Поза ці практычнасць?

Афіцыйны беларускі лідар 26 снежня ўсё ж праігнараваў саміт Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), які прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Арганізатары мерапрыемства зрабілі выгляд, што нічога страшнага ў такім дэмаршы Аляксандра Лукашэнкі не адбылося. І тым не менш.

Фота www.pressball.by

Фота www.pressball.by


Звернем увагу, на якім тле мела месца ігнараванне беларускім прэзідэнтам чарговага «інтэграцыйнага» саміта. Па-першае, гэта, не ў апошнюю чаргу, страшэнная авіякатастрофа, што адбылася надоечы ранкам у раёне аэрапорту Адлера (Сочы) і ў выніку якой загінулі 92 чалавекі. Прычым, не проста шараговыя пасажыры, але артысты Чырвонасцяжнага Ансамбля песні і танца імя Аляксандрава (калектыў з’яўляецца культурніцкім флагманам расійскага міністэрства абароны — загінулых 64 чалавекі), а таксама журналісты расійскіх тэлевізійных Першага каналу, НТВ і «Звязды» (9 чалавек), знакамітая дабрачынніца і ўрач «доктар Ліза», некаторыя чыноўнікі ад вайсковага і цывільных ведамстваў. Сапраўды, вельмі страшная трагедыя напярэдадні Калядаў і Новага году… Супакой, Божа, душы ахвяраў.

Вернемся да зямнога. Фонам для адмовы візіту Лукашэнкі ў паўночную сталіцу Расіі з вялікай імавернасцю можна назваць і наступныя чыннікі. Гэта вялікая крыўда тутэйшага кіраўніка на тое, што Беларусь сёлета так і не атрымае трэцяга (і тым больш чацвёртага) траншу крэдыту Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які абслугоўвае Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Трэці транш памерам у 300 мільёнаў долараў Мінск мусіў атрымаць яшчэ на пачатку восені, але нічога такога не адбылося. І яшчэ невядома, калі гэты трэці транш паступіць (і ці паступіць увогуле) у наступным годзе. І гэта пры тым, што і з Міжнародным валютным фондам і яго меркаваным новым крэдытам «стэнд-бай» нічога не ясна. 

Па-другое, на Беларусь зноў ашчэрыўся «Рассельгаснагляд». Ягоны кіраўнік Сяргей Данкверд, які ўжо падпаў пад абструкцыю самога прэзідэнта Беларусі, чарговым разам пайшоў у атаку, заявіўшы, што, магчыма, будзе забаронены ўвоз у Расію ялавічыны з тэрыторыі Беларусі: маўляў, гэта рээкспарт санкцыйнага мяса, вырабленага ва Украіне. Ну, і іншыя прадукты нашай сельгасвытворчасці могуць прыцягнуць пільную ўвагу гэтага суседскага ведамства.

Па-трэцяе, Расія, па словах віцэ-прэм’ера тамтэйшага ўраду Аркадзя Дварковіча, збіраецца вырашаць «газавае пытанне» з Беларуссю ў судзе. А Мінск, нагадаем, завінаваціўся «Газпрому» ўжо больш за 400 мільёнаў долараў. У сваю чаргу, Расія сёлета скараціла пастаўкі на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы мільёнаў тон нафты. Паводле афіцыйных звестак, у 2017 годзе замест меркаваных 24 мільёнаў тон «чорнага золата» беларускія НПЗ могуць атрымаць толькі 18 мільёнаў.

Улічваючы, што экспарт на Захад ды ў іншыя краіны прадукцыі нафтаперапрацоўкі ствараюць велізарную долю ВУП (да 30–40%), то такія варыянты робяць перспектывы развіцця беларускай эканомікі на бліжэйшы час зусім не вясёлкавымі. І гэта пры тым, што правадыр катэгарычна загадаў новаму кіраўніцтву сваёй адміністрацыі знайсці сродкі для забеспячэння ў 2017 годзе сярэдніх заробкаў па краіне ў 500 долараў за месяц.

Так што прычын ехаць у Піцер на чарговы саміт інтэгратараў немаведама чаго Лукашэнка не знайшоў. Хоць і там яго адсутнасць, відаць, не ўспрынялі як трагедыю. Прэс-сакратар кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што адсутнасць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на самітах ЕАЭС і АДКБ не паўплывае на падпісанне падрыхтаваных дакументаў. «Дэ-факта гэта не перашкодзіць абмеркаваць субстантыўныя пытанні, звязаныя з інтэграцыяй. Усе дакументы, якія сёння падпісваюцца, раней былі цалкам узгоднены з нашымі беларускімі партнёрамі», — заявіў Пяскоў. Паводле ягоных словаў, гэтыя дакументы затым будуць накіраваны ў Мінск на подпіс прэзідэнту Беларусі.

Вось толькі пытанне, ці падпіша Лукашэнка гэтыя дакументы, і калі так, то калі. Можна ўзгадаць, як першая асоба Беларусі мурыжыла падпісанне адпаведных папераў пра стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, і аўтограф Лукашэнкі з’явіўся пад дакументамі толькі тады, калі Масква пайшла на чарговыя эканамічныя саступкі Мінску.

Нагадаем, інфармацыя пра тое, што Лукашэнка не паляціць на саміт у Санкт-Пецярбург, з’явілася напярэдадні, 25 снежня. А яшчэ крыху раней той жа Пяскоў паведаміў, што на парадку дня самітаў не стаіць двухбаковая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, хоць двухбаковыя кантакты з іншымі лідарамі прадугледжаны. Да прыкладу, з прэзідэнтам Казахстану. Гэта знайшло сваё пацверджанне з сюжэтаў расійскіх тэлеканалаў, у якіх Пуцін і Назарбаеў сумавалі з нагоды згаданай вышэй авіякатастрофы ў Сочы самалёта міністэрства абароны Расіі.

Можна яшчэ меркаваць, што ў беларускага кіраўніка пачалі ўзнікаць сумневы і ў гарантыях асабістай бяспекі пасля таго, як з Расіяй і яе грамадзянамі, прычым, не шараговымі, трагедыі здараюцца адна за адной (на тле актыўных і спрэчных, з пункту гледжання сусветнай супольнасці, дзеянняў расійскіх вайскоўцаў і спецслужб у Сірыі).

Гэта і трагедыя над Чорным морам, і забойства ў Турцыі расійскага пасла на вачах усяго свету, гэта і нейкі выбух каля станцыі метро ў Маскве, і шмат чаго яшчэ. Ці ў стане сёння расійскія спецслужбы забяспечыць гарантыі самым высокім «віпам» — пытанне пытанняў, таму чым нячысцік не жартуе, лепш сваіх чыноўнікам чарговым разам падштурхнуць і «абзадачыць». Вось толькі наколькі практычным было такое рашэнне афіцыйнага Мінску з гледзішча перспектываў у плане стасункаў з «заклятым усходнім саюзнікам»?  

Замест візіту ў Расію афіцыйны беларускі лідар праводзіў чарговую нараду пад агульным клічам «дзе ўзяць бабло», то бок, з якіх замежных крыніцаў рэальна ў хуткім часе атрымаць грошы. Мяркуючы па ўсім, 26 снежня адказу на гэтае пытанне не знайшлося. А вось рэакцыю Крамля на чарговы «ігнор» беларускага правадыра інтэграцыйных самітаў яшчэ пачакаем. Яна абавязкова будзе. Пытанне толькі, у якім выглядзе.