Працэдура выбараў прэзідэнта Беларусі можа быць зменена праз рэферэндум
Працэдура выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можа быць зменена праз рэферэндум, мяркуюць у пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў у адказ на зварот групы грамадзян.
Нагадаем, у лістападзе 104 жыхара Магілёва звярнуліся з просьбай да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб тыя ў мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў правялі прэзідэнцкія выбары 2015 самастойна, без стварэння выбарчых камісій у рэгіёнах краіны. На думку падпісантаў, правядзенне выбараў такім чынам дазволіць захаваць 100 млрд. рублёў і вярнуць іх «у першую чаргу ўкладчыкам сталага веку». Акрамя таго, «мадэрнізаваныя» выбары прэзідэнта дазволяць пакінуць у мінулым непрызнанне вынікаў беларускіх выбараў міжнароднай супольнасцю, санкцыі і неўязных дзяржчыноўнікаў, якія Еўропа ўвяла якраз з прычыны фальсіфіацый выбараў у Беларусі, гаварылася ў звароце магілёўцаў.
Для змянення ўстаноўленага законамі парадку правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь патрабуецца ўнясенне адпаведных змяненняў у Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс, гаворыцца ў адказе старшыні пастаяннай парламенцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзя Грыцкевіча, накіраваным на адрас ініцыятара звароту грамадзян актывіста Беларускага прафсаюза РЭП Аляксея Паўлоўскага з Магілёва.
«У адпаведнасці з артыкулам 140 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, раздзел IV Канстытуцыі, які рэгламентуе у тым ліку пытанні выбараў прэзідэнта і паўнамоцтвы дзяржаўных органаў па іх правядзенні, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму», — гаворыцца ў адказе дэпутата, паведамляе БелаПАН.
«Як вынікае з адказу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не супраць правядзення выбараў прэзідэнта такім парадкам, які прапанавалі грамадзяне. Г.зн. і наверсе, і ўнізе ўжо склалася агульнае разуменне немэтазгоднасці правядзення выбараў так, як яны праходзяць у нашай краіне. Застаецца толькі ўтрэсці фармальнасці па законах. Трэба ствараць ініцыятыўную групу і арганізоўваць рэферэндум», — заявіў Аляксей Паўлоўскі.
Нагадаем, раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сцвярджала, што на выбары 2015 патрабуецца больш за 100 млрд. рублёў.