Польская драма «Іда» названа найлепшым еўрапейскім фільмам года

У Рызе 13 снежня адбылася 27-я цырымонія ўручэння ўзнагарод Еўрапейскай кінаакадэміі.



ida1.jpg

Кадр з фільму «Іда»
Статуэтку «Фелікс» у намінацыях «Найлепшы фільм» і «Найлепшы рэжысёр» атрымаў Павел Павлікоўскі — пастаноўшчык карціны «Іда». Драма апавядае пра маладую дзяўчыну, якая рыхтуецца стаць манашкай, і яе цётку — былую суддзю ў сацыялістычнай Польшчы. Салідарныя з журы былі і гледачы — прыз глядацкіх сімпатый таксама адправіўся ў заходнюю суседку Беларусі.
Камедыяй года стала італьянская стужка «Мафія забівае толькі летам» Пьерфранческа Дыліберта.
Лепшым акцёрам 2014 быў прызнаны лаўрэат Залатой пальмавай галіны Цімаці Сполл за ролю жывапісца Уільяма Тэрнера ў аднайменным фільме Майка Лі. Сярод акторак не было роўных Марыён Коційар, якая саліравала ў сацыяльнай драме братоў Дарденн «Два дні, адна ноч».
«Фелікс» за найлепшы сцэнар атрымаў дуэт Павел Павлікоўск і Рэбека Ленкіевіч за «Іду», якая з'яўлялася лідэрам цырымоніі па колькасці намінацый. Павезлі з сабой ўзнагароду таксама аператары «Іды» Лукаш Зала і Рышард Лянчеўскі.
Міка Лівай стаў еўрапейскім кампазітарам года за музыку да фільма «Пабудзь у маёй шкуры» Джонатана Глейзера. Мантажор Джасцін Райт абышоў усіх канкурэнтаў у прафесійнай намінацыі дзякуючы паспяховай працы над стужкай «Лок» Стывена Найта, усё дзеянне якой разгортваецца ў салоне аўтамабіля.
Узнагарода ў намінацыі European Discovery, якая ўручаецца найлепшай дэбютнай карціне, дасталася ўкраінскай драме «Племя» Міраслава Слабашпіцкага. У галоўнай ролі ў фільме сыграла гамяльчанка Яна Новікава, якая ў лістападзе прадстаўляла «Племя» на Мінскім кінафестывалі «Лістапад», дзе стужка заваявала галоўны прыз.
Брытанскі кінарэжысёр, уладальнік «Оскара» за «12 гадоў рабства» Стыў МакКуін быў адзначаны акадэміяй за ўклад у развіццё кінематографа.
Еўрапейская кінаакадэмія была заснавана ў 1989 годзе. Яе прэзідэнтам з'яўляецца знакаміты нямецкі кінарэжысёр Вім Вендерс. За прэтэндэнтаў ва ўсіх намінацыях галасуюць больш 2900 членаў акадэміі. У 2013 годзе галоўны прыз выйграла стужка італьянскага рэжысёра Паола Сарренціно «Вялікая прыгажосць», якая пазней атрымала «Оскар».
open.by