Рэформа МУС: балюча, але эфектыўна

Сёння заробак супрацоўніка паліцыі Грузіі пачынаецца ад 800 долараў. А сама праца паліцэйскага стала пачэснай. Згодна з апошнімі апытаннямі, 82 працэнта жыхароў Грузіі давяраюць паліцыі. Беларусі такое і не снілася...



168_logo.jpg

У грузінскай паліцыі працуе нямала жанчын

Рэформа сістэмы МУС у Грузіі была бадай што самай радыкальнай. У літаральным сэнсе ішла вайна з крымінальным светам, адбываліся масавыя звальненні супрацоўнікаў, былі ліквідацыя структуры ДАІ.

Цяпер у Міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі працуе прыкладна ў два разы менш людзей, чым напачатку рэформаў — каля 30 тысяч. Будынкі паліцыі сучасныя, са шклянымі сценамі як сімвал празрыстасці і непадкупнасці. Заробкі паліцэйскіх, па грузінскіх мерках, прыстойныя, а сама праца пачэсная. У краіне паліцыі давяраюць.

dsc_3730_logo.jpg

Новы будынак паліцыі ў горным пасёлку Месція (на заднім плане). Месція знаходзіцца на паўднёвым схіле Вялікага Каўказа. Вышыня над узроўнем мора каля 1500 м. Насельніцтва — каля 2,6 тыс. чалавек

 

Для разумення светапогляду грузінаў і іх ладу жыцця прывядзем вынікі даследавання (вясна 2014 года) Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (IRI). Найбольшым даверам сярод дзяржаўных, палітычных і грамадскіх інстытутаў карыстаецца Грузінская Праваслаўная Царква — ёй давяраюць 94% апытаных. Другое месца па папулярнасці ў апытанні займае армія, якой давярае 93% рэспандэнтаў. На трэцім месцы — СМІ (84%), на чацвёртым знаходзіцца паліцыя — 82%.

Крымінальныя рэкорды гасціннай Грузіі

“Думаю, для ўсіх постсавецкіх краін была ці яшчэ ёсць праблема карупцыі ў МУС. Наколькі я чуў, у Беларусі гэта не мае такіх памераў як у Расіі, як гэта было ў нас. У Грузіі ж была глыбокая сістэмная карупцыя, то бок яшчэ да пачатку размовы з прадстаўніком паліцыі людзі думалі, што можна адкупіцца. І калі чалавек прыходзіў працаваць у паліцыю, то ў яго таксама былі адчуванні, што ён ідзе не абараняць людзей, а зарабіць грошай на хабары, адбіць сваю інвестыцыю ў працаўладкаванне. Бо патрапіць у паліцыю таксама можна было праз хабар. Замкнёнае кола – паліцыянты адасабліваюцца ад грамадства, а грамадства пачынае ненавідзець паліцыю”, — апісвае як выглядаў сілавы элемент дзяржструктуры на пачатку 2000-х экс-начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МУС Грузіі Шата УЦІАШВІЛІ.

shota_logo.jpg

Былы начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МУС Грузіі Шата УЦІАШВІЛІ

 

На тле гэтай бязмежнай карупцыі квітнела арганізаваная злачыннасць. Грузія трымала першынства па колькасці “злодзеяў у законе” з прастораў былога СССР: кожны трэці такі крымінальны аўтарытэт меў тады прапіску на прасторах гэтай краіны.

“Адкупіцца ад паліцыі, суда было вельмі проста. Злодзеі кантралявалі турмы, мелі свой бюджэт, атрымлівалі інфармацыю ад паліцэйскіх і г.д. Кожную трэцюю машыну ў Тбілісі кралі. І ўсе ведалі, што ёсць злодзей у законе, якія сядзіць у турме. З ім звязваліся, плацілі выкуп і атрымлівалі свой аўтамабіль. Таму, калі пачалі рэформы, то гэта літаральна была вайна з крымінальным светам. Грузія была першай краінай, якая прыняла закон пра злодзеяў у законе і прадстаўнікоў крымінальнага свету. Нас за яго крытыкавалі, маўляў, прызнанне чалавекам, што ён злодзей у законе не ёсць доказам віны. Але мы глядзелі на гэта так: ёсць праблема і трэба яе вырашаць”, — дапаўняе карціну Давід САКВАРЭЛІДЗЭ, былы намеснік Галоўнага пракурора Грузіі, а цяпер дэпутат парламента Грузіі.

csc_3980_logo.jpg

Былы намеснік Галоўнага пракурора Грузіі, а цяпер дэпутат парламента Грузіі Давід САКВАРЭЛІДЗЭ

 

У 2004 годзе ў Грузіі быў прыняты закон, які дазваляе прыцягваць да адказнасці толькі за прызнанне прыналежнасці да зладзейскага свету — прадугледжвалася пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў. Затрыманага пыталіся: "Ты злодзей у законе?" Калі ён адказваў сцвярджальна, то яго прыцягвалі да адказнасці. Калі ж адмаўляўся ад свайго "статусу", то, па крымінальных паняццях, губляў яго. Для асуджаных "злодзеяў у законе" ў Грузіі пабудавана спецыяльная турма з жорсткім рэжымам ўтрымання, каб аўтарытэты не маглі кіраваць іншымі вязнямі і ствараць іерархічныя схемы.

Таксама быў прыняты закон па неабгрунтаванай маёмасці. Калі чалавек не мог пацвердзіць у судзе за што ён набыў сабе дарагі дом ці машыну, то гэта забіралася ў прыбытак дзяржаве. Такім чынам многа нерухомасці былых крымінальных дзялкоў перадалі паліцэйскім участкам, дзіцячым дамам, дзяржорганам.

Напрошваецца лагічнае пытанне: Ці не баяліся рэфарматары помсты з боку крымінальных аўтарытэтаў, бо там ёсць і чалавечы рэсурс, і зброя?

“З арганізаванай злачыннасцю насамрэч прасцей змагацца, чым са злодзеямі-адзіночкамі. Крымінальныя структуры добра разумеюць пасыл ад улады. Яны зразумелі, што больш такога не будзе, каб высокія чыноўнікі прыязджалі з картэжам у аэрапорт сустракаць злодзеяў у законе. У выніку многія з’ехалі з Грузіі, астатніх пасадзілі ў турму. Насельніцтва вельмі добра гэта ўспрыняло, бо яно проста стамілася ад крыміналу ў паўсядзённым жыцці. Сама “рэвалюцыя ружаў” адбылася з прычыны патрэбы пераменаў у грамадстве”, — тлумачыць Давід Сакварэлідзэ. І дадае, што рэфарматарам пашанцавала з камандай ідэалістаў-інтузіястаў, якія стварылі прагматычную дзяржаву з правільным курсам развіцця.

Усё сур’ёзна

Рэфармаванне МУС ў Грузіі пачалі з ДАІ. Структуру наўпрост ліквідавалі. Затым на яе месца прыйшла патрульная служба на ўзор амерыканскай. Па вуліцах з уключанымі мігалкамі ездзяць патрульныя машыны, якія сумяшчаюць у сабе функцыі і ДАІ і патрульных нарадаў.

“Менавіта патрульную службу можна назваць візітоўкай паліцыі. Са следчым грамадзянін ці ўвогуле не сутыкаецца, ці адзін-два разы за ўсё жыццё. А аўтаінспекцыя навідавоку і кантакты з імі частыя, — апісвае этап рэформы Шата Уціашівілі. — У многіх краінах рэформы паліцыі канчаліся тым, што звальнялі міністра і яго сваякоў-знаёмых з ведамства і прымалі на працу новага міністра са сваякамі. Рэформы трэба пачынаць з самага верху. Калі ёсць карупцыйная піраміда, то нелегальныя даходы падымаюцца ад самага нізу да міністра. І важна гэтую піраміду разбурыць”.

Грузінскае грамадства хутка пабачыла вынік. Цяпер, да слова, заробак у паліцэйскіх пачынаецца ад 800 долараў. Пры гэтым сярэдні заробак у Тбілісі прыкладна 200–250 долараў.

Канешне, былі і незадаволеныя — столькі людзей апынуліся на вуліцы! Але ўрад Саакашвілі меў вялікі мандат на рэформы, падтрымку людзей. Звольненыя паліцэйскія не маглі выйсці наўпрост на вуліцу і сказаць “вярніце нам права браць хабар”. Хаця да апазіцыйнага электарату яны, натуральна, далучыліся.

Рэформа паліцыі суправаджалася вялікай піар-кампаніяй. Змянялі не толькі сутнасць структуры, але і знешні вобраз. Паліцэйскіх пераапранулі, перасадзілі на добрыя машыны, прымусілі сачыць за фізічнай формай, выдалі новую зброю. Па тэлебачанні ішла перадача пра жыццё паліцыі. Публічна агучваліся ўсе выпадкі, калі арыштоўвалі супрацоўнікаў паліцыі за хабар ці перавышэнне паўнамоцтваў, каб усе ведалі, што часы старых парадкаў сышлі ў нябыт. За 9 год (з 2003 па 2012) было заведзена каля 2 000 крымінальных спраў, звязаных з карупцыяй і перавышэннем паўнамоцтваў у МУС.

Паліцэйскія ў Грузіі сапраўды не ёсць застрашваючай сілай для законапаслухмянага чалавека. Яны з задавальненнем дапамагаюць турыстам арыентавацца на мясцовасці, лёгка ідуць на кантакт. Гуляць позна вечарам па вуліцы бяспечна, мясцовыя жыхары распавядаюць, што некаторы час нават машыны не закрывалі на ключ, бо ахвочых абакрасці проста не было. Пра паліцыю гавораць з гонарам і павагай. А разняволены супрацоўнік сямейнага гатэлю ў размове са мной заўважыў, што не хацеў бы працаваць у паліцыі, бо “хабар браць забаронена і наогул там усё сур’ёзна”.

dsc_3797_logo.jpg

Ваколіцы Месціі

Падыход да прафесійнай падрыхтоўкі паліцэйскіх таксама змяніўся карэнна. Раней, каб працаваць у паліцыі, трэба было вучыцца чатыры гады. Але рэфарматары падумалі, што гэта занадта — участковаму і патрульным столькі ведаў і дыплом юрыста ў нагрузку не патрэбныя. Калі чалавек хоча працаваць у паліцыі, ён праходзіць тэставанне, падрыхтоўчыя адукацыйныя курсы на працягу 8 тыдняў, потым зноў тэставанне. Пасля гэтага паліцэйскі працуе 6 месяцаў на выпрабоўваючым тэрміне. І надалей у час кожнага руху наверх па службовай лесвіцы ён праходзіць курсы падвышэння кваліфікацыі. Хуткая падрыхтоўка кадраў дазваляе лёгка манеўраваць.

Жорсткая справядлівасць

Канешне, рэформа сістэмы МУС не выкараніла злачыннасць цалкам. У Грузіі цяпер, напрыклад, як і ў Беларусі ёсць праблема распаўсюду сінтэтычных наркотыкаў.

“Раней як ішла барацьба з распаўсюдам наркотыкаў: арыштоўваеш барыгу і ўсё. Цяпер трэба змагацца менавіта са спажываннем. Думаю, з-за гэтага многія краіны пачалі думаць пра легалізацыю марыхуаны. У параўнанні з сінтэтычнымі наркотыкамі гэта куды меншае зло”, — гаворыць Шата Уціашівілі. Паводле яго слоў, у Грузіі цэняць беларускіх праграмістаў як тэсціроўшчыкаў сістэм бяспекі. Многія арганізацыі, перш чым паставіць сістэму бяспекі, даюць беларускім хакерам яе ўзламаць, каб праверыць на трываласць. А вось супрацоўніцтва паміж сілавымі ведамствамі цяпер няма. Грузія выйшла са складу СНД і супольныя праграмы спыніліся.

У Грузіі няма карупцыі ў судах. Але суды засталіся залежнымі ад дзяржавы. На суддзяў можна націснуць, калі патрэбны нейкі вердыкт.

Новая ўлада правяла ў краіне амністыю, па якой на волю выйшлі 16 000 вязняў. Пагоршылася крымінагенная сітуацыя. Амністыя ўдарыла і па матывацыі паліцэйскіх, бо навошта лавіць злачынцаў, калі іх выпусцяць?

Крытыкуюць ў народзе і “прынцып нулявой талерантнасці”, гэта калі перад законам ўсе роўныя. Напрыклад, затрымлівалі жанчыну з кантрабандай цыгарэтаў і атрымлівала яна па поўнай, не гледзячы на маштаб.

“На першы погляд гэта падаецца жорсткім. Але за ноч такія жанчыны сумкамі перапраўляюць прыкладна фуру цыгарэт. Для маленькай эканомікі Грузіі гэта істотная страта”, — тлумачыць былы намеснік Галоўнага пракурора Грузіі Давід Сакварэлідзэ.

У насельніцтва краіны, якая 1990-я пражыла ў стане войнаў і ўзброеных канфліктаў, на руках засталося нямала зброі, што стварае дадатковыя рызыкі.

“Асноўнай прафілактыкай супраць сур’ёзных злачынстваў ёсць разуменне, што кара непазбежная” — рэзюмуе Шота Уціашівілі.

Штат вялікі, а працаваць няма каму

Ці патрэбныя рэформы Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі я пацікавілася ў чалавека, які ведае гэтае ведамства знутры — падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая КАЗЛОВА.

kazlou_logo.jpg

Мікалай Казлоў

 

“Я думаю нашу сістэму трэба мяняць кардынальна. Асабліва міліцыю па ахове грамадскай бяспекі, бо яна выйшла з прававога поля. Часта прафесіяналізм падмяняецца беспакаранасцю. Мяне ўразіла сітуацыя з украінскімі балельшчыкамі і сцягамі, калі міністр МУС гаворыць такія рэчы, што паказваюць яго ўзровень ледзь не наглядчыка 1937 года. Ёсць цэлая сфера нашага жыцця, дзе законы не выконваюцца абсалютна — гэта і суды, і пракуратура.

У нас цяпер у грамадстве і, адпаведна, у сістэме Міністэрстве ўнутраных спраў пераважае палітычная мэтазгоднасць, а не закон. Банальны злодзей мае больш шанцаў на справядлівы суд, чым законапаслухмяны чалавек, але са сваім прынцыповым меркаваннем.

Цяпер найперш трэба быць адданым сістэме, а не прафесіяналам. Чым больш ты гатовы пайсці на абарону сістэмы, тым больш у цябе шанцаў. Думаю, у крымінальнай міліцыі яшчэ засталіся нармальныя людзі, бо яны далёкія ад палітычнай кан’юнктуры. Але...

Увогуле вялікая праблема МУС Беларусі ў кадрах: штат аграмадны, але там, дзе патрэбныя людзі — аператыўныя супрацоўнікі, следчыя, участковыя — ёсць вялікі дэфіцыт персаналу. Пытанне, чым тады займаюцца дзесяткі тысяч сілавікоў?

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы MYMEDIA/DANIDA