Пра нацысцкія вірусы і іх заступнікаў

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў можа смела прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію за вынаходніцтва этнічна арыентаванай біялагічнай зброі.

_vjasna_minsk_pryroda_adnaulenne_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas___2__logo.jpg


Прапаганда, калі пагадзіцца з «Вікіпедыяй», — гэта распаўсюджванне поглядаў, фактаў, аргументаў, часта чутак, скажонай інфармацыі або ілжывых звестак з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай думкі і маніпулявання грамадскай свядомасцю.
Але якім чынам можна адрозніць патрэбную грамадскую думку ад непатрэбнай? Складанае пытанне, аднак не для беларусаў. На чым заснаваная такая выключнасць? На прызнанні, якое прагучала 25 сакавіка на нарадзе наконт бягучых пытанняў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі: «Разумееце, мы ва ўнікальнай сітуацыі — можна сказаць (хай не пакрыўдзяцца іншыя), адзіная з усіх цывілізаваных краін, якая прыстойна выглядае».
Іншыя не пакрыўдзяцца. Хіба можна крыўдзіцца на адзіных і непаўторных! Зайздросціць — колькі заўгодна, але крыўдзіцца…
Кіраўнікі цывілізаванай краіны, якая ўмудрылася ў наш няпросты час прыстойна выглядаць, не могуць памыляцца пры вызначэнні стратэгічных мэтаў. Што б і як бы яны ні рабілі, вынік нязменна спрыяе ўмацаванню суверэнітэту і незалежнасці. А гэта — святое! Таму прапаганда ў дзяржаўных СМІ заўсёды была, ёсць і будзе. «Але нам пажадана прапагандаваць усё лепшае. У нас хапае гэтага дабра».
Чаго-чаго, а гэтага дабра ў нас — воз і вазочак, яго не проста досыць, у нас яго — заваліся, хоць лыжкай з катла сам сёрбай, ды яшчэ і суседзям з блізкага і далёкага замежжа застанецца.

«Чым дурней, тым ясней...»

Не адстае ў прапагандзе і «наша Расія». Ва ўмовах «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ў лідары ў пытаннях фарміравання патрэбнай грамадскай думкі, натуральна, выйшла Міністэрства абароны РФ і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў.
6 сакавіка Мінабароны РФ выступіла са зваротам з нагоды сумесных распрацовак Украінай і ЗША біялагічнай зброі ў лабараторыях «у непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі Расіі».
10 сакавіка генерал-маёр Ігар Канашэнкаў на прэс-канферэнцыі распавёў краіне і свету (urbi et orbi) пра тое, што ва Украіне праводзіліся «работы па патагенах птушак, кажаноў і рэптылій з далейшым пераходам да вывучэння магчымасці пераносу імі афрыканскай чумы свіней і сібірскай язвы».
Далей — больш. Усвядоміўшы, што патрэбны эфект можа быць і не дасягнуты, міністр замежных спраў дадаў падрабязнасцей, якія заганялі душу ў пяткі, студзілі кроў у жылах і падымалі валасы на галаве дыбарам: «Наконт таго, што яны гэтую сваю зброю ўжо ўжывалі, у мяне даных няма, але тое, што гэта зусім былі не мірныя эксперыменты, а эксперыменты, нацэленыя на стварэнне біялагічнай зброі, прычым, так бы мовіць, этнічна арыентаванай (выдзелена. — С. Н.), у гэтым практычна не застаецца сумневаў».
Пад этнічна арыентаванай зброяй, думаю, варта разумець зброю, якая здольная забіваць сапраўдных прадстаўнікоў «рускага свету», а на здраднікаў і адшчапенцаў яна не дзейнічае.
З якіх крыніц расійскі міністр чэрпаў веды пра дапушчальнасць уздзеяння на геном чалавека ў залежнасці ад яго этнічнай прыналежнасці, я казаць не бяруся. Але згадаю словы Івана Карамазава з рамана Фёдара Дастаеўскага: «Чым дурней, тым і ясней. Глупства кароткае і няхітрае, а розум віляе і хаваецца. Розум — падлюга, а глупства — прамое і сумленнае», — якія міністру-інтэлектуалу безумоўна знаёмыя.
«Заява Лаўрова, — тлумачыць расійскі журналіст Ігар Якавенка,уваходзіць у відавочную супярэчнасць з нядаўнімі сцвярджэннямі яго шэфа. Пуцін толькі што напісаў процьму артыкулаў пра тое, што рускія і ўкраінцы — адзін народ. А Лаўроў цяпер заяўляе, што ва Украіне ствараюцца вірусы, здольныя выбарачна ўздзейнічаць і паражаць рускіх па этнічнай прыкмеце. Дык калі народ адзін, якім жа чынам вірусы здолеюць вызначыць рускіх? Паводле пашпарту?»
І што цяпер рабіць жыхарам ЛНР і ДНР, якія атрымалі расійскія пашпарты, — хавацца ў бульбу або ў цукровыя буракі?
З уладальнікамі расійскіх пашпартоў разабраліся. А як наконт беларусаў? Расслабляцца рана. На сайце самай саліднай газеты чытаем адкрыццё масцітага палітолага: «Ёсць дакладныя факты, дакументы, нават унутраныя амерыканскія, якія пацвярджаюць існаванне ваенна-біялагічных лабараторый ЗША. Натуральна, ва ўсіх узнікае слушнае пытанне, чым жа ЗША ў гэтых лабараторыях займаюцца? З улікам таго, што кірункам іх інтарэсаў з'яўляюцца вірусы, якія ў тым ліку пераносяцца з дапамогай птушак, насякомых і грызуноў».
Лета не за гарамі. Згаданая палітолагам жыўнасць актывізуецца. Асноўную небяспеку, відаць, могуць прынесці прадстаўнікі самых масавых відаў, у ліку якіх камары і мухі. Божа, выратуй і захавай! Захавай і дай збавенне!

Можна прывесці каня да вадапою, але нельга прымусіць яго піць


Намаганні тандэму Канашэнкаў — Лаўроў і прапагандыстаў, якія далучыліся да іх, акупляюцца ў сто разоў. Паводле апытання пракрамлёўскага Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), падтрымліваюць рашэнне правесці спецыяльную ваенную аперацыю Расіі ва Украіне 68% расіян, не падтрымліваюць — толькі кожны пяты апытаны (22%).
З пракрамлёўскімі сацыёлагамі згаджаюцца іх калегі па цэху з «Лявада-Цэнтра». Да ўзроўню «крымскага кансенсусу» справа яшчэ не дайшла, тым не менш колькасць тых, хто лічыць, што справы ў краіне ідуць у правільным кірунку, павялічылася за месяц з 52% да 69%. Да 83% вырасла і колькасць расіян, якія ўхваляюць дзейнасць Пуціна (+12 працэнтных пунктаў).
Але калі аналізуеш дынаміку рэйтынгу першай асобы, неабходна памятаць афарызм Міхаіла Жванецкага: «Калі ў мяне ў кватэры адно акно, то які ў яго рэйтынг?»
Не варта забываць і пра здольнасць рускага чалавека гаварыць адно, рабіць другое, а думаць трэцяе. Гэтая здольнасць тлумачыць тую лёгкасць, з якой народ-баганосец, які нібыта абагаўляў цара-бацюхну, зладзіў у 1917 годзе рэвалюцыю пад лозунгам «Далоў самадзяржаўе!».
Аднак вернемся да прапаганды. Яе здольнасць маніпуляваць грамадскай думкай варта прызнаць перабольшанай. Урэшце людзі глядзяць тэлевізар не для таго, каб атрымаць нейкае перакананне, а для таго, каб пацвердзіць пазіцыі, якія ўжо склаліся ў іх галовах.
Нягледзячы на зачысткі інфармацыйнага поля, якія адбыліся пасля 2020 года, знайсці альтэрнатыўную інфармацыю ўсё яшчэ не вельмі складана. Праблема, аднак, не ў тым, што насельніцтва не мае доступу да інфармацыі, а ў тым, што яно не хоча такую інфармацыю мець. Аднак гэта тэма для асобнай гутаркі.