу, што няпраўда (скажэнне фактаў), да таго ж выказаная публічна, патрабуе выпраўлення, што і будзе зроблена па Вашым вызваленні (мяркую , найперш, Вамі асабіста).

Згодны з тым, што трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што не стала б вядомым. З-за таго, што людзі, асуджаныя за падзеі 19 снежня дагэтуль знаходзяцца за кратамі, многія рэчы агучваць немагчыма, бо гэта нашкодзіць самім палітвязням. Аднак, калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца.

Не лічу свае дзеянні і паводзіны дасканалымі ці бездакорнымі. Таму гатовы прымаць усялякую крытыку. Пры гэтым, перакананы, што нягледзячы на любыя магчымыя падтасоўванні, мае паказанні пад час следства не маглі стаць юрыдычнай падставай для абвінавачвання і вынясення Вам прысуду. Да Вашага вызвалення ўсе скандальныя матэрыялы ў СМІ на гэты конт лічу не болей чым пустымі спекуляцыямі на тэму Плошчы.

Вы таксама ведаеце, што за спінамі людзей, каторых мы з Вамі заклікалі на Плошчу, абяцаючы ім мірны негвалтоўную акцыю пратэсту, я не хаваўся, усе дамовы і ўсе прамоўленыя абяцанні выконваў да канца. Усе мае дзеянні былі сыходзілі выключна з адчування асабістай адказнасці і шкадавання да людзей, якія былі бессэнсоўна кінутыя правакатарамі пад дубінкі АМАПА і пад наступную крымінальную адказнасць без аніякага шанцу насам рэч “захапіць" Дом урада.

Запэўніваю Вас, што дагэтуль нішто не прымусіла мяне адмовіцца ад супрацьстаяння планам рэжыму — ці то ў пытанні легітымацыі псеўдавыбараў, ці то ў пытанні фінансавай падтрымкі рэжыму Захадам, пытанні непрызнання наяўнасці палітвязняў, ці любым іншым…

Не аднаразова падчас допытаў сябраў і кіраўнікоў БХД былі прымітыўныя спробы беспадстаўнай дыскрэдытацыі і распальвання варожасці паміж сустаршынямі і шараговымі сябрамі БХД. Ведаю, што супрацоўнікі рэжыму выкарыстоўваюць розныя метады для распальвання сварак у асяродку апазіцыі і пераводу дыскусій з тэмы абмеркавання дзеянняў, накіраваных супраць рэжыму на высвятлення асабістых адносінаў паміж апазіцыянерамі. Да гэткіх прымітыўных планаў стаўлюся спакойна.

Ведаю, якія метады падчас зняволення супраць мяне і супраць іншых асуджаных па справе 19 снежня выкарыстоўвалі спецслужбы. Можна толькі здагадвацца пра тыя бесчалавечныя ўмовы ў якіх зараз знаходзіцеся Вы. Таму з разуменнем стаўлюся да любога Вашага, альбо прыпісанаму Вам выказванню.

З павагай, Віталь Рымашэўскі