У Расіі разабраліся з «Глогам». Засталася «амывайка»
Ад сёння ў Расіі набыла моц забарона на раздробны продаж нехарчовай прадукцыі, якая ўтрымлівае спірт. Пра гэта паведамляе «Расспажыўнагляд». Выключэннем стала толькі парфумерная прадукцыя ды шклоамывальныя вадкасці. Продаж прыпынены на 30 дзён.
![Уладзімір Смірноў/ТАСС Уладзімір Смірноў/ТАСС](/img/v1/userfiles/images/tass_6955116_pic905_895x505_12708.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзімір Смірноў/ТАСС
Адпаведна пад забарону трапіў і канцэнтрат для прыняцця ваннаў «Глог», ад ужывання якога, паводле апошніх звестак, у Іркуцкай вобласці загінулі ўжо 76 асобаў. Яшчэ 18 пацярпелых застаюцца ў шпіталях.
Масавае атручванне глогам у Іркуцкай вобласці Расіі адбылося 10 дзён таму. Першыя пацярпелыя сталі паступаць у шпіталі 17 снежня. Усе яны ўжывалі канцэнтрат для ваннаў «Глог», у які вытворцы замест этылавага спірту дадалі метылавы.
Неўзабаве пасля здарэння Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле факту масавага атручвання людзей. У межах расследавання гэтай справы праваахоўнікі затрымалі ўжо 23 асобы.
Настойкі глогу, півоні, валакардзін і іншыя спіртазмяшчальныя прэпараты будуць прадаваць толькі па рэцэптах у аптэках і спецыялізаваных крамах.
Паводле belsat.eu